У Бялавічах ужо гасьлі рэдкія агні ў вокнах, калі ён увай-шоў на вясковую вуліцу. Дзе жыў той Парфір, Дземідовіч, канешне ж, ня ведаў, і тупаў па цёмнай вуліцы, прыглядаю-чыся да падворкаў, каб дзе каго згледзець і запытацца. У ад-ной хаце бразнулі дзьверы, і ён паклікаў. Маладая жан-чына, сьпярша трохі спалохаўшыся, паказала яму наўкось цераз вуліцу на цёмную хату пад клёнам, і неўзабаве Дземі-довіч шукаў клямку на незачыненых дзьвярах Парфіра. Парфір быў у хаце адзін, паліў нанач грубку. Дземідовіч шчыра ўзрадаваўся, павітаўся і сказаў, што, мабыць, дзядзь-ка яго ня памятае, не пазнаў. Але той спакойна так кажа: «Чаму ж не пазнаў – пазнаў. Вы ж таварыш Дземідовіч з рай-каму, хто ж вас не пазнае тут?» Дземідовіч падумаў, што тым лепей для яго, і напомніў пра іхнюю сустрэчу на Полацкай дарозе, і як яны добра пагаманілі тады аб жыцьці. Усё ж ён хацеў, сам не прызнаючыся сабе, неяк паддобрыцца да гэтага чалавека, пачуць яго спачуваньне і атрымаць дапамогу. Але Парфір ня дужа сьпяшаўся спачуваць, размову ён быццам падтрымліваў, але бяз жаднай ахвоты, толькі часта ўздыхаў, пазіраючы на агонь у грубцы. Дземідовіч скупа, але пераканаўча, як здавалася яму, расказаў пра становішча на франтах, у якім стане апынулася краіна ў выні-ку гэтага зьнянацкага нападу Гітлера, і як цяпер трудна ўсім і асабліва тым, што апынуліся на часова занятых фашыстамі тэрыторыях. Пра сябе ён яшчэ не сказаў ні слова,
але Парфір, калі ён трохі прымоўк, раптам заўважыў,
з-пад касмылявых брывоў зыркнуўшы на госьця:
– Цяпер вам трудна, гэта канешне. Але ж дзе, чалавеча, вы тады былі, як усім трудна было?
– Гэта калі? – не зразумеў Дземідовіч.
– А тады. Як стагналі ўсе, сьлёзы лілі. Галадалі і з голаду пухлі, як у трыццаць трэцім.
А, во ён пра што, з непрыемнасьцю падумаў Дземідовіч, ужо ці за нямецкую ўладу ён? За акупантаў? Усё ж цяпер Дземідовіч не хацеў абвастраць размову і даволі няпэўна адказаў:
– Было, канешне, і тады труднае. Індустрыялізацыю праводзілі, напружвалі ўсе рэсурсы. Трэба было.
– Можа, і трэба, – пагадзіўся Парфір. – Але ж нашто было з народу знушчацца? Над сваімі зьдзек утвараць?
– Ну гэта ты кінь, дзядзька, які зьдзек? Класавая барацьба была, гэта праўда. А зьдзеквацца над сваімі ніхто не ха-цеў.
– А тое, што, даўшы зямлю, назад адабралі – ня зьдзек? Што за працу з калгасу нічога не давалі – ня зьдзек? І што абіралі сялянаў: і мяса, і малако, і яйкі, і воўну? І скуры
са сьвіней? І лён, і бульбу? І яшчэ грошы: налог, страхоўка, самааблажэньне… А пазыка? Я, думаеш, чаму тры калоды пчолаў завёў? Што дужа мёд люблю? За восем гадоў я яго лыжкі не паспытаў. Каб сплаціць усё – купіць і здаць,
во для чаго. Пры тым што ў калгасе кожны дзень рабіў, летась трыста семдзесят працадзён выгнаў. А што атрымаў на іх – паўтара пуда гірсы. Ну як жыць было?
Такога Дземідовіч тут не чакаў, гэты проста аказаўся затоенай контрай. Бач ты, мала яму гірсы дасталося? Быццам іншым даставалася болей! Ці іншыя меней плацілі-зда-валі дзяржаве. Але, глядзі ты, колькі накапіў крыўды!
– Дарма вы так, Парфір. Я лічыў вас сазнацельным калгасьнікам, а вы? – папракнуў Дземідовіч.
– А я і сазнацельны! – падняў ад грубкі счырванелы, аб-рослы сіваю шчэцьцю твар гаспадар хаты. – Я самы сазна-цельны ў дзярэўні. Усё выконваў. Жылы з сябе цягнуў, а вы-конваў. Столькі мала хто тут стрываў, як я. Не хацеў быць несазнацельным, вінаватым дзяржаве, каб папракалі на-чальнікі.
– Яно і панятна. У цябе ж, здаецца, сын камандзір? Лётчык?
Парфір трохі прымоўк, бы ўспамінаючы штось невясёлае, і Дземідовіч падумаў, што пра сына сказаў, мабыць, дарэчы. Але Парфір нечакана сказаў:
– У тым-та і справа, што сын быў камандзір, лётчык.
Ды сплыў. Пасадзілі лётчыка. Тры гады ні пісьма, ні прывета. Мо і жывога няма ўжо…
Ах, вось што…
– Да-а, – роздумна прамовіў Дземідовіч, са злосьцю дума-ючы, што і тут ашукаўся. І тут ня тое! Мабыць, гэты Парфір перажывае за сына, таму і такі ненастроены. А ён думаў: ра-зумны дзядзька, з ім можна будзе паладзіць. Але начорта та-кія разумныя, што з іх карысьці? Толькі маўчаць да пары, пад-ладжваюцца. Але во паразьвязвалі языкі, загаманілі пра тое, пра што маўчалі гадамі.
Не, тут ён не застанецца, у такога ён прасіць прытулку ня будзе. Такі яго не схавае, глядзі яшчэ заўтра ж выдасьць паліцыі. Можа, ужо і сам у паліцыі, ці там сын, зяць. Такія нам сёньня – ворагі, з неўтаймаванай злосьцю думаў Дземідо-віч.