Рыбчонак ад жаху прысеў, на момант здалося яму, што гэта нечы легкадумны недарэчны жарт, але затым перуном ударыла ў сэрца здагадка: «Немцы!» Яны раптоўна абрынулі на яго пагібель, ушчэнт разбівалі ўсе яго мары і так недарэчна неспадзявана апынуліся тут, што ён раптам, згубіўшы ў сабе чалавека, як падбіты мядзведзь, зароў немым роспачным крыкам, скочыў назад, убок, і з нечалавечаю сілай рвануўся
ў хмызняк. Наўздагон адразу ж лапотка ўдарылі чэргі, кулі ту-занулі полы шыняля, тупою агнянай пікай ударыў у паясніцу пякельны боль, ён пранізаў усё цела, ад пят да галавы, і Рыб-чонак з разбегу пляцнуўся ў куст хмызняку. Спотырча ён пра-ляцеў скрозь яго, выцяўся аб лёд галавой і спіною саўгануўся па лёдзе. Каска, парваўшы падбародны раменьчык, коса пакацілася па лёдзе, жахліва забразгаўшы ў густой ціхай цем-радзі…
10.
Ужо не было думкі: «Прапаў» − не было наогул ніякае думкі, адзін толькі боль, вялізны і нясцерпны, упіўся сваімі кіпцюрыстымі лапамі ў скрываўленае Рыбчонкава цела.
Ён трохі адпоўз з таго месца, дзе ўпаў, падсунуўся да купіны
з паламанай альхою, з усяе сілы зацяў у сабе дыханне, намагаючыся стрымаць, сцішыць тым боль, з якім нельга было жыць.
У кустоўі па лёдзе нехта прабег, гулка лязгаючы абцасамі. «Немцы!» − абыякавы ўжо да ўсяго, адзначыў Рыбчонак.
Ад стомы і болю грудзі яго раздзірала неадольная горыч, кожны рух, уздых, нават думка скразным болем аддаваліся
ў жываце і ў паясніцы. Не стрымаўшыся ад гэтага болю, Рыбчонак застагнаў − кораценька, ціха і вельмі пакутна.
Толькі цяпер ён зразумеў, што ўсё ўраз перавярнулася ўгору дном, што ззаду і наперадзе немцы, а ў яго рана і боль, якія наўрад ці пакінуць яго ў жыцці. Гэта быў канец, пакутны жахлівы канец яго дарагога, адзінага, самага неабходнага жыцця, якое вось-вось абарвецца і болей ніколі, нідзе, ні ў кога не паўторыцца. Агнянай пякельнасцю ўзнялася ў пачуцці жаласць да сябе, шкадаванне і позняе раскаянне − што даў гэтак неразумна ашукаць сябе, што не знайшоў якога лепшага спосабу ўратавацца. Гіне ён у гэтым балоце, пагінуць і тыя, што яшчэ засталіся ў вёсцы, бо немцы акружылі ўсіх іх, зама-нілі ў гэтую пастку. Цяпер усё. І хай! Загіне Рыбчонак, і яму не шкада нікога, няхай цяпер увесь свет ляціць у тартарары, цяпер ужо нічога не мела ніякага сэнсу…
«Але як жа гэта?.. Як?.. Чаму?.. − неўзабаве слупам паўстала ў галаве неўразумелае запытанне. − Чаму так недарэчна, так няўдала, так рана і так балюча?..»
Ён хацеў сказаць сабе, чаму так недарэчна ён гіне тут, калі заўсёды так дбаў пра сваё жыццё і больш за каго іншага зрабіў для яго паратунку? Хіба ён не бярог сябе, хіба не туліў-ся да самай зямлі, хіба не хітрыў, не выкручваўся, як толькі можна было, каб зрабіць як лепей для сябе, для свайго жыц-ця − ніколі не лез на ражон, а так ціхенька, хітравата, можа, не заўжды сумленна, але затое і без вялікае шкоды для ін-шых. Шкоды нікому ён не хацеў і нават тады, калі ў чым была маленькая выгода яму, але што ж зробіш, калі ў жыцці ўладкавана так, што добрае сабе можна прыдбаць, вельмі часта падсунуўшы благое іншым…
Недзе бліскалі-гарэлі ракеты, іх белае святло торапка блукала між кустоў па ледзяным доле. Зверху праз суччо хмызняку блішчэла палавінка месяца і гарэлі, сноўдалі, іскрыліся па-зімоваму яркія зоркі − яны поўніліся сваім адметным
ад зямлі клопатам, у іх была там суладнасць, згода, поўныя вялікага незямнога сэнсу…
Рыбчонак ціха енчыў ад болю, сутаргамі біўся на лёдзе,
і ў яго тлумам затуманенай галаве снавалі, жылі і біліся
ў роспачнай безадказнай маўклівасці вялікія зараз думкі-пы-танні: чаму? і за што?
Чаму гіне іменна ён, малады і здаровы дваццаці шасці год чалавек, які толькі яшчэ пачаў ладзіць сваё жыццё, свой дабрабыт і так многа яшчэ не пазнаў, недалюбіў, недагуляў, недабачыў… Дзе ён зрабіў памылку, на чым пакаўзнуўся, што не выканаў з мудрых бацькавых наказаў, такіх, накшталт: «Заўжды кумекай, як жыць», «Не глядзі, што людзі кажуць, глядзі, што робяць», «Слухай усіх і нікому не вер», «Усё, і благое, і добрае намотвай на вус, тады будзеш як туз».
Такое гэта было тады шчаслівае і далёкае жыццё: бацька яго працаваў на гарбарным заводзе і зарабляў някепска. Але тое, што было атрымана па ведамасці, складала толькі пэўную долю з прыбыткаў іх гаспадаркі, якая складалася з хаты, абшаляванай у елачку, гарода з садком, раўка, на якім яны збіралі капешкі са дзве сена для сваёй каровы. Яшчэ нейкую і немалую долю іхняга бюджэту бацька здабываў таемна. Рыбчонак