Пасля забойства Пашкоўскага мяне паклікала да сябе Кавалёва. Яна перадала мне сшытак, які я прынёс вам. Для нас гэта не проста сшытак – гэта ў нейкім сэнсе наша духоўная гісторыя: у ім запісаныя легенды Ордэна Прамяністых, прычым некаторыя з іх, як кажуць, занатаваў сваёй рукой сам заснавальнік – Тамаш Зан. Для нас гэта вельмі важны і дарагі сшытак, пагатоў што самі легенды больш анідзе не запісаныя. Страта яго была б незваротнай.
Кавалёва прасіла, каб я гэты сшытак часова схаваў, бо яна падазравала, што забойца Пашкоўскага мог даведацца, што рукапіс зберагаецца ў яе. А цяпер я баюся, каб яго не знайшлі ў мяне…
Не, там не толькі легенды – прыкладна палову сшытка займае гісторыя езуітаў у Воршы. Яе, як казаў Пашкоўскі, напісаў таксама Зан. Толькі яна па-польску.
Я па-польску чытаць не ўмею, на жаль, але ведаю, што там пра ўсе іхнія справы – і як яны свае касцёлы тут ставілі, і як інквізіцыю рабілі, на вогнішчах палілі… Не? Не яны інквізіцыю?.. Дамініканцы?! А я ж думаў…
Ну, значыць, пра інквізіцыю няма, але пра касцёлы ёсць. І пра багацці іхнія езуіцкія ёсць. Пашкоўскі казаў, што калі езуітаў цар з Расіі выгнаў, то яны перад ад’ездам закапалі тут частку сваіх скарбаў, якую не маглі забраць. Вось у гэтым рукапісе, магчыма, і ёсць падказка, дзе знайсці тыя скарбы. Толькі я па-польску не ўмею…
Вы ж да нас з Заходняй Беларусі пераехалі, так? У Вільні жылі, мабыць. Дык, можа, вы здолееце прачытаць, што там напісана? Калі мы знойдзем гэтыя скарбы раней за забойцу, то ён нам не страшны будзе.
Студзень, 2010
Кміціч сядзеў за камп’ютарам і дапісваў артыкул пра навукоўцаў, якім улады не даюць працаваць па спецыяльнасці. Дакладней, перакрываюць кар’ерны рост, не прызнаюць навуковую ступень. Вышэйшая атэстацыйная камісія можа нават пасля абароны не зацвердзіць званне кандыдата або доктара навук, асабліва калі за гэтае званне змагаецца чалавек, да ўлады не вельмі лаяльны.
Журналіст знайшоў некалькі такіх чалавек, паразмаўляў з імі, і артыкул у яго атрымліваўся не галаслоўны – падмацаваны фактамі і меркаваннямі.
Рукі Кміціча часам завісалі над камп’ютарнай клавіятурай, пасля чаго зноў раздавалася клацанне клавіш. У адрозненне ад большасці іншых журналістаў, якія набіралі свае тэксты двума пальцамі (у іх працавалі толькі ўказальныя на левай і правай руках), Павел выкарыстоўваў па два кожнай рукі. Ад праграмы, якая навучае хуткаму набору, ён адмовіўся: маўляў, тэкст жа трэба не механічна набіраць, а абдумваць, а на гэта і патрэбны той час, які застаецца пры такім не вельмі шпаркім наборы.
– Павел!
Журналіст павярнуўся – яго гукаў Сяргей Рак, калега па рэдакцыі і даўні прыяцель.
– Пайшлі папалім! – прапанаваў калега.
Павел здзівіўся: сам ён не паліў, і Сяргей пра гэта добра ведаў, таму прапанова прагучала неяк недарэчна. Але Рак хітравата падміргнуў і паўтарыў:
– Складзі кампанію, гэта ж ненадоўга.
Яны выйшлі на вуліцу і спыніліся непадалёк ад пад’езда, у якім рэдакцыя газеты здымала кватэру пад офіс. Кожны, хто мог пабачыць іх здалёк, зразумеў бы, што Кміціч у гэтай пары – недалужны інтэлігент, слабае звяно. Мацачок Рак жа, наадварот, адразу ствараў уражанне надзейнага апірышча. На такі вобраз працавала не толькі яго спартыўная фігура, але і больш агрэсіўны стыль вопраткі: нагавіцы колеру хакі, запраўленыя ў чаравікі на тоўстай падэшве.
– Не часта заўважаю, што ты паліш. Нешта здарылася? – пацікавіўся Кміціч.
У адказ прыяцель крывавата пасміхнуўся і галавой паказаў у бок суседняга дома – маўляў, зірні туды і ўсё зразумееш.
У тым баку Кміціч не пабачыў нічога цікавага: ніхто не ішоў, нічога не адбывалася. У непаразуменні ён павярнуўся да Рака.
– «БМВ» бачыш? – удакладніў той, пабачыўшы азадачаны твар Кміціча.
Журналіст яшчэ раз кінуў погляд у паказаным напрамку: сапраўды, там новымі лакавымі бакамі блішчэў аўтамабіль. Нічога дзіўнага ў ім не было: іншамаркі даўно ўжо не былі нечым надзвычайным у Беларусі. Дзівілі хутчэй старыя савецкія «аўтакарчы», якія раз-пораз вырульвалі аднекуль, і рэдкія прадукты расійскай аўтапрамысловасці. Гэты ж быў аўтамабіль як аўтамабіль, і Кміціч паціснуў плячыма.
– Новая цацка Аляшэўскага, – каротка патлумачыў Рак. – Плата за свабоду слова…
Больш тлумачэнняў журналісту не было патрэбна. Ён прыгадаў гэты цёмны вечар некалькі тыдняў таму, калі амаль уся іх невялікая рэдакцыя затрымалася ў офісе. Іх газета атрымала прэмію ўплывовай міжнароднай журналісцкай арганізацыі «За свабоду слова». Як гаварылася ў рашэнні камітэта, прэмія давалася за непахіснае адстойванне права на свабоду слова і свабоду думкі, за сцвярджэнне прыярытэту гуманізму і культурных каштоўнасцей.
Атрымліваць прэмію за мяжу адправіўся, натуральна, галоўны рэдактар, і ў гэты вечар супрацоўнікі рэдакцыі сядзелі насупраць манітора і глядзелі інтэрнэт-трансляцыю ўзнагароджання. Антон Аляшэўскі ў сваім чорным гарнітуры, белай кашулі і пры аднатонным чырвоным гальштуку выглядаў урачыста.
– Гэта я параіў чырвоны гальштук, – пахваліўся намеснік галоўнага Заблоцкі. – Вельмі добра атрымалася гэтая бел-чырвона-белая гама.