Читаем Паланэз Агінскага [Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002] полностью

Жылі, жылі, жылі - і дажыліся...Ішлі, ішлі, ішлі - і вось прыйшлі...Так колісь казачнікі пачыналі,I добра ім, не горка ім было,Бо зналі: казка ёсць не больш чым казка,Знарок прыдуманая небыліца,Каб супакоіць і суцешыць тых,Каму гаротна і няўтульна ў свеце,Каб усяліць у душы іх надзею,Што можна ўсё-такі і дачакаццаШчаслівай, радаснай развязкі лёсу,Як дзед і баба ці мужык і жонка:Жылі, жылі, чакалі й прычакалі,Або як тыя тры браты-малойцы:Ішлі, ішлі й нрыйшлі да хаткі ў лесе...Так, добра баяць бахарам былоУ той далёкі час міфалагічны.А як сягоння ў наш вучоны векСказаць: жылі, жылі - і дажыліся?Сказаць: ішлі, ішлі — і вось прыйшлі?Куды і з чым прыйшлі? Дзеля чагоЖылі, жылі? I што ж на дажыванні?..У незалежнай, суверэннай, вольнай,У нашай роднай, любай Беларусі,Што разам з іншымі тры чвэрці векуРаўняла крок на сонечнае заўтра, -Пасля вялікіх перамог працоўныхІ гістарычных заваёў народа, -Настаў вялікага жабрацтва час.I як калісь пасля вайны апошняй,Ізноў на гора наша і нястачуСпагадным сэрцам адгукнуўся ЗахадI, нібы пагарэльцам, нам, ахвярамЧарнобыльскай аварыі жахлівай,Пачаў дарункі ўсякія дарыць –Адзетак, вобуй, лекі, харч дзіцячы...Нярэдка - друк не раз пісаў пра гэта –І рызманы, і транты-неданоскіЗ нявыветраным духам нафталіну.(А што ж вы, братцы-жабракі, хацелі?Каб шубы новыя з пясца ці з норкіМы вам прывозілі? Ага, чакайце!)Ізноў, мінулае было забыўшы,На схіле веку і тысячагоддзяАбрабаваныя нядоляй людзі,Сваёй краіны негаспадары,На падарункі квапяцца чужыяI да начальства з крыўдаю прыходзяць,Чаму нячэсна дзеляцца дары.«Чаму маім не дасталіся дзецямПрывезеныя з-за граніцы транты,I той абутак, і прысмакі тыя?Ці радыяцыя маіх не труціць?Ці мо яны зусім жыцця не варты?..»I плача маці, а пры ёй дзяўчынаГадоў трынаццаці, таксама, бачу,Не сутрымаецца, вось-вось заплача,Худзенькая, з сінечай пад вачыма,Нездаравячая па ўсіх прыкметах.На ёй сукенка з міткалю ў гарошак,А на нагах - стаптаныя танкеткі,I тыя завялікія ёй трошкі,Хутчэй за ўсё, як гэта ў нас адвекуБыло зазвычай, - матчыны даноскі...I да таго мне блізкім і знаёмымЗдалося штосьці ў вобліку падлетка,Што, дзеі і этай выпадковы сведка,Я памяццю сваёй у сорак сёмымУ роднай вёсцы апынуўся раптам.Прымружыў вейкі і на міг убачыўДзяўчынку, гэткага ж якраз узросту,З такой жа марай у вачах дзіцячых:Замест дашчэнту зношаных анорак,Ужо ў рамонце быўшых неаднойчы,Узбуць на ногі цуда-чаравічкі –Свае, уласныя! I выйсці ў іхУпершьшю на людзі, - хай глядзяцьI дзівяцца... I нават хай зайздросцяць,Што ў іх няма такіх... Той успамінАзваўся болем у мяне ў грудзях,I я адчуў, што мушу, што павіненБалючай згадкай падзяліцца з некім.Вось і бяруся расказаць сюжэтПра туфлі-лодачкі, хоць слаба веру,Што старамодную маю манеруАпавядаць ты выцерпіш, чытач,I па радках не пусцішся наўскач.* * *У тым далёкім паваенным годзеЯны сям'ісцы нашай дасталісяЗ амерыканскіх рэчаў, што прывезліУ чатырох мяшках у нашу вёскуI растлумачылі, што гэта намЯкаясь «юнраўская» дапамога.Па спіску, складзеным у сельсавеце,Адзетак і абутак з тых мяшкоў(Усё ўжо ношанае — больш ці менш)Размеркавалі самым бедным сем'ям:Асірацелым за вайну, бяздомнымI мнагадзетным... Што каму прыпала:Каму сукенка, ці каптан, ці джэмпер,Каму жылет, ці плашчык, ці пантофлі,Каму гамашы, ці халат, ці хустка...Нам, можа быць, з увагі, што ў сям'іАж тры дзяўчыны, — лодачкі далі.Ах, тыя цуда-лодачкі з-за мора!Такіх ніколі я не бачыў зроду.Такіх у нашай Слабадзе не мелаАні адна красуня-прыгажуня,Такіх не толькі ў радавых «каўхозніц»,А і ў настаўніц нашых не было.