Читаем Навелы полностью

– Гэта можна. Я вас туды правяду.

Сярод кніг Ізабела ажывілася, павесялела і з цікавасцю разглядвала назвы:

– Але ж гэта зусім не дрэнна для каледжа… Стэндаль, Бальзак, Камю, Сент-Экзюперы, Хемінгуэй…

– Тут ёсць і Дзікенс, Томас Гардзі, Вірджынія Вульф, – з гонарам пералічвала англічанка.

– Ну вядома, – не пярэчыла Ізабела. – А што гэта за вялікі куфар… там у кутку?

– Выпадковая рэч, – сказала міс Бэрнс. – Бібліятэтчыца, мадэмуазэль Суфэль, знайшла яго на гарышчы і, каб разабрацца, папрасіла спусціць сюды, але вернецца яна толькі заўтра. Прабавіць гадзіны дзве вы тут зможаце?

– Ну, так, – прамовіла Ізабела.

– Ну, тады да пабачэння… Радыёла каля акна на століку.

Як толькі англічанка выйшла, Ізабела пацягнулася, з палёгкай уздыхнула, адшукала джазавы дыск і, уключыўшы радыёлу, прыглушыла гук. Потым падсунула крэсла да куфра і ўзялася перабіраць старыя паперы. Там былі меню, бальныя блакноты, курсавыя сшыткі, выпраўленыя сачыненні, тэатральныя праграмы (Камедзі-Франсэз – 1898 – «Прытворна хворы»). Адзін сшытак у фіялетавай скураной вокладцы, вельмі элегантны, прывабіў Ізабелу. Яна яго разгарнула. Почырк быў дробны, чысты, выразны. На першай старонцы яна прачытала: «Дзённік Эміліі Галаці. Другі Б – пачата 2 кастрычніка 1901». Мабыць, італьянка? Неабавязкова. Далей ішлі ўражанні пры паступленні: «Баюся. Прабую быць смелай, але ўсе гэтыя дзяўчаты…» Пасля апісваўся дырэктар. («Ах, вось хто тады быў дырэктарам!» – зацікавілася Ізабэла). Прозвішча яго месье Гардон. Дырэктара можна было змякчыць ласкавай усмешкай, але яго жонка мадам Гардон, уроджаная дзю Рансэрэ, мела выгляд фанабэрысты і суровы. Потым некалькі даволі забаўных характарыстык выкладчыкаў і вучаніц… і раптам тон перамяніўся. Ізабела, захопленая чытаннем, глыбей утулілася ў крэсла і пачала прагна гартаць старонкі.

Дзённік Эміліі Галаці

15 кастрычніка 1901. – Сёння раніцай месье Гардон выклікаў мяне і паведаміў, што ў маім пакоі разам са мной будзе жыць новенькая: Жызэль дэ Клярэс. Я задаволена; яна прыгожая і крыху дзікаватая. Адразу ж мы з ёю завялі размову пра музыку і паэзію. Яна любіць Шапэна і Мюсэ. Мы з ёю пагадзіліся, зразумелі адна адну. Зараз яна распакоўвае свае рэчы. Яе сям’я мае замак у Нармандыі, але фартуна ад іх адвярнулася. Замак запушчаны і прыбыткаў не дае. Яна тут вучыцца на сродкі бабкі. Я ёй растлумачыла, што школа падзяляецца на два кланы: Бунтарак, якімі кірую я, і Нечапайлаў, што лічаць сябе святымі, а на справе, як мокрыя куры, палохаюцца і плачуць. Я ў яе запытала, да якога лагера яна жадае далучыцца. «Сярод чарцей буду Д’яблам», – адказала Жызэль. Яна мне падабаецца, але трэба, паколькі размова ідзе аб ёй, хаваць ад яе дзённік. Ніякай праблемы. Чамадан мой замыкаецца на ключ.

20 кастрычніка 1901. – Гэта проста жахліва, з якой шпаркасцю ўмацоўваецца дружба. Шэсць дзён назад я нічога не ведала пра Жызэль; цяпер жа яна ўсё для мяне, так, так, больш нават чым музыка. Не я адна ёй захапляюся. Сваёй адвагай яна проста здзівіла і заваявала пашану Бунтарак. Яна стала лепшай наезніцай каледжа, чэмпіёнам веславання, пераможцам гульні ў кракет. У капліцы дала ўсім прыклад экзальтаванай набожнасці, спужала нават нашага школьнага свяшчэнніка абата Жэніваля. Але яны абое любяць Шатабрыяна. Мне забаўна іх слухаць. Рамантыкі страшэнныя! «Ах, мадэмуазэль Клярэс, – гаворыць абат, – якімі таямніцамі ахінае бліскучы маладзік старыя дубы!» Выкладчык літаратуры, якога мы празвалі Фартуніо, чырванее, калі Жызэль надта пільна паглядзіць на яго. Сёння раніцай маладзенькі паштальён, вельмі прыгожы хлопец, прынёс мне заказное пісьмо. Я з ім пакакетнічала, так толькі, для спробы. I ён паверыў, і з такой наіўнасцю. Я сказала Жызэлі: «Да чаго ж у нас улада вялікая!» А яна мне: «О так, гэта ап’яняе». Яна ўмее так фасонна варухнуць сваімі светлымі валасамі, што мяне аж зайздрасць бярэ.

25 кастрычніка. – Учора вечарам Жызэль расказвала мне інтымна пра сваю сям’ю. «Мае бацькі людзі нядрэнныя, – сказала яна, – але іх зусім не цікавіць тое, што мне цікава. Толькі і гаворкі, што пра яду, жывёлагадоўлю і палітыку. Між імі і мною сутычкі кожны дзень». На маю думку, яны даведзены амаль да галечы. Жызэль кажа, што маці збіраецца выдаць яе замуж за багатага суседа, хоць таму ўжо за сорак. Але Жызэль хутчэй зробіць самагубства, чым згодзіцца на гэта. Сёння раніцай яна мне падарыла кнігу – «Партрэт Дарыяна Грэя» – з надпісам на тытульнай старонцы: «Маёй першай, другой і адзінай».

Перейти на страницу:

Похожие книги

Новая Атлантида
Новая Атлантида

Утопия – это жанр художественной литературы, описывающий модель идеального общества. Впервые само слова «утопия» употребил английский мыслитель XV века Томас Мор. Книга, которую Вы держите в руках, содержит три величайших в истории литературы утопии.«Новая Атлантида» – утопическое произведение ученого и философа, основоположника эмпиризма Ф. Бэкона«Государства и Империи Луны» – легендарная утопия родоначальника научной фантастики, философа и ученого Савиньена Сирано де Бержерака.«История севарамбов» – первая открыто антирелигиозная утопия французского мыслителя Дени Вераса. Текст книги был настолько правдоподобен, что редактор газеты «Journal des Sçavans» в рецензии 1678 года так и не смог понять, истинное это описание или успешная мистификация.Три увлекательных путешествия в идеальный мир, три ответа на вопрос о том, как создать идеальное общество!В формате a4.pdf сохранен издательский макет.

Дени Верас , Сирано Де Бержерак , Фрэнсис Бэкон

Зарубежная классическая проза