Сустрэчы ў Пашкоўскага ён не лічыў нечым контррэвалюцыйным, бо ніякай крытыкі ўлады там не вялося і вучэнне Маркса-Леніна не аспрэчвалася. За Бога Пашкоўскі таксама не агітаваў. А што ў прыпавесцях ягоных усё гучалі рыцары, ды замкі, ды яшчэ ўсялякае такое… Дык і таварыша Дзяржынскага называюць рыцарам рэвалюцыі! Няма ў гэтым слове адсталага цемрашальства.
– Андрэй, што ты нарабіў! – вырваў яго з задуменнасці голас карэктара. – Ты сёння спіш, ці што? Столькі памылак наляпаў…
Перад вачыма хлопца з’явіліся газетныя гранкі, спярэшчаныя праўкамі.
Наборшчык пачырванеў як бурак і ўзяўся выпраўляць памылкі.
Травень, 2010
Кміціч прачнуўся, але вочы адкрываць не спяшаўся – кунежыўся пад тонкай клятчастай коўдрай, дабіраў апошнія імгненні дрымоты. Навокал панаваў лагодны спакой, у якім рэдкае птушынае ціўканне ці далёкі сабачы брэх былі неабходнымі кампанентамі, бо падкрэслівалі цішыню.
Толькі адно не пасавала гэтаму ціхамірнаму настрою – аднекуль даносілася пісклявае парыпванне. Гэты гук дысанансам шкрабаў па вушах Паўлу, праганяючы рэшткі сну.
Нарэшце Кміціч прачнуўся канчаткова і зразумеў, адкуль ідзе парыпванне: у крыніцы гуку больш не было ніякіх сумневаў – суседзі зверху яўна зранку займаліся сэксам, і ложак пад імі рытмічна парыпваў.
«Ну, хоць у кагосьці раніца не змарнаваная», – з іроніяй і лёгкай зайздрасцю падумаў журналіст. Сам ён у гэтую ноч спаў адзін, дый увогуле сэксу ў яго не было ўжо некалькі тыдняў. Кміціч нават пачаў думаць, што хутка пачне разумець сэксуальных маньякаў ці тых камсамольцаў 1920-х гадоў, якія пісалі: «Кожны камсамолец можа і павінен задавальняць свае палавыя памкненні. Кожная камсамолка абавязаная ісці яму насустрач, іначай яна мяшчанка».
Вясёлыя былі часы!
Працягваючы іранічна хмыкаць над сабой і сваімі асацыяцыямі, Павел закінуў на патэльню пару курыных кумпячкоў, прысыпаных праванскімі зёлкамі, а на суседнюю фаерку паставіў варыцца рыс. Сняданак у яго будзе просты, без выкрунтасаў, але ўежны – ці варта патрабаваць ад сняданку большага?
Пакуль на пліце ўсё варылася, смажылася і сквірчэла, журналіст зірнуў на гадзіннік і вырашыў, што тэлефанаваць ужо можна – не рана. Ён набраў нумар на мабільніку, але ніхто яму не адказаў. Павел адклаў тэлефон, перавярнуў кумпячкі, каб не падгарэлі, і зноў набраў нумар.
– Алё, – незадаволена азваўся сонны голас.
– Андрэй, я пабудзіў? Прабач, я думаў, што ты падняўся ўжо, – у голасе Кміціча не гучала ні кроплі раскаяння за тое, што ён пабудзіў свайго суразмоўцу. – Хацеў даведацца, што там з маім кампом удалося зрабіць.
Напярэдадні журналіст звярнуўся да знаёмага праграміста, каб той паглядзеў, ці няма ў ягоным камп’ютары якіх-небудзь шпіёнскіх праграм. Цяпер яму нецярплівілася даведацца вынікі гэтай праверкі.
– Заязджай, забярэш сваё «жалеза». Знайшоў я твайго шпіёна, – усё яшчэ глухавата і сонна адказаў Андрэй. – Хітры ён, сука! Сядзеў моўчкі і толькі перакідваў усю інфу з твайго кампа кудысьці… Ты з інтэрнэту не цягай так безаглядна абы-што – на пошту можа і траян, напрыклад, прыскакаць! Ды антывіруснік нармалёвы загрузі.
– Ды я, здаецца, не цягаю, – Кміціч пачуўся няёмка ад таго, што яго вінавацяць у камп’ютарнай неадукаванасці. – А даўно ў мяне гэты шпіён сядзіць?
– Пару месяцаў, з сакавіка прыкладна.
«Так і ёсць», – падумаў Павел, прыгадаўшы, як атрымаў на пошту відэафайл ад svetik85. І было гэта акурат у сакавіку…
Адключыўшыся ад размовы з праграмістам, Кміціч набраў толькі адно слова «Дзякую» і адправіў яго эсэмэскай на нумар Аляксея Пятровіча.
Праз пяць хвілін яго мабільнік піскнуў – прыйшла эсэмэска ад кадэбіста: толькі назва кавярні ў Верхнім горадзе і час.
Кастрычнік, 1927
Шэры кастрычніцкі дзень незаўважна пераходзіў у прыцемкі, калі Казімір Кітаеўскі вярнуўся дадому.
Перад гэтым яго выклікалі на допыт у «органы» – так цяпер называлі колішнюю ЧК.