Фігурныя, але мадэлі строгай,Без засцежак, без банцікаў, без строчак,З абцасікамі, выгнутымі пекна,З люстрана-чорнай натуральнай скуры,Знутры - усцеленыя гладкай сцелькай,З падэшаўкамі, слізкімі, як шкло...Ну, адным словам, лодачкі - на славу,А як на тым пасляваенным нашымСуцэльным гумава-кірзовым фоне -Дык і багацце не абы-якое!Старэйшай з трох маіх сястрыцаў ЛінеПрыйшліся лодачкі не па назе –Не ўздзела нават. Бедная студэнткаАжно заплакала ад шкадавання,Ад крыўды на несправядлівы лёс.Ды тут ужо нічым не дапаможаш:Памеру іх не павялічыш сілайI на другія ў краме не заменіш.Адно і застаецца, што паплакаць.Затое гэту акалічнасць, помню,Без засмучэння ўспрыняла Ідзея –Сярэдняя з дзяўчат у нашай хаце.Не раз, не два я апынаўся сведкам,Як, улучыўшы час, калі нікогаЗ усёй сям'іскі дома не было,Яна вымала лодачкі са сховуI прымярала на сваю нагу.Было дванаццаць ёй, калі яна,Не па гадах цыбаценькі падлетак,Іх першы раз абула і з вялікім,Непераможным трапятаннем сэрцаГлядзела-любавалася спярша,Як ёй пасуюць, як сядзяць яны,Ці завялікія нашмат, а потымПрайшлася асцярожна па масніцахI нават не стрывала - о жанчына! —На момант закружылася шчасліваУ нейкім вольным танцы, узмахнуўшы,Як птушка крыллем, тонкімі рукамі.Не разумеючы, на жаль, таго,Што адбываецца ў душы дзяўчынкі,Я пакрывіўся кісла і сказаў:- Зламі, зламі абцасікі! От будзешАд мамы мець! Кладзі хутчэй на месца.Яны зусім табе не падыходзяць...Сястра гарэзліва, бы мне наўперак,Ізноў крутнулася, з прытупам нават,Але зняла і, ў куфар кладучы іх,З вясёлым выклікам дала адказ:- Нічога! Сёлета яшчэ мне трохіВелікаватыя, але налета...Убачыш — будуць самы-самы раз!- I ты абуеш іх і па гразішчы,Па нашым бруку ў школу пабяжыш, -Падкалупнуў я з посмехам сястрыцу.- Ага, знайшоў дурную! Па гразішчыЯ іх у торбе панясу да школы,I то — па святах толькі, для канцэрта.А там... - Аж вочы сплюшчыла яна,Як уявіла той шчаслівы момант, -А там абую і па сцэну выйду -Дэкламаваць і пець, і ўсе пабачаць,I ўсе пабачаць... лодачкі мае!..* * *Праз год, налета... Бедная сястрыца!I ў страшным сне ёй не магло прысніцца,Што тая сонечная думка-мараПра лодачкі, што дастануцца ёй,Ураз, імгненна лясне і пагасне.I праз каго! Праз брата. Праз мяне.Хоць быў я толькі ўскосна вінаваты,Бо не выходзіў з ініцыятывайI лёсу лодачак не вырашаў, -А ўсё ж, а ўсё ж! Калі б не я, калі бНе ўзнікла вострым-вострае пытанне,У чым паеду ў Мінск я на вучобу, -Пра лодачкі не ўспомнілі б, бадай.Яны ляжалі б там, дзе і ляжалі,У запаветным для сястрыцы схове,Пакуль не стануць ёй зусім якраз...Але сказала нейк увечар мама,Галодны гурт уцешыўшы заціркай,Хутчэй прысіўленаю, чым бялёнай, -Сказала мне і для мяне, сам-насам,Ніхто з дзяцей не чуў яе разваг:- Не знаю, сын, за што табе купіцьХоць трохі людскія штаны якія,Каб не смяяліся з цябе студэнты.Нічога болей не магу прыдумаць,Як з тымі лодачкамі развітацца.Вязі, прадай у Мінску на базарыI там за выручку купі штаны...Бязбожны, чэрствы, подлы эгаіст!Свой пераследуючы інтарэс,Я з пагатоўнай радасцю згадзіўсяУранку ж заўтра ехаць на базар,I не падумаў, і не ўспомніў нават,Што павязу не лодачкі на продаж,А мару, мару - ды якую мару! –Маёй сястрыцы!.. Божа літасцівы!Паўвека ўжо, як я цябе прашу:Даруй мне грэх мой і ўратуй душу!І да апошніх дзён свайго жыцця,Успомніўшы сястрыцу, што даўно ўжоНа родных могліцах слабодскіх спіць,Я кожны раз аб гэтым жа прасіць,Маліць Цябе не перастану, Божа.Назаўтра раненька, з усходам сонца,У чыстую анучку загарнуўшы,Паклала мама лодачкі ў старыАбшэрпаны партфель, з якім калісьціПа службе ездзіў у райцэнтр бацька.Дала з сабой мне праснака акраец,Два яйкі, звараныя укрутую,Два агуркі з грады і шчопаць солі.