Пісьменнік - чалавек бязлітасны. Паколькі дзеўка не выявіла павагі да майго Корвуса, я ствару такую рэальнасць, у якой яна будзе яго апантана шукаць. Свету за ім не пабачыць. Нічога, што яны з розных эпох. Ужыву які-небудзь “элемент фантастыкі”. Ці перанясу рамантычнага Люцыяна ў наш час - яшчэ не вырашыла. А Мацейка хай ад рэўнасці памучаецца.
Галоўнае, фактуркі зараз нагрэбсці!
Матэрыялаў Саламярэцкі сапраўды нацягаў - на тамоў пяць варламшаламаўшчыны... Нават сто баксаў, якія я адклала за ягоныя паслугі, не было б шкада. Але як грошы не ўзяў, давядзецца на знак удзячнасці якісь раздзел рамана даць для публікацыі. А хіба шкада - мне піяр, а хто зацікавіцца, пасля і цалкам раман набудзе.
Калі, вядома, я яго завяршу. Бо пакуль усё рассыпаецца, як з занадта сухога пяску... Не хапае нейкай дэталі.
Дома - алілуйя, субота! - я пачала вывучаць здабычу. Ну, прывітанне, Корвус-Дзякловічы! Герб “Слепаўрон”. Атрымалі пры вялікім князі Казіміры. З пятнаццатага стагоддзя, значыцца. Не самыя радавітыя. Калі Люцыян Корвус - апошні з роду, на ягонай магіле належала раструшчыць каменную пліту з гербам. Разляцеўся б крумкач са скрадзеным каралеўскім пярсцёнкам у дзюбе на шэры друз... Перада мной праходзілі шыхты Корвусаў. Войты, падхаружыя, мечнікі, падпалкоўнікі, стацкія радцы... У васямнаццатым стагоддзі я затрымалася. Цікавая постаць. Жыгімонт Корвус-Дзякловіч, самадзейны батанік, этнограф, астраном, лекар, фізіякрат і хто там яшчэ. Час такі быў, заможныя адукаваныя людзі, у якіх не адмерла прага да ведаў, займаліся адразу ўсім. Не было паняцця вузкай спецыялізацыі. Было жаданне спасцігнуць таямніцы сусвету і змяніць свет да лепшага. Жонка вучонага пана Люцында Карпентэ - з французскага Лангедоку, але толькі напалову францужанка. Маці - з беларускай шляхты, род Аляхновічаў. Займалася акушэрствам. Зладзілі ў Крукавічах шпіталь для бедных, батанічны сад і дэндрарый. Пан Корвус-Дзякловіч перапісваўся з прафесарам Віленскага ўніверсітэта Станіславам Юндзілам. Выкупляў рэдкія расліны. Потым - Жыгімонт раптоўна памірае, пакінуўшы ўдаву з дзіцем, тая выходзіць замуж за суседа, пана Франца Карыбутовіча. Потым пасынак судзіцца з тым Карыбутовічам за спадчыну бацькоў... Захаваліся матэрыялы разбіральніцтва - удавец пан Франц спрабаваў падкупіць суд, ці, як раней казалі, даць панам срэбныя вёслы.
Грукнулі дзверы - муж прывёў з прагулкі сабаку. Валтузня, скрыгат кіпцяў па падлозе, жаласнае скавытанне пад дзвярыма... Ну добра, добра, давай прывітаемся, істотка наша калматая, лінючая... Каб жа ж мопс які, а то аўчара. Сынаў сюрпрыз. Хвастом радасна стукае, быццам Вій праз падлогу ломіцца.
Муж, моўчкі ацаніўшы колькасць раскладзеных вакол кампа папер, прынёс мятнай гарбаты і пайшоў пісаць сваё... А перада мной радаводныя дрэвы вуглавата раслі на аркушах, нагадваючы не дрэвы, а канструкцыі з жалезных пруткоў. Імёны людзей, якіх ніхто ніколі не ўспомніць, павісалі на іх цэтлікамі. Канструктывісцкі лес гісторыі.
Два эпізоды прасіліся ў раман.
Першы. Удзячныя мужычкі ў часы міласэрнага Жыгімонта і Люцынды двойчы спрабавалі спаліць маёнтак і шпіталь. Вядома, у святой упэўненасці, што паны - чараўнікі.
Другі. У 1896 годзе фалькларыст Павел Шэйн запісаў у Крукавічах ад васьмідзесяцігадовага селяніна Карпа Ваўчка мясцовую легенду.
Страшнаватую легенду, праўду сказаць.