Ваўкі беглі не так хутка, як раней. Відаць было, што глыбокі снег і гонка ўжо выматалі іх, але сіла, якая гнала іх цяпер за дрызінай, была мацнейшая за стому — раз'ятраная воля і разлік адчуваліся ў мерным, да жаху раўнамерным ваўчыным бегу.
Наперадзе, ужо заскочыўшы на шпалы і прынароўваючыся да іх дробнага перабору, бегла невялікая, з упалымі бакамі ваўчыца. Гэта Віктар і Кацярына зразумелі адразу — іншыя былі буйнейшыя, больш марудныя. Яны ўжо раздзяляліся па баках, каб абкружыць дрызіну, і нехта першы рыхтаваўся ўхапіць вострымі бязлітаснымі зубамі здабычу, якая б яна ні была.
Віктар машынальна, не адрываючыся паглядам ад ваўчыцы, сцягнуў рукавіцу, і рука яго ямчэй ухапіла ледзяное тапарышча. Яно балюча апякло далонь, але холаду ён не адчуў — шэрая, з чарнаватымі падпалінамі ваўчыца была ўжо зусім недалёка. Яна чакала, і дыханне яе штуршкамі вырывалася ў прастору — такую агромністую, бяздонную, што ў яго зацяла дыханне. Іх пасёлак, вуліцы, вагончык — усё гэта было далёка, так далёка, што ў яго на момант мільганула шалёная думка — а ці было гэта на самай справе? Усё цёплае, тое, што сагравала іх, давала раўнавагу жыццю, як быццам пакінула іх, заставаліся бязлюдная пустыня і ваўкі… Не зводзячы вачэй з ваўчыцы, ён убачыў Кацярыну — твар яе быў, як бальнічная сцяна, і толькі, ледзь скошаныя, ззялі нясцерпным святлом поўныя жаху вочы. Яна сядзела бокам, дзвюма рукамі намёртва ўчапілася ў борт.
I гэта як ускалыхнула яго, прымусіла скінуць здранцвенне. Ён раптоўна — усёй скурай — адчуў, што ён мужчына, што спрадвечна, заўсёды было і будзе так — жанчына павінна быць пад ягонай аховай, за ягонай спіной.
— Сядзь прама! — загадаў ён. — Адбівайся нагамі, з усяе сілы. I трымайся. Галоўнае — не вываліцца!
— Ой, Віценька, — нібыта дачакаўшыся гэтых слоў, загаласіла яна, тоненька і безнадзейна, — Яны ж дагоняць нас… О госпадзі-і!
Не выпускаючы з рук сякеру, ён пасунуўся да краю дрызіны — там, амаль кранаючыся яе носам, бегла ваўчыца. Але тая, нібыта разгадаўшы намер, абагнала дрызіну. Яна кіравалася да Кацярыны, беспамылковым інстынктам звера ўгадаўшы, хто слабейшы! А можа, прыцягнула яе скавытанне шчанюка — яно тонка і адчайна праразала цішыню, таму што — Віктар адзначыў гэта неяк машынальна, падсвядома — апроч стукату матора, вакол панавала цішыня — такая, якая бывае перад навальніцай, калі чорная кіпучая хмара вось-вось выблісне асляпляльным, аглушальным раскатам!
Ваўкі абкружылі дрызіну, высокі касцісты звер скокнуў першым. Але абвостраны небяспекай інстынкт Віктара падказаў яму скачок — ён, коратка і востра размахнуўшыся, ударыў сякерай. Воўк паспеў вывернуцца, і сякера звонка, аглушальна звонка ўдарылася ў металічны борт, так што на імгненне выбліснуў сноп іскраў.
Другі скачок — ваўчыцы — ён угадаў таксама, ірвануўся наперарэз, таму што там, дзе цэлілася ваўчыца, была Кацярына. Шаленства ахапіла яго, але мацней за ўсё, нават за страх небяспекі, была адна думка — уратаваць Кацярыну! Яна, яна павінна застацца жывою. Хаця б яна!
Ён гатовы быў крычаць, маліць гэтую халодную ледзяную прастору, каб яна, забраўшы ягонае жыццё, пакінула Кацярыну. Ён вар'яцеў — і, перахапіўшы ваўчыныя лапы, згубіўшы ў гэтым адчайным скачку сякеру, зразумеў, што павінен зрабіць адзінае… Павінен…
Адчуваючы, як патыхнула ад звера гарачым і смуродным, ён, апошнім намаганнем схапіўшы ваўчыцу за шыю, разам з ёю вываліўся з дрызіны!
Яны выкаціліся шалёным клубком, паляцелі ў адхон, перакульваючыся ў рыхлым снезе. Зграя адразу спыпілася, пасля ваўкі кінуліся назад.
Коратка, здушана закрычала Кацярына. Яна стаяла ў дрызіне, не ведаючы, што прымусіла яе адарвацца ад ратавальнага борта. Ледзяная прастора насунулася на яе — халодная, халодная ледзяная прастора, дзе не было Віктара, і сэрца яе таксама спынілася, захлынулася болем. Сама не ведаючы, што робіць, яна зрабіла крок, другі — і тарганулася ўніз, дзе мільгалі зледзянелыя карычневыя шпалы, якія аднеслі яе ад Віктара, каб памерці разам з ім, таму што навошта жыць адной, без яго?!
Аглушаная ўдарам, яна ў беспрытомнасці ляжала ў снезе, не ведаючы, што зграя не заўважыла яе, што Коля Мігалкін, ад'ехаўшы з кіламетр, вернецца, выратуе яе і шчанюка — той, не ведаючы ні аб чым, усё будзе скуголіць і высоўваць з кажуха сваю цёплую вільготную пысу…
ГУЛ ДАЛЁКІХ СТАГОДДЗЯЎ
Ваўкалакам абярнуся