Алена не прапускала ніводнага разу спатканняў. Нават тады, як гарэла агнявіцай, прастудзіўшыся ў халодны сіверны вечар, калі трэба было чысціць дарожкі, замеценыя снегам. Яна прыносіла Васілю перадачы — бедныя астаткі таго, што ўдавалася наскрэбці з яе абедаў — то кавалак сыру, то бутэльку малака, то некалькі цыбулін… Канвойны грэбліва пераварочваў прынесенае — адным пальцам, паспешліва, і ёй здавалася, што сам гэты доўгі худы палец так і дыхае пагардай… Яна вярталася ў кляштар разбітая і спустошаная, але варта было ўдыхнуць цёплы, крыху душны ад нейкіх пахкасцяў водар калідора, як у душу Алены сыходзіў спакой, і яна, уцякаючы ў думках ад усяго, што нагадвала ёй пра турму, пра тое, што бачылася ў вачах Васіля, зноў сплятала карункі шчаслівага будучага, якое, нягледзячы ні на што, павінна было іх чакаць. Часам, праходзячы па вуліцах, Алена бачыла, як ішлі, паднімаючы палкі з лозунгамі, людзі ў картузах і шэрых світках, як падалі яны пад ударамі гумак, якімі паліцэйскія разганялі дэманстрацыі. Сэрца яе жахалася. Яна баялася паліцэйскіх — сытыя, з гладкімі раўнадуншымі тварамі, яны дзелавіта рабілі сваю справу — калечылі людзей, гналі, як скаціну, па вуліцах, упіхвалі ў машыны, і ў гэтай іх дзелавітасці бачылася ёй нешта нечалавечае, як быццам ніколі не нараджалі іх мацяркі, а яны так і ўзнікалі аднекуль — высокія, відныя, паслухмяныя толькі. адной руцэ, што нябачна кіруе імі… Адзін толькі раз бачыла Алена, як двое моцных высокіх гарадскіх дзецюкоў напалі на паліцэйскага — таўклі яго нагамі, а ён віўся сярод пылу, як чарвяк, засланяўся рукамі, і на імгненні паказваліся блакітныя, амаль белыя ад жаху вочы немаладога ўжо чалавека. Гэта сапраўды былі чалавечыя вочы, і яна так уразілася гэтым — бачыць у паліцэйскім істоту, — што аж спынілася непадалёку як зачараваная. А неўзабаве недзе паблізу заверашчаў свісток, і хлопцы, пакінуўшы паліцэйскага, прыгінаючыся, пабеглі ў бок недалёкага рова, а той, яшчэ не падняўшыся, усё тузаўся ў пыле, збіраючы злотыя, што выпалі з кішэняў, і ўжо не страх, а нянавісць плавілася ў бялёсых вачах, ён хрыпла мацюкаўся, і пляваўся, і так аблаяў Алену, што яна пабегла прэч як аншараная.
Васіль яшчэ раз напомніў пра сяброў, якія маглі. б прыняць яе і дзіця, даць ім прытулак. Але яна нават не хацела думаць пра іх, у душы сваёй ціха росцячы зло на тых, хто скруціў душу Васіля, аказаўшыся мацней за яе каханне — а ці ж не аддала яна ўсё, што мела ў жыцці, не кінула-рынула ўсё, каб найсці за ім? Дый хто яны былі? Ёй успаміналася, з якім захапленнем Васіль неяк расказваў пра аднаго з паплечнікаў: той, асуджаны на вісельню, паспеў крыкнуць перад смерцю: «Вешайце вышэй, каб было мне відно перад смерцю, як гараць вашыя маёнткі!» Здаецца, ён зваўся Андрэем… I з таго часу яна не магла спакойна сядзець, калі нехта з іх заходзіў да Васіля, каб да позняй ночы гаварыць пра тое, што на тытунёвай фабрыцы за адзін толькі месяц дзесяць няшчасных выпадкаў, што пакойчык на сям'ю каштуе ўжо трыццаць злотых і што заробак тут, «на крэсах усходніх», у два разы ніжэйшы. Што з тых размоў? Хіба можна было змяніць свет — такі непахісны ў сваім парадку, законах, звычаях? Нашто класці галаву пад сякеру, калі ёсць сям'я, дзеці, калі, нягледзячы на галечу, ёсць у чалавека хвіліны, моманты шчасця — ці то каханне, ці то проста ад яснага сонца, маладой травы, вясновага дажджу?! Алена, нягледзячы ні на што, прагна жадала шчасця — хаця крышачку яго, хаця драбочак. Калі надта захацець — збудзецца. Прыходзілі думкі — не вечны ж і бацька, што адрокся ад яе, даведаўшыся пра Васіля. А маці… маці, бадай што, даруе. I тое, што ёсць недзе вялікі драўляны дом, гаспадарка, дзе працуюць наймічкі, што стаіць пад абразамі скрыня, дзе паўнюсенька ўсялякага набытку і дабра, неяк сагравала яе, прымушала яшчэ болей аддаляцца ад тых, хто хацеў нешта змяніць, бунтаваў і трапляў у турмы і на шыбеніцы. У апошні час ёй часта чамусьці ўспаміналася родная хата, дзявочыя ўборы, якія штогод купляла маці, асабліва ж хромавыя чырвоныя боцікі, у якіх так лёгка і прасторна назе, калі бяжыш праз вуліцу і ловіш цікаўныя позіркі хлопцаў…