Раздзел дванаццаты. СУСТРЭЧА НАД МАГІЛАЙ
Ёсць розныя версіі жыццяпісу святой Маргарыты... У адной з іх дабраверная прыгажуня ў вязніцы выклікала на двубой д’ябла. І перамагла - з дапамогай крыжа, веры і Госпада.
Падумайце... Яна сядзіць у вязніцы. Яе катуюць. Жорстка. І яна выпрошвае ў Госпада жудасны двубой...
Няма такой вязніцы, дзе б не было магчымым працягнуць сваё змаганне.
І няма такой волі, якая не магла б насамрэч апынуцца вязніцай.
Я паныла блукала між магіл Вайсковых могілак, і восеньскае лісце пад нагамі нагадвала згнілое адзенне, якое садралі з забітых. Магчыма, і тут расстрэльвалі... Прывозілі ўночы, пры святле фар змушалі выкопваць яміну... Альбо загадзя была падрыхтаваная прорва. Падводзілі да краю, і - кулю ў патыліцу...
І цалкам магчыма, што тыя, каго з’ядноўвала траекторыя кулі, адзін з пісталетам, другі - з уласным жахам, былі суседзямі, сябрамі, сваякамі...
Наша пакаленне нічым не адрозніваецца ад папярэдніх. У кожнай тусоўцы знойдзецца свой кат, здраднік і ахвяра. І папрабуй вызначыць, хто з іх хто...
Смартфон зноў завібраваў, як звон, у які з усяго лёту ўрэзалася сляпая варона. Я зірнула на экранчык, які даверліва засвяціўся, бы агеньчык на вусе страшнай рыбы. Ведаеце, такія жывуць на дне марскім у непрагляднай цемры і завабліваюць сваім ліхтарыкам усялякую рыбоську да зубастай пашчы. У “пысакнізе”, я так называю для сябе Фэйсбук, людцы кідалі адказы на маё шэкспіраўскае пытанне “Забіваць ці не галоўнага героя ў рамане, які зараз пішу”.
“J.K.: Забіць, але пакінуць магчымасьць „уваскрэшаньня“. У „Гульні прэстолаў“ такое часьцяком адбываецца.
А.А.: Зрабіць адкрыты фінал, каб чытач сам дадумваў чым усё скончылася
V.K.: Не забіваць. Хай куды-небудзь з’едзе.
J.L.: не-не-не!
A.P.: Забіваць. Жорстка
А.М.: Хай жыве. Потым працяг напісаць можна
J.K.: Ільф і Пятроў забойствам Бэндэра ў першай кнізе не замарочваліся.
Г.Б.: Нет!!!
V.L.: Можа проста нагу яму адрэзаць?
A.P.: А потым жорстка забіць.
V.L.: Не, навошта садызм? Сэнс прапановы ў тым, каб не забіваць, а толькі адрэзаць нагу, таму што гэта больш гуманна!
A.P.: Ну можна атруціць.
V.L.: Ты крыважэрны, усё б табе забіваць!
A. P.: Гэта мне кажа чалавек, які хоча адняць нагу герою. Смерць - так лепш для героя і для чытача
V.L.: Калі ён памрэ, ён будзе без усіх ног, усіх рук і ўсёй галавы, а я прапаную толькі нагу адрэзаць.
A. P.: Ён будзе цэльнамёртвы, а чытач задасца вечнымі пытаннямі
П.А.: Nielha, bo atrymajecca “Повесть о настоящем человеке”.
І фота з кацейкамі вывешваць не трэба.
Хаця не, фота з кацейкамі ўсё роўна сабрало б больш водгукаў.
А на могілках, як у моргу. Халадавата... Цені даўжэюць і зліваюцца ў восеньскі вечар. Добра, што чорнае паліто сваё ўлюбёнае апранула.
На шэрым някідкім помніку напісана: “Рут Уолес”. Маладая амерыканка пасля вайны прыехала сюды з місіяй ЮНРА. Гуманітарная дапамога. Беларускі хлопчык пачаў тануць, яна выратавала. Застудзілася і памерла. Муж вярнуўся дахаты, яна засталася ў беларускай зямлі. Цікава, ці жывы той хлопчык? Ці носіць ён або ягоныя нашчадкі сюды кветкі?
Смартфон зноў задрыжэў, мусіць, ад жаху перад негуманнасцю маіх фрэндоў.
J.A.: Забіваць)
Т.Б.: Адпраўце ў псіхушку
K.K.: А які герой? Харошы ці не?)
А.А.: Лепш на катарзе згнаіць.
I.K.: А ён яшчэ не шкадуе, што на першай старонцы не загінуў?
A. T.: Пакінуць для працяга наступнага рамана.
N.M.: Не!
Л.Д.: Не, хай жыве!
U.K.: Пытанне, на мой погляд, недарэчнае. Зрабіце галасаванне тады. Падзеі ў рамане адбываюцца пад уздзеяннем вобраза, які, у першую чаргу, сам іх і дыктуе. Творца проста іх фіксуе. Тут больш інтуіцыя. Хаця зараз галоўнае большасці дагадзіць.
B. П.: Нее!
A. D.: Так.