Тады ад нас дабрацца ў стольны МінскАдзін быў спосаб: пешшу да Лагойска,А там, каля піўной сярод мястэчка,Прасіся ў шофера грузавіка,Каб ён узяў цябе... А ён і возьме.Але спытае перш: «А грошы маеш?»«Ага», - адкажаш ты. «Гані трыццатку –I марш у кузаў!» — кіне той з пагардай.Вось тут ты маху не павінен даць.Вядома, такса - трыццаць, і для ўсіх,Але ты будзеш ёлупень апошні,Калі не зможаш збіць хоць на пяцёрку,А той й на дзве... Па-першае, ты ўсё жЯшчэ, лічы, падлетак, па-другое,Без багажу, без кошыкаў і вёдзер,Паўнюткіх ягадамі ці грыбамі,А раз улегцы - мусіць скідка быць.Па халадку па ранішнім, бязважкімВясёлым крокам, з радасным настроем,За дзве гадзіны я ў Лагойск прыджгаў.Каля піўной стаяў адным-адзіны,Нагружаны амаль да неба сенам,Магутны тупаморды «студэбекер».Наўзбоч, ля вёдзер і кашоў з дабром,Жанчыны тоўпіліся ладным гуртамI з зайздрасцю глядзелі на кабіну,Дзе ўжо сядзела, з хлапчуком пры боку,Шчасліўка - з іх жа, мабыць, грамады.«Калі вось гэтак - па адной, па дзве,Дык да мяне чарга няскора дойдзе, -Прыкінуў я, засмучаны знянацку. –Так і паўдня тут можна пратырчаць...А што, калі... - Я зноў і зноў агледзеўБухматы воз, як сцірта, здаравенны, -А што, калі наверх я папрашуся?Там - парубень і ўпоперак вяроўкі,Трымацца ёсць за што. Па цэнтру лягу,Дзе ўціснута, дык і не бачны буду...»Тым часам з забягайлаўкі-піўнушкіВярнуўся шофер - малады мужчынаЗ вясёлымі, смяшлівымі вачмі.I гэта падняло мае надзеі.- Мне надта ў горад трэба тэрмінова,Дазвольце мне туды, наверх, залезці,Я заплачу... - Наверх? - здзівіўся той. –А не зляціш, як страсяне дзе-небудзь?- Не, не зляту. Я за вяроўку будуУ дзве рукі трымацца... Падвязіце!- Арол! Ну што ж, залазь. Адсюль, з кабіны.Але запомні: я цябе не бачыў.Ты ўпотай сам забраўся. Зразумеў?- Ага, - кіўнуў. I выняў два чырвонцы. -Вось грошы... - Грошы мне твае не трэба.Пакінь сабе іх — як узнагародуЗа смеласць і адвагу... Эйш, арол!«Арол» між тым зусім арлом не чуўся,Бо ўся была ў выбоінах дарога,І так раз-пораз гоцала машына,Што падкідала і мяне наверсе,I я мацней сціскаў вяроўку ў пальцах,Не выпускаючы й партфель бясцэнны,Каб ад мяне не ўцёк неспадзявана.Бо выпушчу - і ўсё! Пішы прапала:Адгэтуль крыку шофер не пачуе,I не пастукаеш яму ў кабіну,Каб запыніўся... Аблізнешся толькі –I без партфеля, значыць, без штаноў,Як пёс пабіты, прыпаўзеш дамоў.Таму — аж гучна выдыхнуў нарэшце,I сэрца зноў вярнулася на месца,Калі пры ўездзе ў горад «студэбекер»Зацішыў ход і стаў. Ну, вось цяперМагу сказаць, што мне пашанцавала:Я ў Мінск прыехаў задарма! Ура!А за «дарожныя», што не растраціў,Куплю ў кнігарні кнігу, а то й дзве.У бедны той пасляваенны час,Галодна-прагны на харчы для духу,Без кніг дамоў я з Мінска не вяртаўся.* * *У сорак сёмым летам стольны Мінск,Датла спажараны і зруйнаваны,Яшчэ жахаў пустэчай папялішчаўI зданямі сляпых муроў разбітых.Пад Ляхаўкай, дзе Свіслач робіць выгіб,У той луцэ на поплаве прырэчным,Дзе да вайны быў слынны іпадром,У сорак сёмым быў базар-таўкучка, -Універсальны, пра які казалі,Што толькі бацьку з маткай там не купіш.Туды я і прыйшоў - прадаць-купіць.Прадаўшы лодачкі, купіць штаны.Народу - процьма, хоць і будні дзень.Чаго, і праўда, тут не прадаецца -На тлумным скопішчы людскіх турбот!Я ў думках паўтарыў наказ-параду,Што на дарогу мне сказала мама:«Спярша нрайдзіся, пацікаўся, колькіЗа туфлі-лодачкі другія просяць,Прыгледзься, ці такія, як і нашы,Ці лепшыя, ці горшыя, а потым -Вымай, паказвай і кажы цану.На менш, чым трыста, не згаджайся, сынку.Ну і пільнуйся ж, каб не ашукалі,Там, знаеш, колькі ўсякага жулля...»I вось хаджу. Нібы - як пакупнікГляджу і служаю. Цікава - страшна!