Як быццам нельга здаць тыя білеты, а то і хай бы яны зусім прапалі, праклятыя! Не, тут у другім справа была — захацелася белы свет пабачыць, прыгожа пажыць, а на зарплату не шыканеш, на працоўныя, заробленыя, яны і тут заробленыя, але ж калі трапляе адразу такая сума да мужчыны, не прывучанага да грошай, то ён як шалее ўсё адно. Будзе кідаць рублі навокал, ды так лёгка, як быццам ім цаны няма. А я бачыла тую цану — днямі стаяць пад сонцам палючым ды цагліны перад сабой у сцяну выстройваюць. Цяжкая работа. I што дзіўна — звычайныя хлопцы, выраслі проста, як усе мы, але чым прасцей рос, тым болей грошы кідае, як купец які, што гатовы на анучы сабе аксаміт драць! Нічога я прыгожага ў тым прыгожым жыцці не знаходзіла, нават калі з Мішам кожны дзень у рэстаране сядзела, быў такі ў іх тыдзень «перакуру». Едзеш туды па спякоце, у горад, млееш у туфлях ды сукенцы святочнай — і ўсё дзеля таго, каб табе на брудны абрус кінулі смажаніну, ды такую, што ў нас і сабака адмовіцца ад яе. А танцы — яно б і нічога, спачатку можна і танцаваць, але ж пад канец усё гэта скача, гопае так, што прагінаецца падлога, і ўсе п'янае, вытарашчанае, няўцямнае! Як пабачыла, што дзяўчаты, гуртам скачучы, задамі мужчын суседніх на хаду піхаюць, — ці то жартам, ці то знарок, — свету не ўбачыла. «Хадзем, кажу, Мішанька, адсюль!» Не на Марсе і я нарадзілася, бачыце, сама цяпер куру, разумею, што, можа, пры сённяшнім раўнапраўі яно ўжо і не сорамна для жанчыны мужчыну самой у ложак цягнуць. Але ж адно разумець, а другое бачыць, як дзяўчаткі, якім дзе-небудзь на рэчцы з хлопцам на зоркі глядзець ці кветкі збіраць, сядзяць вакол бутэлек з вачыма пасалавелымі, як у заўзятых п'яніц, хлопцаў аглядаюць ўсёй кампаніяй ды такія заўвагі пра іх робяць, што наш вартаўнік дзед Васька, які слова без мата не вымавіць, зачырванеўся б тут, як півоня! Пасля я гэтых дзяўчатак у пасёлку бачыла. Стаяць сабе за прылаўкам ці ў кафэ — нармальныя, сціплыя як быццам, і вочы ясныя. Але было ўжо мне зразумела: не будзе нічога добрага там, дзе жанчыны да ўзроўню п'яных мужыкоў апусціліся і не толькі іх душой не паднімаюць, але, наадварот, на благое штурхаюць. Калі сваё прызначэнне на зямлі не выконваюць. Якое прызначэнне, пытаецеся вы? Ды такое, што сіла на зямлі — ад мужчын, пяшчота і прыгажосць — ад нас з вамі. Што, можа, занадта па-кніжнаму гавару? Што ж, я і праўда шмат цяпер чытаю. Дачка ў дзевятым класе, кнігі прыносіць, і я з ёю — Талстой, Дастаеўскі, Кузьма Чорны. Праўда, многа не разумею, ало ж не параўнаць, як у школе чытала — тады прамільгнула гэта ўсё для мяне, як сон. А цяпер чытаю і над кожным сказам думаю. Не паспяваю — дачка злуецца, забірае кнігі, дык я прыйду са змены — і ноччу. За акном мяцеліца, снег уецца, і так добра пра ўсё думаецца. I пра тых, хто цяпер адзінокі, як і я, і хто, можа, брыдзе дарогай снежнай кудысьці да цяпла, і што мала яго, цяпла таго, каб усіх, каму яно трэба, сагрэць… А яшчэ пра тое, што жывуць жа людзі, як глухія і сляпыя, не думаючы ні пра што, толькі — паесці, апрануцца ды перад іншымі пакрасавацца. I так да самай смерці… Я, з Мішам жывучы, таксама пра гэта не думала. Але ж маладая была, дый каханне нас сляпіла. О, як сляпіла! Бывала, стаю, гляджу, як ён агароджу чыніць ці вёдры з калодзежа нясе — і вочы слязой засцілае ад любасці. Здаецца, кожную жылку ягоную перацалавала б, бінтом бы абярнулася, каб самую маленькую драпіну яму перабінтаваць! Але колькі помню, усё роўна свет нам каханне не засцілала, помнілі і пра іншых, і не раз Міша за інваліда Пятровіча дровы пілаваў яму на двары, студню ўдаве Макарысе чысціў і — каму што трэба было — не адмаўляўся. I гэта добрае, што мы рабілі для другіх, як бы і наша каханне мацавала, свет рабіла яшчэ чысцейшым, дабрэйшым…
Калі з ім няшчасце здарылася, паехала я ў той стэп, не думаючы ані пра тое, што гэта ж мне цяпер усю сям’ю на сабе цягнуць, ні пра тое, што мяжа нас з Мішам раздзеліць… Ехала да роднага, якому і паспач-ваць, і віну якую паняць трэба. Закон карае справядліва, ды толькі не блізкаму чалавеку ў такі час адцурацца ды абвінавачваць. Помню, павезла яму нейкія кансервы шведскія, што на базе ўбачыла ды выпрасіла — трохкутненькія, яркія… Страх як пакаштаваць хаця з адной баначкі хацелася, не! — усе везла яму, Мішу… Еду, баначкі тыя ўсё перабіраю, пералічваю, як быццам тым палёгку зраблю якую для яго…
Ды Міша ўжо не тым быў. Я і раней, як у рэстаран з ім хадзіла, заўважаць тое пачала. Возьме за плечы, а рукі — жорсткія. Вачыма абвядзе, і пешта ў іх мільгае — як бы чужое, як бы ацэньвае мяне збоку. Здаля. Неяк сказаў: «У цябе і зморшчынкі пад вачамі», нібыта дадаваў да таго, што ўжо сабралася ў ім. Я скурчылася: куды ж ад іх, зморшчынак, падзенешся? Ды і не надта іх там было. Я пасля, прыехаўшы, нейкі дарагі крэм купіла I ўсё церла пад вачамі, дык іх, здаецца, ці не пабольшала. А на пасяленні і зусім другі Міша мяне сустрэў. Кансервы тыя паглядзеў, неяк вяла ў тумбачку паклаў. Цмокнуў — і без душы, чую. I пайшло ні тое, ні гэта, аж пакуль дружбак ягоны мне пе шапнуў: