– Берг, – прадставіўся госць замест прывітання. – Андэрс Берг. Мяне прыслалі з Віцебска для ўмацавання правільнай палітычнай лініі ў мясцовым музеі. Так што будзем працаваць разам – на карысць пралетарскай рэвалюцыі.
У голасе прыбыша быў выразна чуцён акцэнт, які дырэктар музея вызначыў для сябе ці то як прыбалтыйскі, ці то як нямецкі. Словам, штосьці нянаскае.
Клацаючы падкаванымі чаравікамі, ён прайшоў усярэдзіну памяшкання міма Хлюдзінскага, які прыціснуўся да сцяны, прапускаючы свайго нечаканага калегу. Берг аддаў сваё накіраванне з сіняй чарнільнай пячаткай, агледзеўся навокал і сказаў:
– Калі можна, я сёння пераначую ў якой-небудзь бакоўцы, а ўжо заўтра-пазаўтра перабяруся ў нейкае жытло.
Агаломшаны напорам госця, музейшчык мусіў пагадзіцца, каб той застаўся ў музейным памяшканні, хоць і не лічыў тое прыдатным для начоўкі.
Спарадкаваўшы паперы на працоўным стале, Хлюдзінскі схаваў у шафу некаторыя з іх, якія датычылі фінансаў, і сышоў, пажадаўшы свайму новаму супрацоўніку добра адпачыць.
Угнуўшы галаву ў плечы і наставіўшы каўнер, ішоў Антон па вуліцы. Здалёк яго нязграбная высокая фігура нагадвала бусла, які палюе жабак на балоце. Аднак сам Хлюдзінскі наўрад ці заўважыў бы якую-небудзь жабку, нават калі б яна выскачыла ў яго проста з-пад ног: яго апанавалі думкі пра нечаканага новага супрацоўніка.
У музейшчыка не было сумневаў, што прыбыццё Берга – гэта наступствы той самай размовы ў партыйным камітэце, дзе яго папракалі ў адсталых поглядах пры стварэнні музея. Новы работнік будзе, відавочна, праводзіць нейкую «партыйную лінію», а заадно і сачыць за Хлюдзінскім: ці не скажа той чагосьці лішняга, ці не праявіць сваю варожую буржуазную сутнасць?
Божа мой, як гэта нізка і гідка!..
Ад такіх думак ён адчуў кіслы непрыемны прысмак у роце. І замест таго каб адразу ісці дадому, на бліжэйшым павароце Антон пашыбаваў у напрамку чайнай, дзе да позняга часу можна было кульнуць чарку і купіць да яе няхітры заедак.
Кастрычнік, 1927
Андрэй Камар стаяў перад галоўным рэдактарам аршанскай газеты «Камуністычны шлях» і раз-пораз шморгаў носам. Гэта была не прастуда, а нервы: тэма для размовы ў яго была сур’ёзная.
Галоўны рэдактар сядзеў, схіліўшы галаву да шырокага стала, і вычытваў чыйсьці артыкул – яшчэ не набраны ў друкарні, а напісаны ад рукі. Таму Андрэй назіраў перад сабой дзве залысіны, якія праараў час на галаве начальства. Залысінам гэтым наборшчык не дзівіўся, бо рэдактар, як ён разумеў, быў чалавек даўно не малады – гадоў трыццаць пяць, не менш.
Рэдакцыя «Камуністычнага шляху» (і, адпаведна, кабінет галоўнага рэдактара) размяшчалася ў тым жа будынку, дзе і друкарня. Аднак тут усё істотна рознілася ад шумнага цэху, у якім наборшчык складаў свінцовыя літаркі ў слупкі газетных тэкстаў. Хлопец з цікавасцю азіраўся, міжволі ацэньваючы абстаноўку. У кабінеце галоўрэда было ціха і нават па-свойму ўтульна: мяккае крэсла рэдактара, мапа краіны на сцяне, непрыкметная газоўка – для працы доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі…
Нарэшце Павел Мітрафанавіч адарваўся ад папер, якія бязладна ляжалі на яго шырокім працоўным стале, і спагадна зірнуў на візіцёра: