Паранены на спіне ляжаў пад купінай на лёдзе і слаба варушыўся, рэагуючы тым на дапамогу. Васілевічу здалося спачатку, што гэта афіцэр у паўшубку, ён нахіліўся да яго − не, то быў незнаёмы баец без пагонаў і без рамяня. Убачыўшы капітана, ён, відаць, пазнаў яго, ціха застагнаў
і прамовіў:
− Ох!.. Таварыш камбат… ратуйце…
− Хто вы? − запытаў капітан.
− Ой, спіна!.. Спіна, ой! − прастагнаў Рыбчонак. − Пабілі ўсіх.
− Каго пабілі? Дзе рота?
− Ох, памажыце… камбат! Баліць!
Васілевіч зразумеў, што чалавек вельмі паранены, у такіх, ведаў ён, не шмат што дазнаешся. Капітан сунуў за пазуху піс-талет і ўзяўся расшпільваць паўшубак Рыбчонка. Той ляжаў на акрываўленым лёдзе, рана была недзе пад вопраткай. Калі Васілевіч павярнуў яго на бок, Рыбчонак застагнаў, заенчыў
і моцна ўхапіўся сцюдзёнымі пальцамі за кісці капітанавых рук.
− Пацярпі трохі. Баліць, але цярпі.
Капітана вельмі непакоіў лёс роты, вельмі трэба было да-бегчы туды, але ён адчуваў, што калі не дапамагчы байцу, дык ён напэўна загіне ад страты крыві.
Ён, відаць, нямала пракорпаўся з ім − пакуль знайшоў рану і, не знімаючы гімнасцёркі, індпакетам туга аперазаў паясніцу. Бінта было мала і кроў яшчэ ішла, яна ўшчэнт скрывяніла капітанавы рукі... Урэшце як-колечы ён паменшыў кровацячэнне і выцер аб штаны далоні.
− Камбат, не кідайце… Не кідайце, прашу − тут немцы…
− Дзе немцы? Якія немцы? − знарок здзівіўся капітан. − Немцы ў вёсцы.
− Тут немцы! − з капрызлівай настойлівасцю даводзіў Рыбчонак. − Прашу вас!..
І сапраўды, бы ў пацвярджэнне яго слоў недзе ззаду, у раёне іх КП, пратрашчэла першая доўгая аўтаматная чарга. «Нарваліся!» − паныла падумаў Васілевіч, адчуўшы цяпер устрывожаны клопат пра Сахно і Люсю.
Сапраўды, параненага трэба было цягнуць да роты, тут
не месца яму, і наогул, падумаў ён, трэ батальён збіраць
да аднае кучы, бо ў абстаноўцы нешта крута змянілася ў бок кепскага. Уранку, відаць, грымне бяда.
− Ну што ж, баец. Давай будзем ісці, − сказаў ён Рыбчонку і пачаў усцягваць яго на сваю спіну. − Толькі трымайся.
Як-колечы ён узвалок яго на сябе, хістаючыся ўстаў і, падкорчыўшы ношаю голаў, цяжка пайшоў па лёдзе.
Афганец
Апошнія тры ці чатыры начы, ушчэнт пасварыўшыся
з жонкай, Ступак начаваў у гаражы. Зрэшты, і дняваў таксама, бо цьвёрда вырашыў не вяртацца на свой пяты паверх сілікатнай хрушчоўкі. Калі так ужо сталася, што ён там нялюбы і ненавісны, што паявіўся лепшы, дык хай жонка падавіцца той кватэрай ды нацешыцца новым жаніхом; для за-коннага мужыка шляху туды няма. Усё ж ён чалавек з гонарам і прасіцца ня будзе. Тым болей, што ўсё ягонае жыцьцё, падобна, пайшло на скрут, чаго ўжо бедаваць па кватэры?
Ягоная нявыкрутка абрынулася на яго нечакана, напрыканцы зімы, як пачала яўна здыхаць ягоная фірма, што ня-даўна яшчэ квітнела пад назвай «паштовая скрынка». Заказы міністэрства абароны скончыліся, рабочым перасталі плаціць, і Ступак, плюнуўшы на новыя парадкі, звольніўся «па ўласным». Думаў, трохі адпачне і прыгледзіць што-небудзь болей для сябе здатнае. Праўда, тады была немалая надзея на жонку Людмілу Пятроўну, якая рабіла бухгалтаркай у банку. Але, мусіць, так ужо заведзена ў жыцьці, што дзе тонка, там і рвецца, парвалася і з Людкай. Нечакана для сябе ён уведаў, што ў той паявіўся староньні ўхажор
і не абы хто, а генеральны дырэктар таго ж банка. Вядома
ж, не абышлося бяз лаянкі, жонка сьпярша апраўдвалася, кля- лася і бажылася, але як ён даў ёй добрага кухталя, са злось-цю прызналася, што так: ёсьць чалавек, мужык, ня тое, што ты – тля. Ня можаш пракарміць сябе, ня толькі жонку з дзі-цём. Тады Ступак усё зразумеў і, правільна ацаніўшы становішча, узяў пінжак і з трэскам грукнуў дзьвярыма. Усё
ж ён − ня тля, ён чалавек з характарам, да таго ж − афганец. А калі часам лішняе вып’е, дык цяпер хто ня п’е? Хворы, або каму не даюць. Хто ня мае за што.
Адно праўда, апошнім часам ён ня меў за што выпіць.
Гэты яго металічны, некалі звараны з жалезных лістоў гараж прытуліўся на ўскрайку гарадскога падворку ля радка маладых ліпак, поруч з шасьцю іншымі гэткімі ж часовы-мі збудоўкамі для аўтамабіляў. Гаражы тыя прастаялі тут гадоў мо па дзесяць, але нядаўна аказалася, што незаконна − прыйшла пастанова іх зьнесьці. Куды? − папыталіся іхнія ўласьнікі і, не атрымаўшы здатнага адказу, вырашылі: во вам, выкусіце! Нікуды зносіць ня будзем. Надзіва, ад іх па-куль што адсталі, перасталі наклейваць грозныя абвесткі на іржавых дзьвярах. Гаражнікі было падумалі, што перамаглі, як у пачатку лета ўсіх выклікалі ў падатковую інсьпекцыю, дзе выпісалі падатак і штраф. Штраф быў немалы, ды гаражнікі-пенсіянеры, дачакаўшыся пенсіяў, змусілі ўсё заплаціць. Ступак жа другі раз сказаў: «Выкусіце!» − у яго ўжо даўно не было грошай ня толькі на штраф, а на які ку-фаль піва, каб захмялець зранку.