Ай, як умеюць свой тавар хваліць!Якою складнай, вострай мовай сыплюць!А як таргуюцца! Як не ўступаюцьАні пяцёркі! Сварацца ажно!Тэатр, дый годзе! Цэлы б дзень, здаецца,Глядзеў і слухаў паядынкі-сцэнкі!..«Генеральская папаха!Генеральская папаха!Налятай, каму нядорага!Ды і ўступім для каторага!»«Чаравікі! Чаравікі!»«Колькі?» - «Трыста просім!Забіраеш?» - «Кошт вялікі!»«Што ты круціш носам?Ты бяры й не сумішвайся!Дома дзякуй скажаш.Будзеш біць - адно трымайся!I ў труну ў іх ляжаш!»«Бурнос па дзяшоўцы!Бурнос па дзяшоўцы!Купляй,чалавеча!Бурнос — заглядзенне!I сам будзеш цёгаць,І баба адзене!..»«Дзядзька, скінь хаця б пяцёрку!»«Мо табе аддаць дарма?»«Ён жа, глянь, зусім пацёрты!»«Ты пацёртая сама!»«Колькі просіш, мадам?»«За «бумагу» аддам».«Хіба разам з табой –Тады, можа, й куплю!»«Калі разам са мной –Палавіну ўступлю!..»«Што, падабаецца табеТальяначка? Бяры!З ёй і ў асінавай журбеНе будзеш знаць бяды!»«Узяў бы, братачка, яе,Узяў і не гадаў,Калі б і рукі ты сваеМне заадно аддаў».«Ну харасо! Ну харасо!Сто дваццаць концаных - і фсо!I то, мадам, сугуба вам!Бо візу, ві із тых, мадам,Хто панімае, сто к цаму.Дык вам - і лыотную цану!..»Прайшоўшы наўкруга і перасекшыБазарны пляц упоперак крыж-накрыж,Спыніўся я і выдыхнуў: «Ну, фсо!Пара і мне свой торг распачынаць».I я дастаў з партфеля цуд заморскі -Карцінкі-лодачкі: мадэлі строгай,Без засцежак, без банцікаў, без строчак,З абцасікамі, выгнутымі пекна,З падэшаўкамі, гладкімі, як шкло...Ні ў кога тут падобных я не бачыўI блізка нават! А таму цануЯ адпаведна вартасці назначыў:Паўтысячы - і ні рубля ніжэй!Мой «цуд» заўважылі, жанкі, вядома,I пачалі спыняцца, браць у рукі,Круціць, глядзець дасведчана і ўважна,Але, пачуўшы, колькі я прашу -«Ого! - ускрыквалі. - Ну й заламаў!»I, таргавацца нават не пачаўшы,Прэч адыходзілі або казалі:«За трыста - хочаш, дык давай вазьму».I я, напэўна, з пачуцця пратэстуСупроць такой насмешкі і абразы,Успыхваў раптам, траціў сарамлівасцьІ ўсё смялей ім сыпаў у адказ:«Вы паглядзіце толькі! Гэта ж цуд!Такіх не знойдзеце ва ўсёй краіне!Абуеш - і саперніцы капут!Як тому гаду Гітлеру ў Берліне!»Заўважыў: ацанілі мой нязвыклыПрэтэнцыёзны хваласнеў тавару.«Ты бач яго! Як складна прымаўляе!I ведае, чым падкупіць жанчын...»Нагхнёны, пэўна, я і сапраўдыЗрабіў бы лодачкам сваім рэкламу,Каб быў і змест у ёй, і склад, і лад.Але патрэба ў тым адпала раптам.Перада мной спынілася дзяўчына,Мая равесніца, а можа, наватI маладзейшая крыху, - дзяўчынаТакой чароўнай, дзіўнай прыгажосці,Што я на момант там аслупянеў.«Прьшцэса! Тая, што ў кіно замежнымНядаўна бачыў. Чыстая прынцэса!..»З адкрытым, па-дзіцячы мілым тварам,З блакітна-васільковымі вачыма,З прыпухлымі пунцовымі губамі,З даўгой і тоўстай ільняной касой,У белай кофтачцы з бурштыннай брошкай,У цёмна-шэрай клёшавай спадпічцы,Як заварожаная, нейкі мігЯна на лодачкі мае глядзела,Затым, назад галоўку павярнуўшы,Гукнула: - Мама! Мама, йдзі сюды!..На кліч «прынцэсы» падышла жанчына –Мажная целам, у квяцістым плацці,Са скураною сумкай у руках. –Глянь, мама, лодачкі, якраз такія,Як я хачу, - і колер, і фасон... –Сказала, гледзячы жанчыне ў твар,Чароўнае, нябеснае стварэнне.А я... а я з яе не зводзіў воч,Забыўшыся, чаго я тут і хто я,I адчуваў, як чырванею ўвесь,Як залівае твар гарачай хваляй.- Ну пакажы, - спакойна, не адразу,Нейк па-начальніцку сказала маці.I я падаў ёй лодачкі - абедзве.Адну, з вялікім нецярпеннем, тут жаДачка схапіла - разглядае, ставіцьНа даланю, і пальчыкамі гладзіць,I зіркае на маці раз за разамТакім шчаслівым позіркам, што яАдчуў у сэрцы дзіўнае жаданне,Каб іменна яна, яна, янаКупіла лодачкі мае! I наватІмгненна вырашыў: дзеля яе –Цану спушчу, не буду таргавацца...