Нарэшце чарга дайшла да мяне. Я працягнуў пашпарт і пропуск з адносінай чыгуначнай камендатуры суседняга горада, якая давала мне права на пражыццё ў тутэйшым горадзе.
Чарнявы тып доўга вывучаў дакументы, час ад часу пазіраючы на мяне, перадаў дакументы жандарам. У мяне пахаладзела ўсярэдзіне.
«Няўжо ўсё?»
Але немцы, сказаўшы «гут», вярнулі дакументы чарняваму. «Значыць, пранесла»,— падумаў я.
— Вы дзе жывяце? — запытаў чарнявы, хоць у пашпарце стаяў штамп прапіскі.
Я адказаў. Чарнявы пайшоў да абабітых цыратай дзвярэй.
Сельваноўскі,— гукнуў ён кагосьці, адчыніўшы дзверы,— выйдзіце на хвілінку. Тут адзін субчык па вашаму адрасу катаецца.
На парозе паявіўся Сіміён Венідзіктавіч. Мне кінулася ў вочы, што ён адразу ж пазнаў мяне, але зрабіў выгляд, быццам не ўбачыў.
— Хто?
— Вось гэты,— паказаў на мяне чарнявы.
— А-а-а, прабачце, не заўважыў адразу,— неяк сурова сказаў мне Сіміён Венідзіктавіч і, павярнуўшыся да чарнявага, растлумачыў: — Так, так, ён у нас жыве... Жаніх жончынай пляменніцы... Я вам больш не патрэбны?
Ён пайшоў у кабінет, нават не паглядзеўшы на мяне.
— Можаце ісці,— аддаў дакументы чарнявы.— Спадзяюся, запросіце на вяселле.
— Абавязкова,— залішне весела выгукнуў я.
Мінуўшы скверык перад былым гістарычным музеем, я павярнуў у завулак і пачуў, што за мной хтосьці ідзе.
Нават цэнтральныя вуліцы горада тады пуставалі. I гэты чалавек, што ўлёг за мной у завулку, выклікаў падазрэнне. Няўжо сочыць? Чаму?
Чалавек даганяў мяне. У гэтым не было сумнення. Я чуў, як усё набліжаюцца ягоныя крокі. Нарэшце ён параўняўся са мною. Не паварочваючы галавы, я ўбачыў немаладога чалавека ў клятчастай кепачцы.
— Даруйце, вы тутэйшы? — спытаў ён.
— Не, прыезджы...
— А ці не ведаеце, дзе Багаслоўскі тупік?
Значыць, сувязны!.. А можа не ён?
Я з цікавасцю глянуў на яго. Быў ён худы — на твары востра выпіралі скулы над упалымі, як у бяззубых, шчокамі,— даволі высокі, можа ад таго, што схуднеў.
— Вам патрэбны тупік ці вуліца?
— Тупік. Дом нумар сем.
— Мабыць, за ракой,— адказаў я.
— Ідзіце на Чацвёртую Пескавецкую, тры. Я буду чакаць,— адказаў ён і пайшоў.
Я з палёгкай уздыхнуў. Кончыліся надакучлівае чаканне, турботы. Ад радасці я проста не чуў пад сабою ног. Але трэба было і не вельмі спяшацца, каб не прыйсці раней.
На Чацвёртай Пескавецкай мяне ўжо чакалі.
— Давайце знаёміцца,— сказаў той чалавек, які сустрэў мяне.— Я — Андрэй. Падпольная клічка — Ключ. А гэта,— ён паказаў на дзяўчыну,— Ніна. Ніна, і ўсё. Вы — Ткачук, я гэта ведаю, бо сам рабіў дакументы. Для нас вы — Дзіма.
У гэтым аднабаковым знаёмстве было штосьці незвычайнае, але яно не здзівіла мяне.
— Я вас тры дні запар чакаў... Што-небудзь здарылася? — спытаў я.
Андрэю, здаецца, маё пытанне не спадабалася, але ён тут жа адказаў:
— Мы баяліся слежкі, таму я і цягнуў.
«Значыць, і сёння Андрэй бачыў мяне на базары,— падумаў я,— бачыў, як я трапіў у аблаву. А каб мяне не адпусцілі?..»
Мне стала крыўдна.
— Гэта вы дарэмна. Я ўжо не ведаў, што рабіць,— сказаў я.
— Пажывяце — ацэніце,— адгукнулася жанчына, якая дасюль маўчала.
— Таварыш Ткачук усё яшчэ думае, што ён у лесе, сярод сваіх. А тут абстановачка паганая. Дарэчы, вы ведаеце, што група, якая павінна была выконваць гэтае заданне, правалілася. I арыштавалі яе тады, калі прыйшоў сувязны ад вас...
Я пра гэта не чуў і аж здрыгануўся ад Андрэевых слоў.
— Што гэта значыць? — спытаў я.
— А тое, што яны не дрэмлюць. I, мабыць, недзе там, у вас, сядзіць іх агент...
— Не можа быць...
Я чакаў, што Андрэй запярэчыць, прывядзе нейкія доказы, але ён павёў гаворку пра заданне, якое належала выконваць. Ягоная сур’ёзная разважлівасць, глыбокая ўпэўненасць, з якой ён расказваў пра план аперацыі, супакоілі мяне, адагналі трывожныя думкі, што былі замітусіліся ў галаве. Я ўвесь аддаўся гэтаму смеламу да адчаю плану, які прапаноўваў Андрэй.
Нарэшце мы збольшага абгаварылі асобныя дэталі. Мне трэба было ісці.
— Скажы, Андрэй, што гэта за кватэра, дзе я жыву? — спытаў я.
— А што? — насцярожыўся ён.
Я ледзьве не пачаў расказваць пра начныя прыгоды, але чамусьці ўстрымаўся.
— Вельмі ўжо сямейка каларытная. Адзін Сіміён чаго варты.
Андрэй ледзь улоўна ўсміхнуўся.
5.
3 Чацвёртай Пескавецкай да Марынінай хаты было кіламетры два, калі не больш. Засяроджаны сваімі думкамі, я не вельмі звяртаў увагу на тое, што дзеецца навокал. Ды, зрэшты, і звяртаць увагу не было на што: горад быў бязлюдны. Нават паліцэйскіх не відаць. Асабліва пустым выглядаў раён Заручэўя, праз які я ішоў. Абгарэлыя коміны, папялішчы, руіны, парослыя бур’янам вуліцы — і ні душы.
Каб спрамаваць шлях, я павярнуў за царквою напрасткі праз агароды і неўзабаве выйшаў да руін электрастанцыі. Адсюль ужо была бачна вуліца, на якой жыла Марына.
Прыпыніўшыся сярод руін, каб закурыць, я ўбачыў чалавека, які шыбаваў таксама напрасткі, пераразаючы мне дарогу.
«Як ён падобны на Мухіна,— падумаў я.— Ну проста выліты Мухін».
Чалавек прайшоў ад мяне крокаў за трыста, па той дарозе, што вяла за горад, што даходзіла аж да нашай партызанскай зоны.
Марына была адна. Яна абрадавалася, быццам даўным-даўно не бачыла мяне, павісла на шыі.