Допыты для спрактыкаванага адваката не былі чымсьці новым і надзвычайным. Але ўсё тое, што адбывалася пасля забойства Пашкоўскага і Кавалёвай, страшэнна нервавала Кітаеўскага: у гэтай справе ён праходзіў не як бок абароны, а як адзін з падазраваных. Следчы Васільчук гэтага не гаварыў і выклікаў яго як сведку, аднак пытанні, якія ён задаваў, не пакідалі сумневаў: усіх, хто быў звязаны з гуртком Пашкоўскага, падазраюць.
– Пра што размаўлялі падчас гэтых сустрэч у Пашкоўскага? – запытаўся следчы.
– Ды пра рознае, хіба ўсё згадаеш? – паспрабаваў ухіліцца адвакат.
– Контррэвалюцыйныя размовы вяліся? Царскі лад хвалілі?
– Што вы! Бог з вамі! – замахаў рукамі Кітаеўскі.
– Бога няма, – холадна перапыніў яго Васільчук. – Дык што гаварылі пра дарэвалюцыйны час?
– Вы ж ведаеце, што Пашкоўскі сам пацярпеў ад царызму. Сядзеў, быў вымушаны эміграваць, – адвакат адказваў асцярожна. – Царскі лад ён не хваліў, але пра дарэвалюцыйныя часы згадваў.
– Што менавіта?
– Дзяліўся ўспамінамі пра сваё рэвалюцыйнае мінулае. Расказваў пра эміграцыю.
– У яго засталіся сувязі за мяжой?
– Не ведаю, – Кітаеўскі выглядаў разгубленым, такога пытання ён не чакаў. – Мы чыталі і абмяркоўвалі кнігі, ён дзяліўся з намі ўспамінамі пра сваіх знаёмых – пераважна па Францыі. Ведаеце, казаў нават, што ездзіў у Італію да Максіма Горкага, нашага пралетарскага пісьменніка.
Следчы нешта пазначыў сабе ў нататніку і зноў запытальна паглядзеў у вочы суразмоўцу:
– У нас ёсць звесткі, што Пашкоўскі ўсхваляў цемрашальскія сярэднявечныя парадкі і заклікаў вярнуць рыцараў.
– Ды што вы! – адвакат нервова рассмяяўся. – Пасля Сервантэса гаварыць пра рыцараў сур’ёзна ўжо немагчыма.
– Пасля каго? – Васільчук выглядаў азадачаным. Яго рука завісла над нататнікам, рыхтуючыся занесці туды чарговае імя. Гучала яно падазрона, на замежны манер.
– «Дон Кіхот», – патлумачыў Кітаеўскі. – Ёсць такі іспанскі раман, ён напісаны некалькі стагоддзяў таму. Яго аўтар – Сервантэс. Можна сказаць, што раман падвёў канчатковую рысу пад усялякімі спробамі ажывіць рыцарства хаця б у літаратуры…
Пасля допыту Кітаеўскі пайшоў бадзяцца па вуліцах. Яму было неабходна прааналізаваць гэтую размову, а няспешная хада неяк нармавала плынь думак.
Лістота з дрэваў амаль уся ўжо зляцела, і толькі некаторыя ўпартыя лісткі яшчэ працягвалі ўчэпіста трымацца за галлё. Магчыма, яны спадзяваліся дажыць не толькі да замаразкаў, але і перачакаць зіму на звыклым месцы. Назло ўсім пранізлівым вятрам, якія прагнулі скінуць гэтыя лісткі ўніз, на гразкую пасля дажджоў глебу.
Яны трымаліся за сваё жыццё з усяе моцы, і Кітаеўскі бачыў у іх штосьці роднаснае. Ён гэтак жа сама спрабаваў выжыць, чапляючыся за што толькі мог…
Адвакат быў задаволены сабой. Ніякага кампрамату на сябе ён не нагаварыў, адказваў следству так, як яны дамовіліся з Ратнерам… Нават падкінуў гэтаму следчаму дадатковай працы – адсачыць, што звязвала Пашкоўскага з Горкім і (ха-ха!) Сэрвантэсам.
Кітаеўскі ішоў задуменна, нічога не бачачы перад сабой. Ногі самі вялі яго па знаёмых гарадскіх вуліцах.
– Падайце ў імя Хрыста, – раптам раздаўся сіплаваты голас аднекуль знізу, ад зямлі.
Вырваны са сваіх роздумаў, адвакат агледзеўся. Ён стаяў на вуліцы Мінскай – лічы, у самым цэнтры горада. Апусціўшы вочы долу, пабачыў каля сваіх наваксаваных чаравікаў старца з колавай лірай. Жабрак уладкаваўся на цагляным выступе дома, бы на зручным зэдліку, і ўмольна паглядаў на добра апранутага мінака.
Кітаеўскі сунуў руку ў кішэню, выцягнуў адтуль партманет і, дастаўшы пару дробных манетак, падаў старцу.
– Дапамагай вам Бог, грамадзянін харошы, – ліслівасці ў голасе старца не было, адна толькі ўдзячнасць.
Калі адвакат пакрочыў далей па вуліцы ў бок Дняпра, услед яму пранізліва загучала ліра, а сіплы старэчы голас стаў выводзіць пад яе акампанемент:
– Ой, косю мой, косю,
Чаму ж ты нявесел?
Чаму ж ты, мой косю,
Галованьку звесіў?
Кастрычнік, 1927
Падкаваныя абцасы гулка білі ў падмерзлую ўжо зямлю – бух, бух, бух! Сэрца бегуна таксама ўсхвалявана калацілася, і было няясна, што аддаецца ў вушах – тахканне або стукат ног у зямлю.
Андрэй дзівіўся, што на яго, такога шумнага, не рэагуюць нават сабакі на падворках. Яму здавалася, што шуму ад яго болей, чым ад якога-небудзь паравоза, які з гучным гудком, увесь ахутаны парай, адыходзіць ад чыгуначнай станцыі, з ляскатам цягнучы за сабой вагоны.
Аднак насамрэч газетны наборшчык бег не настолькі шумна, каб кагосьці абудзіць у гэтую кастрычніцкую ноч. Ворша спала, бачачы ўжо далёка не першы сон. Сямейныя спалі, абняўшы сваіх жонак. Халастыя таксама абдымалі – хоць і не сваіх, а часам і не жонак. Бачылі сны ўладальнікі чайных і іх абслуга. Начнога вартаўніка на бровары «Спартак» змарыла ці то стома, ці то піва, якое ён цішком пацягваў з цэха. Было ўжо настолькі позна, што спалі нават налётчыкі – а што, хіба яны не людзі? Заставалася зусім нядоўга да першых пеўняў.