- Падыдуць, бачу зразу, што падыдуць, -Пераканаўча, горача, напорнаЯна гаворыць імпазантнай маці,Каб тая не ўсумнілася, крый бог!..- Ды пачакай ты! Мы яшчэ не знаем,За колькі хоча ён прадаць іх, можа,У нас і грошай гэтакіх няма...Я не адразу зразумеў, што просяць,Каб я назваў цану, - мая ўся ўвага,I думкі ўсе, і чуйнасць, і свядомасцьБылі забраны казачнай «прынцэсай»:Як сам не свой я чуўся перад ёй.- Дык колькі ж, хлопец, хочаш ты за іх? –Перапытала голасна жанчына.I я - куды дзяваўся мой імпэт –Адкашляўся і, каўтануўшы сліну:Чатырыста, - ледзь выдавіў з сябе.Што-што? Напэўна, ты жартуеш, хлопец!Зрэагавала насмехам жанчына. -Табе ніхто за іх не дасць і трыста.Але пра гэта рана гаварыць,Спярша прымерыць трэба, ці надыдуць.Хадзем на ўзбочча, дзе няма народу, -I, згоды не чакаючы маёй,Пайшла паперадзе, за ёй - «прынцэса»,А за «прынцэсай» - я, усхваляваны,Разгублены - да роспачы амаль.«Дык як жа гэта? Не дадуць і трыста?Мне ж прапаноўвалі... Але такой бяды! -I тут жа ўслед пераляцела думкаНа іншае: «Каб толькі падышлі!Каб толькі ёй у самы раз былі!..»Ей, што ішла перада мной спаважна,У белай кофтачцы, у клёш-спадніцы,Такая зграбненькая ўся ў пастаці,Такая тоненькая ў паясніцы,З такой прыгожай русаю галоўкайНа роўнай тонкай шыйцы пад касой!..«Адкуль яна? Хутчэй за ўсё, мінчанка.І не з галетных. Не з такіх, як я.Цікава, як яе завуць? Напэўна,Не па-вясковаму, не Верка, Волька,А нейк, а нейк... Каб толькі падышлі!Каб толькі ёй у самы раз былі!..»- Вось тут і будзем прымяраць, - сказала,Спыніўшыся на гладка ўбітай сцежцы,Жанчына. - Дай-ка ж, хлопец, іх сюды!I я падаў іх - лодачкі з-за мора,З люстрана чорнай натуральнай скуры,Без засцежак, без банцікаў, без сгрочак,З абцасікамі, выгнутымі пекна,З падэшаўкамі, слізкімі, як шкло...- Скідай сандалікі, дачка, і мерай!Я падтрымаю пад руку цябе...Амаль не дыхаючы, я сачыў,Як узбувае лодачкі «прынцэса» -Без прыкладання сілы, асцярожнаУздзела правую спярша і цупкаСтупіла ножкай на зямлю - і вось –Ушчэнт шчаслівая глядзіць на маці.Ну што? Нідзе не цісне? - Як уліта!Бяры другую... Левая таксамаБез намагання ўздзелася. «Прынцэса»Ізноў шчасліва глянула на маціI паўтарыла ўзнёсла: - Як уліта!- Прайдзіся трохі!I яна зрабілаТры крокі ўперад і назад... I тут...I тут, адно цяпер заўважыў я,Адно цяпер, калі яна прайшлася, -Якія стройныя ў дзяўчыны ногі!I не таму, што ў лодачках былі,А ўвогуле... Ад Бога... Ад прыроды...Якой прыгожай, дасканалай формы!У светла-бронзавым загары летнім,Чысцюткія, без драпінак, яныНе проста так убачыліся мне,А ўсхвалявалі нейкай таямніцай,Што для мяне дасюль не існавала.Ну так, дагэтуль я сваіх равесніцЦаніў адно па тварыках, - глядзеўНа вочкі - каб свяціліся, як зоркі,На шчочкі - каб успыхвалі ружова,На носік - каб не вытыркаўся лішне,На зубкі, каб - як белыя каралькі,А перш за ўсё, бадай, на іх усмешкі...Але на ногі?! Не! I не таму,Што не было на што глядзець, што ў кожнайЯны былі да сінізны худыя,Парэпаныя ад вады і ветру,Абшэрпаныя, сколатыя ржоннем,Сухім бадыллем і калючым хмызам,Скусаныя сляннямі... А таму,Што не прыйшла яшчэ мая параГлядзець на ногі... Ну і вось, нарэшце,Яна прыйшла. Упершыню ў жыцціЯ ўбачыў прыгажосць не зрокам воч,А зрокам сэрца, што, па маладосці,Яшчэ зусім сляпенькае былоI не паспела хоць бы раз затахкацьТым неўтаймоўным тахканнем, якоеСпыняецца адно ад замірання, -Вось як цяпер, у гэтую хвіліну,У гэты міг... О, што ж гэта яна?Нібы на сцэне, на якім аглядзе,Яна стаяла момант перад намі -Перада мной і маці, хоць глядзелаАдно на маці, на мяне ні разуНе павяла і вокам, - быццам яТут ні пры чым быў, выпадковы сведка,Ці ўвогуле тут не было мяне.