Ён ішоў па зацемненым менскім двары, каб скараціць дарогу да рэдакцыі. Пад нагамі парыпваў снег, пацвярджаючы, што мароз уначы будзе нежартоўны. Калі ад бліжэйшага дрэва раптам аддзялілася фігура, у Кміціча непрыемна засмактала дзесьці пад дыяфрагмай: такія сустрэчы ў цёмных дварах не прадказвалі нічога добрага.
– Закурыць будзе? – спыталася няясная фігура.
– Не, няма, – голас у Паўла прагучаў глуха і нечакана для яго самога – хрыпла.
– Ты каго нах…й паслаў? – з гэтым крыкам мужчына, які быў на галаву вышэйшы за журналіста, падскочыў да яго і спрактыкавана стукнуў у сківіцу. Павел згубіў раўнавагу і пахіснуўся, у гэты момант ззаду яму зрабілі падсечку – журналіст вокамгненна апынуўся на зямлі. Над ім навіслі тры чалавекі, якія некалькі разоў пнулі яго нагамі. Цёплая зімовая вопратка змякчала ўдары, але зусім уратаваць не магла. Кміціч толькі стараўся прыкрыць галаву рукамі – ад удару цяжкім зімовым абуткам шапка наўрад ці выратуе галаву.
Потым удары раптам сціхлі, і Павел рызыкнуў прыбраць рукі з галавы – фігур было ўжо не тры, а пяць. «Калі б у мяне было страсенне і ў вачах дваілася, іх было б шэсць», – мільганула ледзь улоўная думка.
– Ну, падымайцеся, грамадзянін, – сказаў спакойна адзін з прысутных. – Праедзем у аддзяленне, складзём пратакол, як вы нападалі на людзей.
Цяжка дыхаючы, Кміціч няўклюдна падняўся – да трох нападнікаў, якія збілі яго, далучыліся два міліцыянты.
– Я не нападаў, гэта яны на мяне… – пачаў тлумачыць ён.
– У аддзяленні ўсё раскажаце, – абыякава перапыніў яго той самы міліцыянт. – Вы раскажаце сваю версію, грамадзяне – сваю. Там разбяруцца.
Так Павел апынуўся ў пастарунку, дзе ягоныя словы запісалі ў пратакол, пасля чаго журналіста пасадзілі ў «малпоўнік».
Усё выглядала на падстроеную інсцэнізацыю: яго чакалі знарок, каб збіць і затрымаць. Але навошта? І яшчэ гэтае нечаканае з’яўленне Аляксея Пятровіча ў пастарунку. Ён сапраўды выратаваў Кміціча ад пятнаццаці сутак за хуліганства? Ці менавіта ён быў таемным рэжысёрам усяго гэтага дзейства, які тузаў персанажаў за нябачныя нітачкі?..
Усе гэтыя развагі пакідалі непрыемны прысмак не толькі ад збіцця і «малпоўніка», але і ад вызвалення.
– Ты там не заснуў? – раздаўся з-за дзвярэй Зосьчын голас.
Насамрэч яе клікалі Зояй, Зойкай, але дзяўчына аддавала перавагу менавіта такой форме. Павел спрабаваў тлумачыць ёй, што «Зося» – гэта скарочаная форма імя Соф’я, Сафія ці, як яго пісалі ў даўніх хроніках, Захвея. Але Зося на ўсе яго довады прывяла жалезны, неаспрэчны аргумент: «Ну і што? А мне так падабаецца».
Менавіта да Зосі Павел напрасіўся пасля таго, як Аляксей Пятровіч прывёз яго дадому: быць аднаму пасля вечаровых прыгод не хацелася. «Прыязджай», – узрадавалася дзяўчына.
Калі б Паўла папрасілі патлумачыць, якія ў іх адносіны з Зосяй, ён бы адразу не сфармуляваў.
Пазнаёміліся яны праз інтэрнэт на сайце знаёмстваў. Праўда, туды яна вывесіла размытую фотку, на якой было складана разабраць рысы твару. Павел, аднак, наважыўся на сустрэчу ў рэале: ад адной сустрэчы ён нічога не губляў, акрамя грошай на каву і кветкі – не такія ўжо і вялікія страты…
Пры сустрэчы стала ясна, што пра каву можна не шкадаваць: Зося была абаяльнай і ўсмешлівай круглатварай маладзіцай з рудымі кудзеркамі. Не худая, але Кміціч асабліва не ўлягаў за даўганогімі мадэлямі – пабойваўся, што трапіцца празмерна капрызная дзяўчына.
Кветкі на першым спатканні Зосю расчулілі: яна прызналася, што кветак ёй даўно ніхто не дарыў. Калі дзяўчына брала букет, то на пальцы цьмяна бліснуў пярсцёнак, што азадачыла Кміціча. А на яго зададзенае ў лоб пытанне яна адказала таксама шчыра: «Замужам. Але муж сядзіць».
Цалавалася Зося гэтаксама шчыра і палка, як адказвала на пытанні, – быццам баялася згубіць хаця б кроплю задавальнення.
Пазней яна распавяла Паўлу, што працуе прадавачкай у буйной сталічнай краме, мужа пасадзілі за злоснае хуліганства, але разводзіцца з ім яна не збіраецца. Праўда, і цалкам устрымлівацца ад сэксу тыя гады, што муж сядзіць за кратамі, Зося таксама не хацела, што тлумачыла медыцынскімі прычынамі: «Для жаночага здароўя гэта шкодна».
– А што такое муж зрабіў? – пацікавіўся між іншага Кміціч.
Зося падазрона зірнула на яго:
– Слухай, ты мне ў душу не лезь. У нас з табой толькі ложак, так што пакінь маё жыццё ў спакоі, добра?
Так што з Зосяй іх сапраўды звязваў найперш сэкс, да якога жанчына была вялікай ахвотніцай…
Вось і цяпер яна з гуллівым выглядам зазірнула ў прыадчыненыя дзверы:
– Спінку пацерці?
Яна зайшла, знарочыста пагойдваючы клубамі, і ласкава правяла яму рукой па спіне. Але калі Кміціч злёгку пацягнуў яе за руку да сябе, жанчына адмоўна закруціла галавой:
– У ванну не палезу – нам з табой там месца не хопіць. Але калі ты тут яшчэ не ўгрэўся…
Яе вочы блішчэлі, і з іх куточкаў быццам падміргвалі гарэзлівыя чарцяняты. Зося нагнулася да яго вуха, і нават у ванне яе шэпт абдаваў гарачынёй:
– Калі яшчэ не ўгрэўся, то я ведаю спосаб сагрэць цябе ў ложку.