Хольц адышоўся па траншэі далекавата ад бліндажу, сьмялей паглядзеў па-над брустверам – на касагорыну і на шырокую разлогу тарфянога балота, месцамі залітага вадой. Мясцовасьць тут паніжалася, было болей стаячай вады, дно траншэі ператварылася ў гразкае месіва, і ён далей не пайшоў. Пад вечар рабілася холадна, у траншэях гуляў ней-кі асаблівы траншэйны скразьняк, ён даўно ўжо прабіраў лёгка апранутага обер-яфрэйтара. Зноў жа, сыпаў гэты на-дакучлівы дождж. Схавацца ад дажджу тут проста не было дзе. Праўда, на тым фланзе, бліжэй да дарогі, было некалькі пяхотных нораў, у якіх можна было б трохі затуліцца ад даж-джу. Але там, ля дарогі, было, мусіць, больш небясьпечна, чым на гэтай балацявіне, і Хольц стараўся там не паказвацца. Мінулую ноч ён прапакутваў пад разьбітым, спаленым са-маходам непадалёк ад брукаванкі, там дужа сьмярдзела паленай гумай і жалезнай акалінай, і ён болей дрыжэў, пад сва-ёй плашч-палаткай, чым спаў. Дзе яму пераспаць сёньня, ён проста ня мог прыдумаць і ад ранку сноўдаў па траншэі. Гэтыя рускія ўсё ж надзіва непрактычныя людзі, думаў обер-яфрэйтар, ладзілі абарону, столькі накапалі траншэяў, асноўных і запасных пазіцыяў, а крытых бліндажоў абсталявалі ўсяго два. Адзін разьбіла прамым пападаньнем снараду, і там цяпер будзе сьмярдзець ад непрыбраных, расшкума-таных трупаў, другі вось заняты гэтым параненым. Хоць ты яго выкурвай адтуль гранатай? Ці, нібыта ў гаспадара, пра-сіся пераначаваць?
Каб задужа не вытыркацца з мелкаватай, па грудзі, тран-шэі, Хольц прысеў у яе ня сушэйшай мясьціне, захінуўся мокрай палаткай і пачаў думаць аб сваёй горкай долі, якую яму наканавала вайна ці, можа, болей за вайну, – яго занадта страпцівы, неўраўнаважаны характар. Хаця ён ведаў, што на вайне ня надта памагалі і жалезныя нервы, цьвярозыя галовы і вытрымка, вайна ўсіх перамагала сваёй таўстамор-дай логікай. Ужо нашто меў жалезную вытрымку ягоны сяб-ра класны радыст Франк, што пад носам у рускіх карэкці-раваў артылерыйскі агонь, меў жалезны крыж і тры дні таму загінуў ад рускага снараду. Другі яго сябра і зямляк Крыс-тоф Шмідт, спакойны грэнадзёрскі унтэр-афіцэр, былы студэнт камерцыйнага факультэту, таксама скончыў куды як пагана: пасьля цяжкога раненьня яму ампутавалі абедзьве нагі, і цяпер ён езьдзіць на інваліднай калясцы па вулі-цах свайго Оберхаўзена. Што ж датычыць цьвёрдаскурага саксонскага біцюга, іхняга камандзіра батальёну гаўптмана Лінхарда, дык яго ненавідзеў увесь батальён і асабліва ён, обер-яфрэйтар Хольц. Зрэшты, праз гэтую сваю нелюбоў да гаўптмана ён, Хольц, і апынуўся ў сваім цяперашнім дра-матычным становішчы. Такіх, як Лінхард, напаўпісьменных салдафонаў-выскачак у перадваенныя гады зьявілася процьма ў вермахце, дзе яны сталі галоўнай апорай нацызму, бо былі вольныя ад грузу маралі, адукаванасьці ці хоць бы якой мінімальнай культуры і маліліся толькі аднаму іда-лу: фюрару. І хай бы сабе маліліся, пажыраючы адзін адна-го, але для вайны ім таго стала мала – спатрэбілася процьма людзей іншых гатункаў-запасьнікоў, камерсантаў, інтэлі-гентаў, якіх яны не лічылі за салдат, а таму і за людзей таксама. Хольцу дык яшчэ пашэньціла, ён быў толькі адносна падначалены гэтаму Лінхарду, бо як обер-яфрэйтар сані-тарнай службы меў некаторую незалежнасьць у батальёне. Ва ўсякім разе па падначаленасьці гэта далёка ня тое, што які-небудзь камандзір узводу штурмавой роты. І тым ня менш
і яму хапіла зьняваг і прыдзірак ад гэтага тупарылага саксон-ца, былога млынара і кайзераўскага фельдфебеля, які толькі пры нацызьме дапяўся да афіцэрскага чыну. Можа, два дні таму Хольц зрабіў і не па-хрысьціянску, і напэўна пару-шыў прысягу, але, пасланы ад’ютантам Прошке выцягнуць з поля бою параненага гаўптмана, ён раптам падумаў: а ка-лі не цягнуць? Лінхард ляжаў у канаве з распоратай, акрываўленай брушынай, жыць яму засталося няшмат. Бой быў жахлівы, і Хольц ледзьве дапоўз да гаўптмана пад пякельным агнём рускіх «максімаў», а тут яшчэ паўзьці з ім назад. Да таго ж гэты Лінхард быў з цэнтнер вагою і са два метры росту, як было далёка не атлетычнага складу Хольцу цягнуць яго два кіламетры да тарфянішча. Двое тых, што ўжо спрабавалі гэта зрабіць, ляжалі побач, унурыўшыся пра-бітымі галовамі ў прыдарожны быльнёг. Хольц таропка перавязаў рану непрытомнага афіцэра і, счакаўшы, калі трохі ўціхне рускі агонь, паўзком падаўся па канаве назад. Ён так разважыў, што да вечара рускія тут прайсьці не дадуць, а Лін-хард неўзабаве сканае, ня трэба будзе нікуды яго і валачы. Неяк выбраўшыся з-пад агню на батальённы КП, ён бадзёра далажыў ад’ютанту, што гаўптман Лінхард, на вялікі жаль, мёртвы і эвакуіраваць яго ў тыл ня мае магчымасьці. Якое ж, аднак, было зьдзіўленьне обер-яфрэйтара, калі праз пару гадзінаў фельдфебель Шнітке, гэты рыжаморды мясьнік