«Ну бачыш? Бачыш?» - аж крычала ўсяЯе шчаслівая наскрозь істота.I раптам... Каб упэўніцца самой,Як адмыслова лодачкі глядзяцца,Яна крыху схілілася наперадI падцягнула - хай не замінаеШырокім клёшам - шэрую спаднічкуУгору, - не нашмат вышэй каленак,А ўсё ж вышэй... I мне перахапілаДыханне... Ад неснадзяванкі яДадолу вочы апусціў, няйначайРашыў зірнуць на шкрэбалы свае,У латках спрэс, папрышываных дратвай...Жанчына ўсё заўважыла, напэўна,I зразумела ўсё - дый хіба цяжкаБыло заўважыць ёй і зразумець,Што робіцца з няшчасным небаракам,Якое хмелле на яго найшло?- Здымай! - сказала, як прысуд, жанчына,Так, нібы ўсё ўжо вырашана ёю,I ўсё ўжо зразумела: будзем браць.Чуць павярнуўшыся ка мне, спытала:- Ну што? Ты хочаш, каб яна ў тэатрУ гэтых лодачках хадзіла, га?I я, наіўны, смешны, як хлапчук,Кіўнуў на згоду і сказаў: - Хачу...Як быццам з гэтай казачнай «прынцэсай»Пад ручку буду я ў тэатр хадзіць...Жанчына не стрымалася, відаць,I спасміхнулася сабе паблажнаЗ дзіцячай прастадушнасці маёй.I, не марудзячы, палезла ў сумку.«Па грошы... Ну вядома!.. Будзе браць.А колькі? Колькі?» - роспачна ў грудзяхЗакалацілася імгненна сэрца.«А колькі дасць?.. Яно сабе!.. Абы...Абы ўзяла! Абы вось ёй... вось ёй!..»Я палымнею ўвесь і адчуваю,Што калі зараз мне жанчына скажаАддаць дарма іх - і дарма аддам!Таму гляджу, няшчасны, не туды,Куды павінен - не на тыя пальцы,Што дастаюць чырвонцы, а на тыя,Што далікатна лодачкі здымаюцьI ўжо трымаюць іх, нібы свае,I ўжо назад мне іх не аддаюць...- Дык вось, - пачуў я голас, як прысуд,Якім страшэнна буду пакараны,Які мае шчаслівыя пакутыІмгненна ператворыць у нішто, -Канешне ж, гэтулькі яны не вартыI гэтулькі табе ніхто не дасць,Хоць цэлы дзень тут стой. А я - даю.Тры сотні роўна. Чуеш? А чаму?Адно таму, што ты сумленны хлопец.Ты зразумеў? - зірнула ў вочы мне.I я ізноў наіўна, па-дзіцячы,Ёй у адказ ківаю: - Зразумеў!..- Трымай! Яшчэ раз пералічым разам!..I ў рукі мне, купюра за купюрай,Адлічаная сума перайшла...Я не паклаў іх зразу ж у кішэнь,Я іх трымаў у пальцах і, напэўна,Меў выгляд, быццам усумніўся раптамI зараз закрычу, што перадумаў,I гэтых грошай не вазьму... Але –Раззяпілася на ўсю зяпу сумкаI праглынула лодачкі мае, -Карцінкі-лодачкі, заморскі цуд,Без засцежак, без банцікаў, без строчак,З люстрана-чорнай натуральнай скуры,З абцасікамі, выгнутымі пекна,З падэшаўкамі, слізкімі, як шкло...- Бывай здароў! - сказала мне жанчына,Нібы даўно знаёмаму — звычайнаI як зусім даросламу - сур'ёзна.Да пабачэння! - хораша і шчыраСказала ўслед шчаслівая «прынцэса»I паглядзела ў твар мне - першы разЗа ўвесь наш торг без торгу... У адказ:Да пабачэння! - я кіўнуў чупрынайІ паўтарыў мацней: - Да пабачэння!..I аж пакуль яны ў гурме людзейЗ вачэй не зніклі, я стаяў на месцыІ сам сабе шаптаў: «Да пабачэння!..Да пабачэння!..»Вось і ўсё, бадай.Праз паўгадзіны, там жа, на базары,Купіў за выручку сабе штаныI там жа ў нейкага дзядка сівогаДаволі танна - «Кннгу песен» Гейнэ,Цудоўны, рэдкі антыкварыят!..* * *Дадому я вярнуўся адвячоркам.Пашанцавала сесці на машыну,Што ехала якраз ажно да Гайны.Усю дарогу на грузавічкуЯ думаў толькі пра адно - пра тое,Што здарылася на базары ў Мінску, -Пра неспадзеўнае маё спатканнеЗ чароўна гожай, казачнай «прынцэсай».Заплюшчыўшы павекі, зноў і зноўПерабіраў я ў памяці гарачайАмаль што кожны момант, кожны мігЯе прысутнасці на гэным торгу,На той прымерцы, асабліва ж частаУспамінаў, як глянула янаМне ў вочы, кажучы «да пабачэння».Да пабачэння - значыць: да сустрэчы.Дык мо і праўда пашчаслівіць мнеСпаткацца з ёй? Я ж буду жыць у Мінску,Хадзіць па вуліцах, трамваем ездзіць,Ды і ў тэатр зрэд часу заглядаць...