– Дзякуй вялікі, што ўсе вы пагадзіліся прыйсці. Я разумею, што вам было няпроста наважыцца на гэты крок у цяперашняй абстаноўцы, і тым вышэй яго цаню… Я прасіў вас сабрацца, каб згадаць Грацыяна Пашкоўскага і Ганну Кавалёву, якія так нечакана загінулі. Вы з імі былі знаёмыя лепш за мяне, таму я не буду рабіць выгляд, што магу вам расказаць пра іх як пра людзей нешта новае, невядомае вам.
Кітаеўскі кашлянуў, і аратар зрабіў супакаяльны жэст рукой у яго бок – усё разумею, доўга зацягваць сваю прамову не буду.
– Выпадкова мне давялося сутыкнуцца з Ордэнам Прамяністых, які хацеў стварыць Пашкоўскі. Напэўна, я б ніколі не даведаўся пра яго існаванне, калі б не пачаліся гэтыя жорсткія забойствы… Пашкоўскі быў ідэаліст і летуценнік. Ён хацеў стварыць нейкі клуб, у якім абмяркоўваў бы свае думкі, свае ўяўленні пра светабудову. Гэта нешта кшталту закрытых клубаў альбо таемных таварыстваў, якія існавалі ў васямнаццатым стагоддзі – тыя ж масоны, напрыклад.
Ціша навокал сведчыла, што прысутныя слухаюць Хлюдзінскага, не прапускаючы ніводнага слова. Узбадзёраны гэтай увагай, ён працягваў:
– Для падмацавання сваіх тэорый Пашкоўскі скарыстаўся старадаўнім сшыткам філамата Тамаша Зана, аднаго з блізкіх сяброў Міцкевіча. Не ведаю, ці быў насамрэч аўтар сшытка заснавальнікам Ордэна, але Пашкоўскаму вельмі прыдаўся. Пагатоў што гэты самы Зан заснаваў як мінімум два таемныя таварыствы сярод студэнтаў Віленскага ўніверсітэта… На сваю бяду, стары кепска разбіраўся ў людзях і безаглядна верыў большасці з іх.
Нечакана лямпачка над сталом міргнула: верагодна, на электрастанцыі адбыўся перапад напружання. Вочы ўсіх прысутных адразу скіраваліся на яе, і Хлюдзінскаму давялося пакерхваннем нагадаць пра сваю прамову.
– Пашкоўскі казаў, што ў запісах Зана ёсць падказка пра закапаны скарб у былым езуіцкім кляштары. Мяркую, што ўсе вы ведалі пра гэты сшытак і што нехта вырашыў яго прысабечыць, каб знайсці згаданы скарб. Як той чалавек планаваў забраць скарб з тэрыторыі турмы, у якую цяпер перароблены езуіцкі комплекс, я не маю ніякага ўяўлення. Але думаю, што план нейкі быў – іначай навошта ўсе гэтыя забойствы ў пошуку сшытка?
– Вы распавядаеце ўсё вельмі займальна, але для чаго мы сюды запрошаныя? – перапыніў яго Ратнер.
– Нехта з вас, хто шукае сшытак, пайшоў на забойствы. Я думаў над тым, ці можа забойцам быць чалавек збоку, і вырашыў, што не, – шырокая ўсмешка Хлюдзінскага настолькі не пасавала ўсім яго ранейшым словам, што падавалася блюзнерскай. – Вашае кола не было зацікаўленае ў тым, каб пра Ордэн Прамяністых ведалі больш-менш шырока. Значыць, пабочны чалавек, які б даведаўся пра ваш гурток і пра сшытак, мог шантажыраваць Пашкоўскага або кагосьці з вас. Савецкая ўлада не прывячае такі гурткі – значыць, маем падставу для шантажу… Аднак зламыснік не абмежаваўся бяскроўным шантажом, а пайшоў на забойства. Верагодна, таму што шантаж пагражаў яму самому не менш, чым Пашкоўскаму. Так я зразумеў, што забойца – у самім Ордэне.
Хлюдзінскі спыніў сваю прамову. У пакоі панавала такая цішыня, што было чуваць, як на вуліцы два п’яныя галасы ўразнабой спрабуюць спяваць «Ад панядзелка да панядзелка дробны дождж ідзе». Атрымлівалася ў іх не вельмі добра: мелодыя згубілася зусім, а ў словах можна было разабраць не ўсе літары.
– Я хачу аддаць гэтаму чалавеку сшытак Зана, – сказаў гаспадар пакоя такім спакойным тонам, быццам абмяркоўваў з прысутнымі меню ў рэстаране, а не вінаваціў аднаго з іх у жорсткіх забойствах.
– П-проста аддасце сшытак? – у голасе Кітаеўскага прагучаў недавер.
– Так, проста аддам, – пацвердзіў музейшчык. – Я лічу, што ніякае золата, ніякія скарбы не вартыя таго, каб за захаванне іх таямніцы гінулі людзі. Вось у гэтай тэчцы і ляжыць ваш сшытак з усімі сваімі скарбамі…
Хлюдзінскі раскрыў тэчку, і вачам прысутных адкрыўся тоўсты стары сшытак у скураной вокладцы.