Не назавеш... Віталь усё-ткі падышоў, абняў. А я ўсё-ткі заплакала, носам у ягоныя грудзі. А ён усё гаварыў... Намовіў поўную шапку пацераў. Як хацеў мяне ўберагчы. Не выконваць адно асабліва паганае задание. Як сарваўся, псіхануў. У адчаі адправіў аўто з абрыву... Цудам не загінуў. Як у адной парванай, скрываўленай цішотцы, заміж таго, каб у шпіталь ці амбасаду, пацёгся ў горы. Тады бухаў месяц у нейкай глухамані ці то з лесарубамі, ці то з кантрабандыстамі... Як потым (відаць, прыстроены ўжо да іншага задания) прасіў прыгледзець за мной сяброў (што значыла - з органаў бяспекі). І аднойчы яму паведамілі, што ёсць план “распрацаваць” праграміста-вынаходніка праз мяне. Віталь вар’яцеў ад рэўнасці і трывогі. А потым мар’інагорская цётка (ніякая яму не сваячка, а супрацоўніца) перадала, што я пачала шукаць уваскрэслага нябожчыка. І ён вырашыў умяшацца...
У аповедзе відавочна былі нестыкоўкі. Але я засяродзілася толькі на тым, што цяпер уваскрэслы муж жыве ў Калінінградзе, працуе ў кіраўніцтве вялікага холдынгу. Мы паедзем разам туды, на Куршскую касу. Наноў пажэнімся, і я стану Капытко...
А мой погляд упаў на хлопчыка, што спраўляе малую патрэбу на стаўбурку ля майго ложка. Статуэтка такая бронзавая, прывезеная Саломай з Брусэля. Сімвал горада. Малец, пабачыўшы агеньчык, з якога мог узнікнуць страшны пажар, патушыў яго натуральным спосабам. Каб увайсці ў гісторыю, трэба часам проста насц...ць.
Колькі ж Мацей за апошнія тры гады ў маю хату ўсялякай лухты навалок... Неразумны верабейка, які цягаў ды цягаў па травінцы, па пушынцы ў гняздо, якое звівалася для іншага птаха.
Я столькі чытала пра рэпрэсіі савецкага часу... І неаднойчы ладзілі з сябрамі дыскусіі - калісьці ў іх удзельнічаў і Віталь - як магло такое адбывацца? Як людзі, яшчэ ўчора шчырыя сябры, што прыносяць малінавае варэнне, калі захварэеш - раптам пішуць на цябе даносы, адракаюцца, патрабуюць пакарання... А потым, як душу пазычыўшы, аднаўляюць сяброўства з тымі, хто прайшоў катаванні і лагеры...
А вось так.
Чалавек можа пераканаць сябе ў чым заўгодна.
Адны ахвяры верылі, што і сапраўды вінаватыя, другія - што адбылася памылка.
Даносчыкі верылі, што робяць добрую справу: іншыя б нашкодзілі горш, а яны так, шкадуючы, з асцярогай... Ну і, вядома, не было выйсця, кожны ўчыніў бы на іх месцы гэтак жа...
Не кожны.
Каты і ахвяры сапраўды мяняліся месцамі. І каб не было сярод іх людзей-камертонаў, якія проста не ўмелі здраджваць, не была б такой відочнай гнюснасць большасці.
Вось Віталь... Каханы мой... Сэксот, што пісаў такія самыя сакрэтныя “адчоты” пра настроі ў інтэлігенцкім асяродку, як семдзесят гадоў таму некаторыя класікі беларускай літаратуры.
Гэта не перашкодзіла ім стварыць сапраўды цікавыя творы, пра юных рэвалюцыянераў і хцівых вучоных.
І не перашкаджае Корвусу быць прыгожым і ўпэўненым, гэткім рамантычным героем...
- Слухай, Віталь... Ці там Яўген... Сыдзі. Проста пакінь мяне цяпер адну.
Віталь трохі разгубіўся, потым прафесійна хутка ўвайшоў у ролю “ўсё разумею і дам уражлівай дзяўчынцы час звыкнуць да шчаслівых пераменаў лёсу”.
- Памятаеш гісторыю пра Хведара Бельскага і Ганну Кобрынскую? Не? Бельскі ўдзельнічаў у змове супраць караля Казіміра Ягелончыка. Вяселле з юнай князёўнай Кобрынскай скарыстаў, каб завабіць караля ў пастку. Ягелончыка павінны былі забіць на паляванні. Змова правалілася, усіх схапілі, адзін Бельскі ўцёк да маскоўскага цара. А Ганна, жонка адной ночы, засталася ў закладніцах. Сямнаццаць гадоў Бельскі спрабаваў яе вярнуць, але польскі кароль адказваў: “Прыязджай і забірай”. Гэта значыла аддаць сябе на верную смерць. Але Хведар усё-ткі не вытрымаў: кінуў усё і паехаў на радзіму... Але за перабежчыкам пільна сачылі... Бельскага арыштавалі маскоўцы і саслалі ў Галіч. Ён так і не з’яднаўся з жонкай. Урэшце ажаніўся. Праз дваццаць адзін год пасля першага вяселля выйшла замуж Ганна. А мы можам з’яднацца, Вірынейка. Нягледзячы ні на што. Ну, да заўтра!
Пяшчотна пацалаваў - я не знайшла сіл ні адказаць на пацалунак, ні адвярнуцца, і пайшоў.
Белы Трактарыст, які аднойчы кіраваўся да каханай і не заўважыў, як пераехаў яе коламі свайго механічнага дрыганта.
Двойчы.
Толькі брудная стужка з нацыянальным арнаментам на прыдарожным палыне трапеча.
Няма нічога пэўнага ні пад сонцам, ні пад поўняй, што шчыра свяціла ў маё вакно, прабіваючы наскрозь паласатыя ікееўскія шторы. Я дачытала расшыфраваны сшытак... Потым звярала тэкст па сайце... Grjaznyi Ubljudok даслаў туды пакуль не ўсё, папярэджваў чытачоў, што працяг будзе. Што ж, я гэты працяг ужо мела. Каментаў усё большала - Ублюдак відавочна выходзіў у лідары. Колькасць чытачоў хутка дасягне сарака тысяч, для “Урабораса” рэкорд. Арыджынал дадавалі ў выбранае, слалі аўтару прызы