– Дык чым ты ў такой сітуацыі адрозніваешся ад быдла? – запытаўся афіцэр.
Дарэмна ён ужыў гэтае параўнанне – салдат рэзка ўскінуў вінтоўку і амаль ва ўпор стрэліў. А потым дадаў сваім ленаватым тонам:
– У чалавека, вашбродзь, вінтоўка ёсць. А быдла без яе сядзіць, і чалавек можа яго застрэліць…
Тады лёс злітаваўся з Васіля: з лагера ён выйшаў жывым і непакалечаным, але цвёрда зразумеў, што больш у падобныя ўмовы трапляць не хоча. Каб пазбегнуць такой долі, ён абзавёўся рэвальверам «бульдог».
Зброя гэтая мела кароткую рулю і для больш-менш далёкай стральбы была зусім непрыдатная. Але ў кішэні «бульдог» займаў мала месца і для блізкага бою быў нават вельмі неблагім. Нездарма менавіта гэты рэвальвер атрымаў у ХІХ стагоддзі мянушку «зброя тэрарыстаў», а германскі ўрад сваім часам нават забараніў увозіць «бульдогі» ў краіну, як і іншую зброю з кароткай руляй. Зрэшты, гэта не вельмі дапамагло: вытворцы сталі выпускаць «бульдогі» з доўгай руляй, каб абысці забарону на ўвоз. Вось толькі мушка прыцэла была зроблена на сярэдзіне рулі, таму падкараціць было зусім не складана…
Са зброяй Васіль адчуваў сябе больш спакойна.
Нават у свабоду, якую нясе нэп, Луст да канца не паверыў і працягваў цягаць рэвальвер з сабой – хто сам сябе сцеражэ, таго і Бог беражэ. І рэвальвер яму прыдаўся, хаця і не супраць чэкістаў. Неяк восеньскім вечарам у бязлюдным завулку насустрач Васілю выйшлі два грувасткія цені. Адзін з іх прабасіў, памахваючы рукой, у якой бліскала ў месяцовым святле лязо:
– Гані грошы і гадзіннік, фраер.
Другі дадаў высокім фальцэтам, амаль пісклява:
– І боты сцягвай.
Луст разгубіўся і нават палез у кішэню паліто, каб аддаць партманет, але нечакана для сябе намацаў рэвальвер. Ён стрэліў, не дастаючы рукі з кішэні, – хутчэй інстынктыўна, са страху, чым ад цвярозай развагі. Аднак наступствы былі для Васіля нечаканыя: рабаўнікі разам развярнуліся і кінуліся наўцёкі, глуха бухаючы падэшвамі па гліністай дарожцы.
Аднак мужчына разумеў: тое, што дапамагло ад рабаўнікоў, наўрад ці гэтак жа паспяхова абароніць яго ад чэкістаў – тыя прыйдуць не ўдвух, за імі будзе стаяць уся моц дзяржавы. Ці можа адзін чалавек супрацьстаяць цэлай дзяржаве і выйграць? Адказ, на жаль, відавочны…
Пасля гібелі Пашкоўскага Васіль адчуў, што «бульдог» яму спатрэбіцца вельмі хутка. Дзяржава літаральна дыхала яму ў патыліцу, гарачае дыханне ваўкарэзаў у скураных куртках амаль апякала яму карак. І калі па горадзе пачаў бегаць гэты юнак… як яго? Камар! Калі ён пачаў гойсаць па ўсіх знаёмых Пашкоўскага, Луст імгненна зненавідзеў яго: накліча на ўсіх бяду, бесталач!
Ён высачыў хлопца ў горадзе і прыгразіў яму. Але ўсё адно ў глыбіні душы трывожна ныла: гэта ўжо не дапаможа, усе яны трапілі пад увагу чэкістаў, і застаецца толькі чакаць, пакуль тыя прыйдуць.
Чакаць арышту было нязносна.
Луст перастаў хадзіць на працу і амаль не пакідаў свой пакой. З «бульдогам» ён і пагатоў не расставаўся: са зброяй ён не толькі еў і спаў, але і хадзіў па патрэбе. Смерць у сарціры – гэта гучала абразліва. Але Васіль быў перакананы, што такая смерць лепш, чым жыццё ва ўмовах, якія нагадваюць той самы сарцір.
Лёс злітаваўся над ім і не даў яму ганебна-смешнай смерці: чужыя кулакі ў дзверы Луста ўладна забарабанілі ўначы. Чыйсьці голас запатрабаваў адчыніць.
У гэты момант Васіль адчуў палёгку: тое, чаго ён чакаў усе гэтыя гады, нарэшце збылося. Цішыня і спакой агарнулі ягоную душу.
Луст дастаў «бульдог» і зрабіў свой апошні стрэл.
Кастрычнік, 1927
Нават сам не заўважыў Андрэй Камар, як трапіў у цэнтр такіх галавакружных і загадкавых падзей, што пра іх хоць Нату Пінкертону расказвай, хоць Шэрлаку Холмсу – абодвум будзе над чым паразважаць.
Ён, звычайны газетны наборшчык, марыў аб прыгодах і вельмі перажываў, што рэвалюцыя і вайна з белымі адбыліся тады, як ён быў яшчэ занадта малы. Як жа марыў ён ляцець у наступ у імклівых шэрагах Першай коннай пад камандаваннем таварыша Будзёнага! Альбо, прымкнуўшы штык, ісці па кранштацкім лёдзе супраць мяцежнікаў-эсэраў, якія пагражалі самому сэрцу Рэвалюцыі…
Але нічога страшнага – наперадзе камунізм, а не хрэн сабачы, так што цікавае жыццё толькі пачынаецца! Хто б, напрыклад, мог прадбачыць, што сходы ў Пашкоўскага скончацца такімі трывожнымі падзеямі? Размаўлялі пры сустрэчах пра тое, якім стане чалавек будучыні, якія рысы трэба ў сабе выхоўваць, каб гэтую светлую будучыню наблізіць… Ну, чыталі прыпавесці – пра рыцараў, падарожжы ў далёкія сусветы.
Але ж паміж гэтымі мірнымі сходамі пад знакам белай ружы і крывавымі забойствамі, якімі ўсё завяршылася, – велізарная адлегласць, сапраўдная бездань!
Андрэй любіў рэвалюцыю і савецкую ўладу ўсёй душой. Па-першае, іншай улады ён і не помніў. А па-другое, менавіта гэтая ўлада паабяцала яму светлае камуністычнае жыццё ў будучыні.