Раптам мне пачуліся галасы. Гаварылі за плотам. Адзін голас мужчынскі, грубаваты, настойлівы, другі — жаночы, кволы, нерашучы. Слоў не разабраць.
Чужое мірнае жыццё было для мяне, як цёмны лес. Я адвык ад яго, не разумеў, пра што могуць гаварыць людзі, калі не пра вайну.
Спружынячы крокі, я памалу пайшоў да плота, прысеў ля малінніку, шукаючы ў плоце шчыліны.
— Табе ўсё проста... Табе ўсё дужа проста...— пачуў я дакорлівы голас жанчыны.
— Скажы, што не любіш. Брыдкі я табе?
— Ну і дурны.
— Тут здурэеш. Я, па-твойму, камень ці ідал які?..
— Ну, не злуйся...
Яны заціхлі. Я прыслухоўваўся напружана, аж пачало звінець у вушах. Мне здавалася, што на другі бок плота цалуюцца.
«Ах, чорт! Вайна, а яны цалуюцца. Пужнуць бы іх...»
Я злаваў таму, што не меў такой магчымасці.
— Перастань, чуеш... Ашалеў... Дальбог, крыкну,— даляцеў з-за плота жаночы голас.
— Крычы!.. Зіна... пачакай. Ну, не буду...
— Ну цябе...
— Сядзь... Пагаворым, як людзі. Ну, чаго ты?
— Я не такая... Ты не думай, што я такая. Мне проста сумна і страшна. Так адзінока, што месца не знаходжу.
— Ну і прыгарніся.
— Эх, ты! Табе ўсё проста.
Я памалу пачаў адыходзіць. Наліха было падслухоўваць? Звычайнае спатканне, звычайная ў такіх выпадках размова.
Я напіўся, памалу пайшоў да дзеда. Ля яго сядзела жанчына. Хто яна? Можа Марына? А калі не яна? Здаецца, яна.
— Добры дзень,— сказаў я, падыходзячы бліжэй.— Алег Аляксандравіч раіў папытаць у вас шчасця.
Гэта быў пароль.
— Я шчасцем не гандлюю,— адказала жанчына, і ў мяне адлягло на сэрцы.
Марына павяла мяне ў хату. Са спіны яна нагадвала дзяўчынку-падлетка: тоненькая шыйка, вузкія плечы, але з твару ёй можна даць і дваццаць пяць, і трыццаць гадоў. Асабліва ўражвалі вочы. Такія я бачыў толькі аднойчы. Даўно. У нашай царкве, на бакавой сцяне справа, вісела карціна маці боскай ля распятага на крыжы сына-бога. Дык вось у той боскай маці былі вочы, падобныя на Марыніны.
— А хто гэты стары? — запытаўся ў Марыны.
— Матчын бацька. Значыць, мой дзед...
— Ён не хацеў сказаць, што вы дома. Я ўжо не ведаў, што рабіць.
Марына прапусціла мяне ў хату папярод сябе, павяла праз залю ў бакавушку з адным акном.
— Будзеце жыць тут,— сказала яна.— На той палавіне, праз сенцы, жыве цётка з мужам. Ён працуе следчым па крымінальных справах. Чалавек неблагі, але раю быць асцярожным.
Пра дзеда яна так нічога і не сказала.
3.
Следчым па асабліва важных справах крымінальнага вышуку аказаўся невысокі лысы чалавек з касмылькамі сівых валасоў над вушамі, але затое з чорнай барадою, акуратна падстрыжанай і расчасанай.
Мы сутыкнуліся з ім дні праз тры ў сенцах, якія раздзялялі наша жытло. Следчы ішоў з двара. На ім была сетка, з тых, даваенных, з кароткімі рукавамі і вялізным выкатам спераду і на спіне. Сіняе дыяганалевае галіфэ трымалася і на падцяжках і на шырокай папрузе; на спражцы акуратна была спілена пяціканцовая зорка.
Я саступіў яму дарогу. Ён быў прайшоў міма, але тут жа гукнуў мяне:
— Даруйце, Марына мне расказвала пра вас, але асабіста я не знаёмы. Сіміён Венідзіктавіч,— сказаў ён, хаваючы, аднак, рукі за спіною.— На жаль, не магу падаць рукі: іду, прабачце, з адхожага месца.
— Рады знаёмству,— ледзь утрымаўшыся ад спакусы выкінуць якую дурноту, ветліва адказаў я.— Ткачук.
Выйшаўшы на двор, я даў волю свайму абурэнню: «Неблагі чалавек»,— прыгадаў я Марыніны словы.— Сволач, здраднік, садыст, які, напэўна, трушчыць косці людзям! Трапіўся б ты мне ў лесе... Ну і хата! Падпаліць бы — і ў лес».
Сіміён Венідзіктавіч завітаў таго ж дня падвечар разам з жонкай. Ён доўга прыгладжваў рэдзенькія валасы, стараўся схаваць імі ружовую і ўжо велікаватую лысіну.
— Мне заўсёды прыемна бачыць разважлівых маладых людзей,— пачаў ён, нібы прадаўжаючы ранішнюю размову ў часе нашага знаёмства.— У той сітуацыі, што склалася на сённяшні дзень, цвярозае стаўленне да новага парадку, які прынесла нам доблесная нямецкая армія, вымагае максімум дальнабачнасці.
Ён гаварыў нудна, быццам чытаў мне лекцыю, а я слухаў і ўсё думаў: «Звездануць бы табе ў лоб!..»
3 сабою я прынёс бутэльку спірту. I хоць мне не хацелася піць з гэтым чалавекам, трэба было садзіцца за стол.
Сіміён Венідзіктавіч пасля другой чаркі пачырванеў, заліўся потам, прадаўжаючы, аднак, пахвальваць нямецкі парадак. Я больш маўчаў, баючыся свайго языка. Дзед зусім асавеў і ўсё мармытаў пад нос: «Курыцыны дзеці, ліха на вас матары».
Нарэшце мы развіталіся — Сіміён Венідзіктавіч, заглядаючы мне ў вочы, доўга ціснуў руку і непаслухмяным языком разы два паўтараў адно і тое ж:
— Спадзяюся, мы будзем сябрамі... Мы будзем, спадзяюся, сябрамі.
Дзед узабраўся на печ і адразу засоп, а мы з Марынай пачалі прыбіраць са стала.
— Ты спадабаўся Сіміёну Венідзіктавічу,— сказала Марына.
— Сволач ён,— адгукнуўея я.
Марына ўзяла мяне за лацкан пінжака, зазіраючы ў вочы, сказала:
— А як жа мне? Дзень пры дні вось так... Здаецца, у брудзе з ног да галавы. Ты ідзі, кладзіся...