Мэр Шардэйля быў сельскім настаўнікам. Яго паважалі за душэўнасць і бацькоўскі клопат. Раніцай, як толькі прыйшло паведамленне з міністэрства, што дваццатага жніўня ў маршрутным эшалоне Поўдзень – Захад разам з іншымі вяртаецца і Рэно Леймары, ён вырашыў неадкладна сам схадзіць да яго жонкі з гэтай радаснай весткай. Яна якраз працавала ў садзе. Цудоўны быў садок, у сяле самы лепшы, з кустамі духмяных чырвоных руж паабапал брамкі.
– Я добра ведаю, мадам Леймары, што вы не з тых жанчын, якіх трэба папярэджваць аб вяртанні мужа, каб абараніць ад небяспечнага сюрпрызу… Не, і, з вашага дазволу, скажу вам шчыра, што вашы паводзіны, ваша стрыманасць прыводзяць у захапленне ўсё тутэйшае насельніцтва… Нават пляткаркі, якім чужая жанчына, як парушына ў воку, і тыя не могуць прычапіцца да вас.
– Прычапіцца заўсёды можна, пане мэр, – адказала яна з усмешкай.
– Ваша праўда, мадам, ваша праўда… Але вы ім усім наступілі на язык… Не, я проста хацеў зрабіць вам прыемнасць… Служыць народу для мяне найвялікшая асалода… Я ад душы падзяляю вашу радасць і думаю, вы падрыхтуеце ўсё для ўрачыстай сустрэчы… Вядома, кожнаму цяпер цяжка, прадуктаў не хапае, але, спадзяюся, для такога выпадку…
– Слушна, вельмі слушна гаворыце, пане мэр. Я пастараюся, каб Рэно быў задаволены… Вы кажаце, дваццатага жніўня? У колькі гадзін, вы думаеце, ён будзе тут?
– Міністэрства паведамляе: «Эшалон адправяць з Парыжа ў дваццаць тры гадзіны». Такія цягнікі ходзяць павольна… Ехаць ён павінен да станцыі Тывіе і адтуль чатыры кіламетры пехатой. Тут ён будзе не раней як каля поўдня.
– О, пане мэр, за гэты час я паспею прыгатаваць яму найлепшае снеданне… Даруйце, што не запрашаю вас… Ведаю, вы не пакрыўдзіцеся… Вельмі вам удзячна, пане мэр, за ваш ласкавы і добразычлівы візіт.
– Усё насельніцтва Шардэйля вас паважае, мадам Леймары… Вы не тутэйшая, гэта праўда, але вы для нас, як родная дачка.
Дваццатага жніўня Элен Леймары паднялася чуць свет, гадзіне а шостай. Усю ноч яна не магла заснуць. Яшчэ ўчора яна прыбрала хату, вымыла шыбы, нацерла да бляску падлогу, палінялыя стужкі на аконных фіранках замяніла свежымі. Потым схадзіла да Марцыяла, мясцовага цырульніка, зрабіла завіўку і легла спаць з сеткай на галаве, каб не сапсаваць прычоскі. Яна ўважна перагледзела ўсю сваю бялізну і з любоўю выбрала шаўковую сарочку, якую ні разу не насіла за гэтыя пяць гадоў адзіноты. А якое ж надзець ёй плацце? Больш за ўсё яму калісьці падабалася плацце ў блакітныя і белыя палоскі. Яна памерала яго і са смуткам заўважыла, што яно нязграбна вісіць на яе схуднелым ад недаядання целе. Не, яна надзене чорнае плацце, якое павузіла сама, ажывіўшы каляровым каўнерыкам і поясам.
Перш чым гатаваць снеданне, яна прыпомніла ўсе яго любімыя стравы… У Францыі 1945 года жылося бедна… Шакаладны дэсерт?.. О, гэта быў бы яму ласунак… А толькі дзе яго ўзяць, шакаладу?.. Добра, што ў яе былі свае куры і ў запасе некалькі свежых яек. Ён жа заўсёды хваліў яе амлет, казаў, што смачней не бывае… Любіў ён нятлустае мяса, смажаную бульбу, але ўжо два дні, як мяснік у Шардэйлі зачыніў сваю краму… Пазаўчора яна якраз зарэзала кураня, мяса не мяса, але, калі добра падсмажыць… Ах, вось яшчэ: суседка бажылася, што ў бліжэйшым мястэчку бакалейшчык цішком з-пад прылаўка прадае шакалад. І яна вырашыла абавязкова пабываць там.
«Калі ў восем выберуся, то ў дзевяць магу вярнуцца… Падрыхтую ўсё загадзя, каб потым засталася толькі кухня».
Узрушаная, заклапочаная, яна тым не менш была ў самым вясёлым настроі. Пагода дзівосная. Здаецца, ніколі ранішняе сонца не асвятляла так ярка даліну. Спяваючы, яна пачала накрываць стол: «Абрус у чырвоныя і белыя квадрацікі… Мы на ім вячэралі ў першы дзень нашага сумеснага жыцця… Ружовыя талеркі з малюнкамі, якія так яго забаўлялі… Бутэлька шыпучага… і, галоўнае, кветкі… Ён любіў, каб на стале былі кветкі, і гаварыў, што ніхто не ўмее іх так падбіраць, як я».
Яна зрабіла букет на тры колеры: белы рамонак, пунсовы мак, васількі і некалькі сцяблінак аўса. Потым, перад дарогай, абапёршыся на веласіпед, яна доўга глядзела праз адчыненае акно ў маленькі прыбраны пакой. Так, сапраўды, усё як мае быць. Зазнаўшы столькі гора, Рэно, напэўна, будзе здзіўлены, што яго хата і яго жонка вельмі мала змяніліся… Праз акно яна бачыла сябе ў вялікім люстры. Мабыць, трошкі худаватая, але такая беленькая, маладзенькая і, адразу відаць, што закаханая… Яна адчувала сябе на сёмым небе.
«Пара! – сказала яна сабе, – трэба спяшацца… Каторая гадзіна? Божа мой, ужо дзевяць гадзін!.. Ніколі не думала, што гэта зойме столькі часу… Але мэр ведае дакладна, што эшалон прыйдзе не раней поўдня. Я спраўлюся хутка».
Хата Леймары стаяла асобна ў самым канцы сяла, і ніхто не заўважыў, як худы салдат з чорнымі бліскучымі вачамі пралез у сад. Некалькі хвілін ён азіраўся, аслеплены сонцам, ахоплены шчасцем, п'яны ад водару і хараства кветак… Слухаў, як гудуць пчолы… Потым ціха паклікаў:
– Элен!
Ніхто не адказваў. Ён паклікаў гучней:
– Элен!.. Элен!..