Калі сустрэнемся дзе-небудзь раптам,Абавязкова ёй скажу: «А помпіш,Як лодачкі купляла на базары?Не пазнаеш? То ж я іх вам прадаў!..»Я быў амаль упэўнены: спаткаю!Не можа быць, каб не спаткаў аднойчы!Хоць і вялікі горад Мінск, а ўсё-ткіНадзеі ёсць - я ж буду там штодня!Гара з гарой не сходзяцца, а людзіАбавязкова сходзяцца!.. Я веру,Я веру, веру - сыдземся і мы!..З такімі думкамі, з такім настроем —Узнёсла радасным і акрылёным —Зайшоў я ў хату. I адчуў адразу,Па тым, як стрымана мяне сустрэлі,Што тым часове здарылася штось.Я расказаў і маме і малым,Як па базары лодачкі насіў я,Як не хацеў ніхто мне больш, чым трыста,Даваць за іх, і як таму, нарэшце,За гэту суму я іх і прадаў.I паказаў штаны - сваю пакупку,Надзеў іх нават тут жа, каб запэўніць,Што я і ў гэтым не зрабіў праліку.I выбар ухвалілі мой... Але,Але ажно мне пачало рабіццаТрывожна ўжо, - так, гледзячы на мамуI на малых, адчуў, што нешта стала,Што нешта тояць ад мяне, і заразПачую штось. I я не памыліўся.Нарэшце мама, уздыхнуўшы цяжка,Сказала: - Што ж, прадаў дык і прадаў,А каб прывёз назад, каб не купілі,Дык мо і лепей бы яшчэ было.А то вунь цэлы дзень у пуні плачаI ўсё крычыць: нашто ён іх павёз?..Не знаю ўжо, якой ёй рады даць.Схадзі, мо ты як-небудзь угаворыш...Тут і малыя ўзрушана, з трывогайI спачуваннем да сваёй сястрыцы,Загаманілі ўсе наперабой.- Яна нічога цэлы дзень не ела!- Ні снедаць не пайшла і ні абедаць...А мама так сварылася, хацелаЯе набіць... I плакала таксама. –І ўсе мы плакалі, і ўсё казалі:От каб даў Бог ён там іх не прадаў!I каб назад прывёз! А ты прадаў...- Ну досыць, досыць! Сціхніце вы ўжо! –Прыкрыкнула на іх нязлосна мама.Я глянуў на яе - і занямеў:Яна далоншо вочы выцірае!..I так шкада мне стала ўсіх адразу:I маму, і сястрыцу, і малечу,А можа, нават і сябе самога,Што радасць мне мая - ужо не ў радасць,Як бы я страціў права на яе...Пайшоў у пуню. Меншыя, канешне ж,Хацелі сведкамі пры гэтым быць,Але пачулі мой сярдзіты голас:А вы чаго? Абыдзецца без вас! –I зачыніў вароты за сабою.У пуні, у кутку, на свежым сене,Засланым шэрай посцілкай-рызаўкай,Сядзела сплаканая ўшчэнт сястрыца.Адкінуўшыся да сцяны спіною,Глядзела ў шчыліну ў шчыце, адкульЛілося звечарэлае ўжо сонца.Убачыўшы, што гэта я зайшоў,Не ў твар мне, а на рукі паглядзела,Як быццам спадзявалася, што ў іхЯ паратунак ёй прынёс ад смерці...Але былі пустымі рукі брата!..Я не паспеў загаварыць і толькіПрысеў на ўскраек посцілкі насупраць,Як, не ўздымаючы вачэй, сястрыцаСпытала роспачна: - Ты іх прадаў?Я памаўчаў і адказаў: - Прадаў...- Ты злодзей! Злодзей! - закрычала раптамЯна і ўся затрэслася ад плачу.- Ты ўкраў іх у мяне! Ты ўкраў! Ты злодзей!Сыдзі з вачэй маіх! Сыдзі з вачэй!..Закрыўшы твар далонькамі худымі,Знясілена схіліла галавуI безуцешна ўсхліпвала глыбока,Усё радзей, што праўда, і цішэй.Так даўшы выплакацца ёй яшчэ раз,Я ўлучыў момант і спытаў знянацку:- А ведаеш, каму я іх прадаў?I дзіва дзіўнае: яна імгненнаАдкрыла твар і ўскінула паглядКрыху прыпухлых, мокрых воч: - Каму?- Каму?.. Спачатку пакляніся словам,Што ты нікому гэтага не скажаш.- Клянуся чэсным піянерскім словам! –Сур'ёзна, чынна выпаліла тут жа,Як перад строем, бедная сястрыца.- Прадаў адной дзяўчыне, ды такой...Такой прыгожай - проста як прынцэса!Каб толькі ты пабачыла яе!У белай-белай кофтачцы шаўковай,У цёмна-шэрай клёшавай спадніцы,А вочы - сінія, як васількі,А на спіне каса — як чысты кужаль,А як уздзела лодачкі на ногі,Як іх абула і прайшлася ў іх...- А колькі ёй гадоў? — ад нецярпенняАж перабіла мой расказ сястрыца.Дык як і мне, відаць. А можа, наватI менш на год. - А як яе завуць?