– Мне патрэбныя тлумачэнні, бо я, шчыра сказаўшы, нічога не пабачыў такога ўжо надзвычайнага ў гэтай аб’яве, – Хлюдзінскі гаварыў спакойна, стараючыся перадаць гэты спакой свайму госцю, каб таго зноў не апанавала паніка.
Між тым у галаве ў музейшчыка міжволі мільганула думка: «Дай бог, каб гаворка ішла пра звычайную юнацкую закаханасць у старэйшую жанчыну – разумную і абаяльную. Калі я назіраю толькі трагічную гібель кахання, то гэта не так і блага – з гэтым можна справіцца. Абы толькі не штосьці горшае…»
– Кавалёва… Яна… Мы разам сустракаліся ў Грацыяна Пашкоўскага – памятаеце, я расказваў? – блытаючыся ў словах, пачаў распавядаць Андрэй. – Яна таксама хадзіла ў той гурток. Нас там было сем чалавек – разам з Пашкоўскім і ёй.
Ён шумна выдыхнуў і, гледзячы проста ў вочы Хлюдзінскаму, высокім, але цвёрдым голасам паведаміў:
– Яе забілі гэтак сама, як Пашкоўскага, – мне расказаў міліцыянер, які прынёс для набору гэтую аб’яву. І пакінулі на целе белую ружу.
Музейшчык доўгім уважлівым позіркам вывучыў твар госця, які ўжо страціў крэйдавую бель і наблізіўся да больш звыклых колераў.
– Здаецца, за ўсім гэтым хаваецца нейкая гісторыя, не ведаючы якой, я наўрад ці змагу дапамагчы нават парадай…
– Я вам раскажу тое, што ведаю, – спяшаючыся, запэўніў Андрэй. – Вы ж нікому не перакажаце, праўда? І яшчэ папрашу вас схаваць у сябе вось гэты сшытак.
Хлопец дастаў з-пад кашулі тоўсты сшытак у скураной вокладцы, які нагадваў амбарную кнігу, і паклаў на стол перад Хлюдзінскім.
– Мабыць, гэта ён і стаў прычынай гібелі і Пашкоўскага, і Кавалёвай, – дадаў Камар пасля паўзы.
З ПРАТАКОЛА АГЛЯДУ МЕСЦА ЗЛАЧЫНСТВА
На месцы злачынства было выяўленае цела жанчыны, на выгляд 35–40 гадоў, у сукенцы сіняга колеру. Жанчына ляжала ў пакоі на падлозе каля ложка ў ненатуральнай позе.
Прычынай смерці стала асфіксія: жанчыну задушылі. Пасля чаго ў яе ўваткнулі нож у раёне сэрца. Зверху зламыснік пакінуў белую ружу. На целе засталіся сляды барацьбы: сінякі на твары, драпіны на руках.
У ахвяры суседзі апазналі Ганну Кавалёву, былую настаўніцу Аршанскай жаночай настаўніцкай семінарыі. Апошнія гады жанчына вяла адасоблены, замкнёны лад жыцця, зарабляла на жыццё прыватнымі ўрокамі.
У пакоі, які займала ахвяра, невядомая асоба ўчыніла ператрус, відавочна нешта шукаючы. Кнігі і часопісы ў бязладным парадку скінутыя на падлогу, таксама на падлогу скінутыя сшыткі, якія, па словах суседзяў, належаць Кавалёвай.
Разам з тым суседзі не змаглі сказаць, ці знікла нешта каштоўнае з рэчаў ахвяры. Па іх словах, Кавалёва жыла даволі сціпла і наўрад ці мела якія-небудзь дарагія рэчы.
12 кастрычніка 1927 года
Подпіс: Старшы супрацоўнік аператыўных даручэнняў Васільчук.
Расказ Андрэя Камара. Кастрычнік, 1927
Па праўдзе сказаць, я ведаю не вельмі шмат. Можна сказаць, мала ведаю, бо я яшчэ на самай першай ступені пасвячэння…
Так, я вам крыху схлусіў, калі мінулы раз гаварыў. У нас не зусім гурток – у нас такое своеасаблівае таварыства, пра якое пабочным асобам ведаць нельга. Але што ж цяпер… Ужо двое з нашых забітыя. Баюся, хтосьці пранюхаў наш сакрэт…
Наш Ордэн Прамяністых не мае ніякіх палітычных мэт – мы толькі імкнёмся да маральнага самаўдасканалення і грамадскай карысці. У таварыстве ёсць некалькі ступеняў пасвячэння: чым болей ты ведаеш, чым болей робіш, тым больш высокая ў цябе ступень. Я мала што ведаю, у мяне – пакуль толькі першая. У нас ва ўсіх была першая ступень, акрамя Пашкоўскага – ён рыцар найвышэйшай ступені.
Веды Прамяністых захоўваюцца і перадаюцца ў легендах. Зазвычай на нашых сходах найвышэйшы рыцар Ордэна зачытваў нам адну якую-небудзь легенду, у якой падымалася пытанне маральнага выбару, а потым мы абмяркоўвалі, выказвалі свае думкі на яе конт.
Усё гэта было вельмі прыгожа і таямніча аздоблена: круглы стол, вакол якога сядзяць рыцары Ордэна, а на самім стале – толькі крыж і белая ружа.
Крыж і ружа…
Пашкоўскі казаў, што традыцыя белай ружы ідзе ад заснавальніка Ордэна ў нашых краях – Тамаша Зана. Ён жыў у мінулым стагоддзі і стварыў такое таварыства сярод студэнтаў у Вільні, але царскія сатрапы даведаліся і разграмілі іх. Студэнтаў судзілі, павысылалі ў далёкія краі, камусьці ўдалося ўцячы за мяжу…
Дык калі гэты Зан вярнуўся пасля ссылкі, то пасяліўся тут, на Аршаншчыне, і стаў аднаўляць разбіты Ордэн. Ён ужо быў спрактыкаваным і зрабіў так, каб царскія ўлады не даведаліся, што Ордэн паўстаў, як фенікс з попелу. Ад яго і вядзецца традыцыя класці на стол два сімвалы – крыж і белую ружу: крыж – гэта нашая сувязь з хрысціянскай духоўнай культурай, а белая кветка – чысціня нашых намераў.
Самі разумееце, што старая ўлада не ўхваляла грамадскую карысць, а новая – веру ў Хрыста. Вось таму нашае таварыства і працягвае існаваць таемна…
Але хтосьці, відаць, усё ж даведаўся пра наш Ордэн, таму забівае рыцараў-прамяністых, а белую ружу на целе пакідае, каб паказаць, што нашае існаванне для яго не сакрэт.