Наступным для Васільчука павышэннем будуць чатыры кубікі ў пятліцах. Гэта будзе, калі яго прызначаць начальнікам аператыўнага пункта АДПУ. І старшы супрацоўнік аператыўных даручэнняў спадзяваўся, што такое павышэнне не за гарамі – ён жа не з парожняй бочкі затычка!..
Але пакуль што яму належала разабрацца з двума забойствамі – Грацыяна Пашкоўскага і Ганны Кавалёвай. У тым, што абодва злачынствы трэба аб’яднаць у адно расследаванне, аніякіх сумневаў не было і не магло быць – занадта ж падобныя паміж сабой былі яны.
Асабліва бянтэжыла пакінутая на трупах белая ружа. Што магла азначаць гэтая кветка, Васільчуку пакуль было няўцям, але пра наяўнасць нейкага адмысловага, схаванага сэнсу гэтага знака ён здагадваўся. Ну, не можа ж такога быць, што злачынца проста пакінуў белую ружу на двух мерцвяках, каб проста засведчыць, што гэта ён забіў, праўда?.. Ці можа быць і такое – ружа як подпіс забойцы?
Васільчук цяжка ўздыхнуў: калі ён не раскрые гэтую справу, то нашыванне чацвёртага кубіка давядзецца адкласці на няпэўны час.
І трэба ж было так здарыцца, каб гэтыя забойствы адбыліся акурат напярэдадні дзясятай гадавіны Вялікага Кастрычніка! Калі б у іншы час, дык можна было б не так спяшацца, не рваць валасы на срацы… Але цяпер проста неабходна раскрыць гэтую справу да юбілею. А то што ж – паўсюль лаўры, літаўры, аркестры і святочныя чырвоныя сцягі, усе прыстойныя людзі выпіваюць за перамогу пралетарыяту, а ён будзе, як дурань, сядзець без прэміі, без чацвёртага кубіка і поркацца ў гэтых абрыдлых дакументах?! Дзе справядлівасць?..
З іншага боку, ахвяры – не пралетарыі, а людзі з «былых», колішнія заможныя беларучкі і класавыя ворагі. Значыць, магчыма, што іх забойца – гэта класава блізкі элемент, нават калі ён і просты крымінальнік. Ці стануць Васільчука моцна ганіць за нераскрытыя забойствы класава чужых элементаў? А калі ён, Васільчук, у адказ нагадае аб прынцыпе рэвалюцыйнай неабходнасці, аб якім у цяперашнія сытыя гады многія забываюцца?
Ёсць, ёсць чым і тут яму адказаць сваім нядобразычліўцам!
А яшчэ ж зусім нядаўна, якіх-небудзь гадоў пяць-сем таму, такія забойствы маглі б сысці амаль незаўважанымі: ці мала хто гінуў у паслярэвалюцыйнай калатнечы? Васільчук прыгадаў тыя часы як нейкую легендарную эпоху: тады на адзінкавыя забойствы не разменьваліся – мералі час і людзей навокал толькі меркай класавай неабходнасці. Калі было трэба, то высялялі буржуяў на вуліцу з іхніх кватэр або нават бралі ў закладнікі, каб без усялякіх разваг расстраляць.
Хто б тады стаў замарочвацца смерцю нейкіх двух класавых ворагаў? Тады пытанне стаяла рубам: альбо мы – альбо нас. І мы перамаглі! І надалей будзем перамагаць, бо за намі не толькі мільёны працоўнага люду – за намі гістарычная праўда!
Таму пакуль што не варта губляць надзеі і ў расследаванні справы. Знайсці б толькі, што аб’ядноўвае гэтых забітых – Пашкоўскага і Кавалёву…
Знойдзе – будзе ключ да чацвёртага кубіка! І раскрыць злачынства трэба да святочнай даты.
Студзень, 2010
Павел зняў з сябе куртку, склаў яе ў дзве столкі і паспрабаваў усесціся на цэментавую падлогу так, каб знізу не вельмі цягнула холадам. Было нязручна, і тое, што куртка была цёплая, зімовая, не вельмі ратавала сітуацыю: кожны раз, калі да дзяжурнага адчыняліся дзверы, па падлозе цягнула скразняком.
Зіма сёлета стаяла сцюдзёная: толькі на пачатку студзеня было адносна камфортна, а цяпер і ўдзень-то было ніжэй за дзесяць градусаў марозу. Увечары і ўначы станавілася яшчэ халадней.
Кміціч здагадаўся, што яго пасадзілі ў памяшканне, якое носіць абразлівую назву «малпоўнік» – вузкая клетка, з аднаго боку агароджаная толькі шчыкетнікам тоўстых сталёвых прутоў, намёртва ўмураваных у падлогу і столь. У гэтым катуху напраўду пачуваешся малпай у заапарку: усе цябе бачаць, могуць падражніць, абразіць, а ты толькі бяссільна сціскаеш кулакі.
Па той бок агароджы за канторкай сядзіць дзяжурны міліцыянт, які раз-пораз кідае на затрыманага абыякавыя погляды – кантралюе, ці не робіць той чаго-небудзь недазволенага. Розных людзей сюды прывозяць – і хатніх дэбашыраў, і вулічных хуліганаў, і проста п’яных… Сярод іншых сваіх задач дзяжурны павінен і сачыць за паводзінамі затрыманых.
На дзяжурнага Павел не злаваўся – той паслухмяна і старанна выконваў свае абавязкі, не патураючы затрыманаму, але і не здзекуючыся з яго.
Ладна, цяпер усё адно нічога зрабіць нельга, таму трэба проста супакоіцца і цвяроза прааналізаваць тое, што здарылася. Журналіст прыкрыў вочы і нечакана праваліўся ў нейкі здранцвела-бяздумны стан.
Ачомаўся ён ад слоў, якія нечакана вымавіў амаль у яго над галавой знаёмы голас:
– Вось, значыць, дзе вы апынуліся…
Па той бок клеткі стаяў Аляксей Пятровіч і, не пазіраючы на Паўла, гартаў у руках нейкія аркушыкі, часам гмыкаючы, быццам яму траплялася штосьці займальнае.
Кміціч падняўся з падлогі, цягнучы за сабой куртку, і адчуў, што цела паспела занямець у не вельмі зручнай позе. «Колькі я так прасядзеў?» – мільганула думка, але гадзінніка на руцэ не было, а мабільнік забралі пры затрыманні.