- Не знаю. Матка з ёй была, дык дзе ж яПытацца буду! - А адкуль яна?- Не знаю. З Мінска, пэўна. Ну канешне!..Хвіліну цэлую сястра маўчала,А потым: - А яны ёй падышлі?- У самы раз, сказала. Як уліта!Сястра ізноў замоўкла. Нейкі часСядзела ціха і без дай патрэбыКруціла пальцам «кольцы» па рызаўцы.Пасля ўсміхнулася нейк сарамліваI, як дарослая, мне заявіла:- Цяпер я знаю ўсё: ты закахаўся!..- Не гавары пустое! - узлаванаЗрэагаваў я на яе заяву.- Не бойся, я нікому не скажу, -Па-змоўшчыцку міргнула мне сястрыца.- Але, але... а як яе ты знойдзеш?Ні як завуць, ні дзе жыве, не знаеш...- Знайду! Не бойся! Мінск, хоць і вялікі,Але ж я буду там аж тры гадыI хоць дзе-небудзь там яе спаткаю- А ты штаны сабе купіў? - спытала,Успомніўшы пра клопат мой, сястра.- Купіў! Хадзем, пабачыш.- Пачакай...А ростам ці высокая яна?- Высокая! Амаль як я. - Ого!Дык добра! Я нізюлек не люблю.А гэта - добра... А калі не знойдзеш? –Перапытала зноў яна з трывогай.- Знайду, сказаў жа! Ну хадзем, хадзем!- Чакай!.. А мне ты скажаш, калі знойдзеш?- Скажу. - І пазнаёміш нас? - А як жа!- Ой, як я рада! - Ну хадзем! Хадзем!- Чакай... Скажы, а я, - і ледзь не шэптамСпытала: - Я таксама калі небудзь?..- Што - калі-небудзь? - не адразу ўцяміў,Аб чым яна. Пачырванеўшы страшна,Яшчэ цішэй сястрыца прашаптала:- Мяне таксама нехта... пакахае?- А як ты думала! Абавязкова!Дый не такі, як твой нягеглы брат,А самы лепшы, самы найпрыгожшыУ цэлым краі хлопец!.. Дык хадзем!Яна мільгом саскочыла з рызаўкіI, паглядзеўшы ў вочы мне, сказала:- Я не злуюся ўжо, такой бяды!Адно каб толькі ты спаткаўся з ёю...* * *Паўста гадоў прайшло ад той пары.Сястрыцы мілай, у якой калісьціЯ гэтак жорстка радасць адабраў,Ужо даўно няма: адгараваўшы,Адмучыўшыся, рана, страшна ранаПайшла ад нас... А я - яшчэ цягнуПамалу-поціху свой воз нялёгкі,Нагружаны грахамі, мабыць, так жа,Як той магутны «студэбекер» сенам,Што ў сорак сёмым вёз у Мінск мяне –З маёю першай перад ёй віною...I чым бліжэй мне да спаткання з ёй,Тым балючэй, гарчэй я ўспамінаюТой летні дзень, не раз пракляты мной,Калі цішком, употай ад сястры,Прадаў я лодачкі - яе надзею,Яе, падораную лёсам, мару...I хоць яна яшчэ тады ж мой грэхМне даравала, як у час расстанняI ўсе астатнія мае правіны, -Усё ж няма, няма спакою мне,I я, не знаю сам чаму, алеХачу сказаць усім мужчынам краю,Якога б сёння ўзросту хто ні быў:Не прадавайце сестрыной надзеі,Ні даччыной, ні матчынай, браты!Не прадавайце! Як бы хітра д'ябалНі падбіваў вас на ганебны торг.Не прадавайце! Каб пасля аднойчыНе давялося горка шкадаваць,Кусаць сябе за локаць і ў прыпадкуБяссілля - біцца галавой аб мур.1997-1998
Перейти на страницу:

Все книги серии Бібліятэчка часопіса «Куфэрак Віленшчыны»

Похожие книги

Золотая цепь
Золотая цепь

Корделия Карстэйрс – Сумеречный Охотник, она с детства сражается с демонами. Когда ее отца обвиняют в ужасном преступлении, Корделия и ее брат отправляются в Лондон в надежде предотвратить катастрофу, которая грозит их семье. Вскоре Корделия встречает Джеймса и Люси Эрондейл и вместе с ними погружается в мир сверкающих бальных залов, тайных свиданий, знакомится с вампирами и колдунами. И скрывает свои чувства к Джеймсу. Однако новая жизнь Корделии рушится, когда происходит серия чудовищных нападений демонов на Лондон. Эти монстры не похожи на тех, с которыми Сумеречные Охотники боролись раньше – их не пугает дневной свет, и кажется, что их невозможно убить. Лондон закрывают на карантин…

Александр Степанович Грин , Ваан Сукиасович Терьян , Кассандра Клэр

Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы / Поэзия / Русская классическая проза