Яны стаялі, шчыльна прыціскаючыся да драўлянай брамы. Дождж, малады, па-летняму хуткі, змываў з сонных дрэў ускраіннай вуліцы мяккі пыл, барабаніў па дахах, пеністымі струменьчыкамі ўжо бег па вуліцы.
Запахла вільготнай зямлёй. Сабака змоўк, толькі час ад часу глуха і непрымірыма бурчаў з будана. Першыя промні сонца выпырснулі з-за шэрых хмар, і вокны суседняй хаты заблішчалі, абмытыя кароткімі, пругкімі струменьчыкамі. Тоўстыя сакаўныя касачы стаялі, выцягнуўшы вострыя трохгранныя лісты, па якіх іскрыліся кроплі вады.
Пінчук стаяў, адчуваючы, як раптоўна рассунуліся межы акружаючага. Свет паўставаў перад ім такім маладым, яркім і напоўненым, у ім было так многа цяпла і азоранасці, што ў яго раптоўна сціснулася сэрца, як у адзінокага вандроўніка, што нечакана зазірнуў у чужую хату падчас вяселля ці ўрачыстасці.
Няўжо на самай справе прайшло ўсё, што наканавана, няўжо ён толькі госць на гэтым вечным балю жыцця? А можа быць, можа быць… ён не дагаварыў, баючыся сагнаць, як птушку, надзею… не, толькі прывід надзеі на тое, што свет не замкнецца вакол яго нябачным колам адзіноты і бязлітаснасці? Чаму ж тады побач яна, гэтая маладая жанчына, — ледзьве прыкметная ўсмешка дрыжыць на пульхных вуснах, тонкія бровы здзіўлена прыўзнятыя, быццам і яна ўпершыню бачыць наўкол сябе такую прыгажосць і дзівіцца на яе. I гэтае здзіўленне ўпрыгожвае яе яшчэ болей, яшчэ болей маладою выглядае яна цяпер, пасля дажджу, нібыта і ен змыў з яе нешта маладымі сваімі струменьчыкамі. Удзячнасць да яе за тое, што яна нібыта наноў падарыла яму даўно забытае, нібыта астыглае адчуванне прыгажосці навакольнага, ахапіла Пінчука з раптоўнай сілай, і ён усё не кранаўся з месца, як бы баючыся, што яно знікне, растворыцца ў гэтым шчодрым летнім дні, як здань…
Час, які здаваўся застыглым і знямелым, зрушыўся, і імкліва, нібыта наганяючы адзін аднаго, паляцелі дні. Цяпер было дзіўна, няўжо ён мог раніцамі не адкрываць вачэй, цягнуць момант прабуджэння, не жадаючы вяртаць сябе ўсяму, што абкружала. Цяпер ён ускокваў хутка, яшчэ на дасвецці, і найчасцей ішоў на базар шукаць кветкі для Галіны — вільготныя, цяжкія півоні, высокія ганарлівыя калы, палымяныя, з пругкімі пялёсткамі цюльпаны. Між ім і Галінай усё яшчэ нічога не было акрэслена, а між тым бачыць яе штодзень станавілася такой жа неабходнасцю, як кожную раніцу прабірацца між прылаўкамі, запоўненымі ўсімі фарбамі беларускага лета — ад ружовых да цёмна-барвовых, выбіраць і адчуваць, як адкрыццё, жывую, трапяткую сілу кожнай кветкі…
Першага верасня Галіна ўпершыню сама прынесла яму кветкі, бы па нейкаму маўкліваму ўгавору. I, закончыўшы работу, яны паехалі за горад і доўга блукалі па бярэзніку, што пачынаў абсыпацца. Абодва маўчалі. Ён думаў пра тое, што абавязкова павязе яе хутка, дзесятага верасня, на самае дарагое яму месца, і гэта павінна нарэшце нешта вырашыць, як быццам без той паездкі вырашыць усё, што цяпер звязвала іх, было немагчыма.
Дзесятага верасня была нядзеля, і, прачнуўшыся, Пінчук доўга ляжаў, гледзячы, як набірае сілу бледнае світанне, слухаючы, як ірвуць паветра звышгукавыя самалёты. Кожны год у гэты дзень ён быў там, на месцы далёкага бою, сядзеў каля гаю доўга, так доўга, што кожны раз рабіў намаганне, каб адарвацца, каб знайсці сілы паехаць назад, бо іначай ён урасце ў зямлю навечна, як ураслі магутныя дубы, у целах якіх гудуць і ныюць даўнія асколкі.
Сёння Галіна паедзе разам. Ён адчуваў — яна павінна ехаць. Чаму — не пытаўся ў сябе, толькі ведаў — усё сапраўды можа рашыцца толькі там.
…Яны ехалі палову дня. Цёмна-шэрая стужка шашы размотвала і размотвала перад імі сваю вузкую прастору, блакітная смуга вісела над пералескамі, прыціхлымі і задуменнымі, якія нібыта рыхтаваліся да чагосьці таямнічага, важнага. На палях пачалася ўборка бульбы, і пах цёплай разварочанай зямлі ўрываўся ў кабіну, перамешваючыся з гаркавым дымам, што паволі плыў з далёкіх палёу, дзе палілі бацвінне. Зямля святкавала вызваленне ад цяжкай працы, і залацістымі шапкамі стаялі на апусцелай пожні стагі.
Пінчуку ўспаміналася, як хлапчуком бегаў ён па калючай пожні, прымінаючы тоўстыя сцябліны загрубелымі за лета нагамі, адчуваючы прахалоду зямлі і яе ціхую ласкавасць. I тут жа ўбачылася, як пасля, праз некалькі гадоў, ён поўз па ёй жа — толькі цвёрдай, здзічэлай, незааранай, заклінаючы яе расступіцца, абараніць ад кулі і асколка, да смяротнага жаху не хочучы навек застацца тут, на полі, сярод дубоў, пад вечным небам, такім няласкавым і халодным.