Пасля ён прызвычаіўся да ўдараў, умеў хутка адвесці ўбок галаву, каб не залівацца крывёй і саслабіць удар. Але ўсё роўна — не адставаў ад яго унтэр, відаць, адчуваў ён у зацятым маўчанні крошынскага навабранца нешта такое, што трэба было абавязкова забіць, затаптаць.
I зноў бачыць Багрым: вось, зашпільваючы на хаду аплік, трусіць ён па заледзянеламу пляцу. Круг першы, трэці, дваццаты… Упаў, паслізнуўшыся, сусед, але паднімаць яго нельга. Грубы крык б'е ў спіну, штурхае наперад. Трэба бегчы, бегчы, бегчы, цяжка перабіраючы пудовымі ботамі, а салёны пот залівае вочы, ноздры, руччамі сцякае за каўнер…
I так — дваццаць пяць неверагодна доўгіх гадоў, што змардоўвалі не толькі цела, але і забівалі душу — упарта, але незваротна. Страшныя, мёртвыя гады! Нішто не ўспамінаецца з таго часу, апроч нянавісці і страху перад днём, што наступіць заўтра. Ты жывеш і не жывеш, думаеш, але і думы не належаць табе, бо ты не маеш права думаць інакш як згодна з уставам! Ты — носьбіт чужой, варожай табе волі, і яна дзень за днём скручвае і нявечыць…
Пра вершы не прыходзілася і думаць. У першыя гады яшчэ спрабаваў запісваць нешта на кавалках паперы, якія даводзілася даставаць патаемна, з перасцярогай. Але паступова гэта рабілася ўсё цяжэй і цяжэй — пасля доўгага цяжкага дня напружваць сілы і памяць. Для каго, для чаго старацца, калі невядома, ці будзе ён жыць заўтра, ці павесіцца на салдацкім рэмені, як гэта рабілі некаторыя салдаты?
Але ён выжыў, вярнуўся на радзіму. Калі пасля дваццаці пяці гадоў выйшаў з лесу і ўбачыў крошынскія хаты — закалыхалася пад нагамі зямля, здавалася, прыпадзе зараз да яе, зямелькі, заплача горкімі і радаснымі слязьмі… Але не, не заплакаў. Нібыта сапраўды заледзянела, высахла ў ім душа.
Вось і зараз — сядзіць ён на беразе ракі, і здаецца: яшчэ крыху, і нахлыне на яго тое адчуванне, якое паспытаў некалі, пальюцца радкі, якімі выкажа ўсё, што набралася за гады ў сэрцы. Але не — пуста і глуха навокал, пуста і глуха ў ім самім, толькі сціскае сутаргай горла, — і зноў вяртаецца ён ў цёплую сваю хату ні з чым. Брыдзе пад дажджом без думак, без пачуцця.
У хаце крыху ачуньвае. Паволі здымае вільготную сярмягу, мех з галавы, развешвае ўсё каля печы. Павольна паднімае галаву і зноў кладзе яе на падушку маладая жонка — салодкія сны бачацца ёй у такую пару! Паўлюк моўчкі распранаецца, дзьмухае на лучыну і лезе на печ. Салодкае цяпло расцякаецца па целе, але сон таксама не прыходзіць.
Новыя твары ўстаюць перад ім — вось стаіць каля грубкі настаўнік, ксёндз Магнушэўскі. Не надта быў ён падобны на тых ксяндзоў, якія бачылі ў навакольных хлопах быдла. Гарадскія і дворныя наны называлі Магнушэўскага «мужычым прапаведнікам», а некаторыя сцвярджалі, што ён не ў сваім розуме. Іначай чаму ж і гаварыць стаў па-мужыцку, хаця раней, як вядома, вучыў дзяцей самога князя? Стаіць настаўнік, трымае ў руках кніжыцу, чытае з яе байку Эзопа, а за вокнамі парафіяльнай школы калываюцца на марозным ветры белыя ад шэрані дрэвы, згорбіўшыся, стаяць пад снегавымі шапкамі ўбогія сялянскія хаты, цікаўна зазірае ў акно чырванагруды снягір…
Як кіпела тады ў Паўлюку нястомная прага ведаць болей, як хацелася яму сваім розумам зазірнуць у далёкае мінулае, вызнаць тое, аб чым пісалі даўнейшыя мудрацы! Якой моцнай была вера ў тое, што лёс яму прызначаны незвычайны, што ёсць у ім дар, які даецца нямногім!
Пра гэты дар не раз гаварыў яму і настаўнік:
— Можа, табе, сын мой, адпушчана першаму расказаць усяму свету пра народ свой?
I была ў яго голасе здзіўленасць і нейкая добрая задуменнасць. А аднойчы запрасіў у свае сціплыя пакоі, паказаў паліцы, на якіх стаялі старадаўнія кнігі, рукапісы (збіраў ксёндз старыя, абгарэлыя, знявечаныя кнігі, пераплятаў іх, вяртаў да жыцця). Папрасіў пачытаць свае вершы. Пасля доўга маўчаў. Паклаў выхаванцу на галаву цяжкую даланю, прапахлую зямлёй і ладапам, і горыч адчулася ў ягоным голасе:
— Міру вучу цябе, дзіця маё, але ведаю — цяжкая доля цябе чакае… Балюча будзе тваёй душы — не тыя песні яна спявае…
Прарочымі аказаліся тыя словы, не раз успамінаў іх Паўлюк. Але тады, выслухаўшы настаўніка, тут жа забыўся на іх — сіла маладосці, няведання кіпела ў ім, не баяўся ён будучыні. А між тым бяда, як чорная хмара, уставала над іх сялом — відаць, бачыў яе стары ксёндз, але не мог нікому сказаць пра тое. Быў і ён паднявольны, ведаў, што перадаюць ягоныя словы каму належыць. Ды і што мог ён тады сказаць малому хлапчуку? Што панна Антаніна Радзівіл, адзіная наследніца князя Мацея, уладара навакольных земляў, выходзіць замуж за шляхціца Станіслава Юрагу, а той вядомы ў ваколіцы сваёй ненасытнай прагавітасцю і драпежнасцю?