Дземідовіч заснуў, можа, пад ранак, з вечару яго раз-пораз біў кашаль, колькі ён ня стрымліваў яго – усё роўна не адчапляўся, аж разрываліся грудзі. Усё ж ён паступова сагрэўся – першы раз за якіх чатыры начы, мусіць Серафім-чыны зёлкі мелі нейкую сілу. Дземідовіч дужа пакутваў – ад прастуды, непрыкаянасьці, а яшчэ болей душэўна – ад та-го, што гэтак неспадзёўкі рухнуў сьвет, дзе ён прывык існаваць, дзейнічаць, жыць. Пабурыліся ўсе звыклыя мер-кі, адносіны, а галоўнае – загадкава, незразумела перамяні-ліся людзі. Тыя, каго ён ведаў шмат год запар, нават змал-ку, з кім жыў і працаваў гадамі, зараз, калі грымнула гэтая бяда, сталі ня тымі. Сталі незразумелымі, чужымі да ладу ці нядобрымі да яго асабіста – хто ведае. Добра было таму, хто пасьпеў далучыцца да арміі – усё ж войска зьядноўваецца дысцыплінай, загадам начальства, прысягай урэшце. А як вось тым, што мусілі застацца пад акупацыяй, як ім быць? Дземідовіч, на яго няшчасьце, хоць і лічыўся калісь камандзірам запасу, але з прычыны хваробы на сухоты быў сьпісаны з войска па чыстай, пра войска ён ня мог нават марыць. Так сталася, што ён застаўся тут, пад немцам, канешне, меў сёе-тое заданьне ад адпаведных органаў. Але во – выпадак! Ці ён думаў, што адразу ж, як прыйдуць немцы, у мястэчку паявіцца і Асоўскі, той самы правы ўкла-ніст, да выкрыцьця якога некалі прыклаў руку і Дземідо-віч. Правільна прыклаў, бо такога, як гэты інсьпектар райана, трэба было рэпрэсаваць яшчэ гадоў на дзесяць раней. Ды тады зважалі на яго педагагічны вопыт, высокую адука-цыю (падумаеш, скончыў Пецярбургскі універсітэт; цяпер каму не вядома, чаму вучылі ў тым універсітэце). Ды і з яко-га класу паходзіў, засталося не зусім высьветленым. Дземі-довіч жа скончыў педтэхнікум, але ён быў сынам селяніна-парабка (на жаль, не рабочага, як іхні заграйана Крукаў),
і ўжо ў класавых пытаньнях яму ня трэба было шмат разьбі-рацца – класавыя інтарэсы ён адчуваў нутром. Стычкі з Асоў-скім у яго пачаліся яшчэ ў трыццатым годзе, як толькі Дзе-мідовіч прыехаў у мястэчка настаўнікам і пачаў прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцьці сьпярша камсамолу,
а затым і партыі, як стаў партыйцам-бальшавіком. Стычкі адбываліся збольшага па той прычыне, што ў той час, як ён, Дземідовіч, усімі сіламі і памкненьнямі падтрымліваў па-літыку партыі і кіраўніцтва, гэты Асоўскі з усяго імкнуўся зрабіць выключэньне, наконт кожнай кампаніі ён меў сваю думку. І галоўнае – нахабна выказваў яе, не зважаючы на-ват на прысутнасьць начальства з раёну ці нават з акругі, як ён ня раз тое тлумачыў – па праву старога бальшавіка (на самай справе даўно беспартыйнага, бо яшчэ ў дваццатыя гады яго вычысьцілі з ВКП(б)). Натуральна, што Дземі-довіч ня мог трываць гэтых вылазак амаль не замаскіраванага ворага і даваў яму належны адпор. Усё тое было проста, звычайна і правільна для таго часу, хіба ў ягоным выпадку трохі ўскладнілася тою акалічнасьцю, што ён кватараваў у доме гэтага самага Асоўскага, побач з царквой, і як таго рэпрэсавалі, заняў ягоную кватэру. Ну але як было не заняць пусты дом – жонка Асоўскага Маргарыта Леапольдаўна тады зьехала ў Ленінград да інжынера-сына, і Дземідовіч быў адзіны прэтэндэнт на гэтую відную дамоўку,
бо гадоў пяць цясьніўся ў ягонай бакоўцы за кухняй. Праў-да, сям’я ў Дземідовіча была невялікая – ён ды жонка, дзя-цей яны ня мелі – дзе ўжо тыя дзеці ў сухотніка? Заняў ладны дом, і ўсё было б добра, калі б некаторыя не пачалі зьвя-гаць, што, маўляў, таму і пасадзіў, што паквапіўся на жылплошчу. Але ня квапіўся, так атрымалася. І горш за ўсё ў гэ-тай гісторыі тое, што Мікалай Тарасевіч, ягоны юнацкі сяб-ра, таксама паверыў у яго карысьлівасьць. З таго і пачалося.
Калі ўжо з чаго пачнецца, тады цяжка ўгадаць усе вынікі і прадбачыць хаду падзей у тых зласьлівых адносінах, тады тыя адносіны павядуць цябе самі, часам насуперак асабіс-таму твайму жаданьню. Так сталася і з Міколам. Сьпярша нешта зьвягнулі жонкі, жонка Дземідовіча Паліна Аляксан-драўна ўвечары неяк паскардзілася на Ядзьвігу Іванаўну, ён падумаў: дурное, прамаўчаў нават. Але праз дзён колькі сам пачуў на перапынку, як жанчыны-настаўніцы паміналі яго імя менавіта ў сувязі з яго дамоўкай. Зрабілася крыўд-на, і ён пры выпадку сказаў Мікалаю, каб той крыху ўкара-ціў язык сваёй жонцы. Той не стрываў, ганарыста адказаў
у тым сэнсе, што ня трэба было даваць падставы, не спатрэ-білася б і ўкарачваць языкі людзям. «Гэта якім людзям?» – узьвіўся Дземідовіч. «Сам знаеш, якім», – сказаў Мікалай Тарасевіч, і размова на тым абарвалася.
Размова дык абарвалася, але канфлікт на гэтым ня скон-чыўся. І калі неўзабаве на партактыве ў дакладзе сакратара райкаму Катушкіна былі падвергнуты крытыцы некаторыя настаўнікі раёну пераважна за нацыяналістычны ўхіл,