– Мне была пастаўленая задача кантраляваць кватэру Васіля Луста, – забубніў наведнік манатонным голасам, які так пасаваў ягонаму невыразнаму твару. Прамова яго таксама нагадвала шэрую пратакольную старонку. – Я дзяжурыў на пляцоўцы на адзін паверх вышэй, чым размяшчаецца названая кватэра. Сёння ўвечары туды наведаўся малады чалавек з рудым колерам валасоў, у якім я апазнаў Андрэя Камара, які праходзіць падазраваным па нашай справе.
Чалавек памацаў рукой сценкі шклянкі, замоўк і асцярожна пацягнуў у сябе гарбату, пасля чаго працягнуў:
– У адпаведнасці з інструкцыямі я пайшоў следам за азначаным Андрэем Камаром. Складанасцей не было, бо ён не падазраваў, што за ім сочаць. Перш-наперш ён наведаў кватэру таварыша Ратнера.
– Гэта дакладна была кватэра Ратнера? – перапыніў яго Васільчук. – Вы пераканаліся?
– Я падымаўся за ім следам і заўважыў, на якім паверсе ён званіў у дзверы. Калі ён зайшоў у кватэру, я падняўся яшчэ на паверх і з вышэйшай лесвічнай пляцоўкі прасачыў, з якіх дзвярэй ён выйшаў. Гэта дакладна была кватэра таварыша Ратнера, – упэўнена прагаварыў чалавек з зашмальцаванай фізіяноміяй. – Потым ён наведаў дом адваката Кітаеўскага, а пасля іх пайшоў па тым адрасе, які ў нас па гэтай справе не праходзіць.
– Да каго? Удалося даведацца? – жыва зацікавіўся Васільчук.
Наведнік не спяшаўся адказваць і зрабіў яшчэ адзін глыток гарбаты, быццам горла ў яго перасыхала ад непрывычна доўгай размовы. Насамрэч ён хацеў атрымаць асалоду ад гэтага моманту свайго трыумфу: ён ужо ведаў тое, чаго так прагнуў даведацца ягоны начальнік.
– Так, я акуратна распытаў суседзяў. Там пражывае нейкі Хлюдзінскі, працуе ў гарадскім музеі, – нарэшце прагаварыў ён, і твар яго нібы разгладзіўся і асвятліўся знутры. – Жыве адзін, кампаніі да яго не ходзяць, толькі зрэдку забягае вышэйназваны Андрэй Камар.
– Вы-дат-на! – адчаканіў Васільчук, зноў сарваўшыся з месца. – Пастаўце таварышаў, каб сачылі за ўсімі перамяшчэннямі гэтых асоб. Мне здаецца, штосьці ў іх рыхтуецца, штосьці яны задумваюць. А, таварыш?
Хаця старшы супрацоўнік аператыўных даручэнняў і задаў пытанне, адказу на яго ён, відавочна, не чакаў і працягваў узрушана хадзіць сюды-туды па кабінеце.
– Мы тут, безумоўна, маем нейкую контррэвалюцыйную групу. Мэты яе пакуль што няясныя, але трэба памятаць, што вораг не дрэмле. Не выключана, што ў гэтай групе пачаліся ўнутраныя сваркі. За што яны могуць спрачацца? За лідарства?.. Не выключана! Але ў гэтым мы разбяромся пазней. Цяпер перад намі стаіць задача абясшкодзіць ворага, правільна? Набліжаецца гадавіна нашай Кастрычніцкай Рэвалюцыі, і ворагі хочуць скарыстацца гэтай нагодай, каб нашкодзіць нам – я менавіта так разумею тое, што цяпер яны актывізаваліся і сталі штосьці задумваць. Іначай навошта гэты пасланец бегаў да іх усіх? Трэба сачыць, а потым – р-р-раз! І ўсіх адным махам! – Васільчук сціснуў кулак і памахаў ім у паветры, нібыта ўзняў адной рукой у паветра ўсю варожую кодлу.
Пабачыўшы, што наведнік ужо дапівае гарбату, ён па-гаспадарску кінуў:
– Ну што ж, таварыш, дзякую за службу! Аднак працы ў нас яшчэ шмат, рана нам складаць зброю.
Наведнік падскочыў і прагаварыў сваім шэрхлым невыразным голасам:
– Служу працоўнаму народу!
– Мы ўсе служым працоўнаму народу, – пагадзіўся Васільчук. – Кожны на сваім месцы. Так што арганізуйце сачэнне за варожымі элементамі і падрыхтуйце мне матэрыялы на гэтага новенькага – як яго? Так, Хлюдзінскага… Здаецца, у нейкай справе ён праходзіў ужо. Прынамсі, прозвішча мне знаёмае.
Кастрычнік, 1927
Сіратлівая лямпачка асвятляла пакой Хлюдзінскага, напоўнены людзьмі. Ніколі ў яго не было столькі гасцей, таму музейшчык паклапаціўся пазычыць у суседзяў крэслы.
Сам Антон стаяў каля стала і аглядаў тых, хто прыняў запрашэнне, перададзенае юным наборшчыкам. Прыйшлі ўсе. Прынамсі, усе, хто яшчэ заставаўся ў жывых з таго таямнічага Ордэна Прамяністых, які спрабаваў стварыць Грацыян Пашкоўскі.
Праз стол на яго насцярожана глядзеў Давід Ратнер. Ён трымаў за руку Станіславу Верацінскую, якая сядзела побач. Аднак было сумнеўна, што жанчыне быў дужа моцна патрэбны гэты знак падтрымкі – яна глядзела на гаспадара пакоя з непрыхаваным адчуваннем уласнай вышэйшасці. Мяркуючы па ўсім, яна не бачыла неабходнасці хаваць пагарду, якую адчувала цяпер.
Адвакат Кітаеўскі сядаць не захацеў:
– Спадзяюся, вашая п-прамова б-будзе нядоўгай, таму я не п-паспею стаміцца.
Ён прыхінуўся да сценкі і засунуў рукі ў кішэні паліто, якое нават не падумаў зняць пасля прыходу.
Наўзбоч ад усіх на невысокім услончыку (крэслаў усё ж такі было малавата) сядзеў Андрэй Камар, і яго цікаўны позірк пералятаў з аднаго твару на іншы.
Хлюдзінскі паклаў на стол перад сабой тэчку. Звычайную канцылярскую тэчку з матузкамі. Накрыўшы яе далонню, ён пачаў: