Кацярына не крыўдавала на Віктара. Яна і сама разумела, што пакуль пра пчальнік марыць не прыходзіцца: дрэўцы навокал чэзлыя, кволенькія, летам яны ледзь паспяваюць выкінуць лісточкі і болей гнуцца да зямлі, быццам і само паветра тут цісне на іх галінкі. А кветкі адцвітаюць так хутка, што і сам не паспяваеш на іх нагледзецца, дзе тут пчолам! I ўсё ж, відаць, жыла ў яе крыві ўпартасць, што дасталася ў спадчыну ад дзеда бацьку, а пасля і ёй. Ці не тая сіла рухала і дзедам, які ў звычайнай вёсачцы наладзіў такую аранжарэю, што там можна было б адкрываць філіял батанічнага саду. А бацька, які, нягледзячы на наступленне хіміі, падняў у саўгасе зусім было забытае пчалярства?
Яна ўсміхалася зараз, хутаючы нос у цёплую аўчыну. Вось і кажухі зрабіў бацька самастойна, хаця спачатку не ведаў, як узяцца за гэтую справу. Але, дзівуючыся таму, што маладыя цяпер пачалі вар'яцець на гэтых даўблёнках (так называў ён кажушкі), якія ў гады ягонай маладосці апраналі толькі вартаўнікі ды тыя, хто ехаў у дарогу, ён пашыў-такі два, а пасля яшчэ некалькі, але грошай не браў. Бурчаў, што так нядоўга і кулаком зрабіцца, грошай жа і так, дзякуй богу, хапае. Рабіў толькі для знаёмых і то хваліў моладзь, якая пачала-такі пазбягаць сінтэтыкі, ад якой па целе бегаюць іскры і пачынаецца задуха, то смяяўся з тых юнцоў, што гатовы былі і мяхі з-пад бульбы на сябе ўсцягпуць, абы модна было.
— Што, замярзаеш? — нахіліўся над ёю Віктар.
— Не, — яна ўдзячна ўсміхнулася.
— Хутка прыедзем. — Ён бліснуў карымі вачамі, і вусікі над дзіцячай яшчэ прыпухлай губой смешна прыўзняліся.
Калі ён пачаў адпускаць вусікі, жартаў было многа. Хлопцы называлі яго віконтам дэ Бражэлонам — нехта прывёз з «кантынента», як называлі тут далёкую Цюмень, некалькі томікаў Дзюма, і яны, прачытаныя, сіратліва валяліся на газазборачнай станцыі, наводзячы спакусу на прыезджых. А ён і сапраўды быў падобны на юнака, якога намалявала фантазія мастака, што афармляў кнігу, — высокі, хударлявы, з насмешлівымі карымі вачамі на бледным твары і арліным носам. Выгляд у яго быў крыху задзірісты і ваяўнічы. Спакойная, упэўненая Кацярына побач з ім здавалася крышку соннай. Было нешта непарушна трывалае, надзейнае ў яе рухах — як здымала з Віктаравага касцюма парушынкі, як падавала яму талерку, усміхаючыся куткамі вуснаў — прыгожых, пунсовых. Яна хадзіла заўсёды ў світэры і спадніцы, і толькі дзяўчаты ведалі, што ў яе надзіва прапарцыянальная, амаль класічная фігура.
— Ты б сукеначку, сукеначку, ды такую, каб усё было бачна — і талія, і астатняе! — не раз вучыла яе Зіна Лаўрыновіч, першая модніца ў пасёлку.
— А навошта? — пыталася Кацярына, і Зіна кожны раз нібы слупянела.
— Як гэта навошта? Як гэта навошта? Дый хай паглядзяць, якая ты! А то ўкляпалася ў свайго Віктара — ён што, свет табе ў акне? Колькі хлопцаў у пасёлку, самы час выбіраць!
— Адвяжыся! — махала рукой Кацярына і ішла ў другі канец вагончыка — мыць посуд, прыбіраць або, калі не было іншай работы, садзілася пад лямпай з вышаўкай, што таксама даводзіла Зіну да роспачы:
— Танцы сёння ў клубе, цяцера ты гэткая! Танцы!
— Ну і што? — спакойна дзівілася Кацярына, асцярожна прадзяваючы нітку ў тоненькае вушка іголкі.
— А хто прасавацца будзе? А прычоска?! Кацярына толькі махала рукой, назіраючы, як мітусіцца Зіна, абстаўляючыся крэмамі, шчыпцамі для завіўкі, лакамі і пілачкамі. Калі наступаў час, яна паднімалася, нацягвала на сябе святочную сукенку і, закалоўшы доўгія бялявыя валасы шпількамі, ішла ў клуб — так называліся два вагончыкі, паміж якімі была высечана сценка, каб там магло памясціцца, у цеснаце і даўцы, з дзесятак пар. Але часцей Кацярына нікуды не ішла. Яна сядзела, чакаючы, пакуль зарыпіць снег пад нагамі, затупаюць знаёмыя крокі і Віктар уварвецца ў вагончык, белы і пахкі, з фотакарткамі актрыс і акцёраў, штучнымі кветкамі і Кацярынінымі вышыўкамі.
Нядаўна яны з Віктарам падалі заяву ў мясцовы загс. Іх маглі распісаць у той жа дзень, але загадчыца загса, выконваючы нядаўна атрыманую інструкцыю аб тэрмінах, якія дадуць магчымасць маладым яшчэ раз узважыць сваё рашэнне, заявіла ім:
— Праз месяц распішам.
— Чаму праз месяц?! — абурыўся Віктар. — Вы ж пазаўчора Івана распісвалі, а яны з Алкай у той жа дзень заяву давалі!
— А вас — праз месяц, — заявіла загадчыца, падціскаючы тонкія вусны. — Новая інструкцыя!
I яны пайшлі назад, трымаючыся за рукі і нялоўка пасміхаючыся са свайго імпэту і з інструкцый, якія абавязвалі іх месяц падумаць над тым, ці жадаюць яны жыць разам, разам несці на сабе і цяжар жыцця і яго радасці.
А калі выйшлі з загса, насустрач ім трапіўся верталётчык Семянцоў і запытаўся:
— Ці забраў ты сваю лайку, Віця?
— Не-е, — разгублена працягнуў Віктар, адразу сцяміўшы, што гаворка ішла пра шчанюка, якога павінна была вось-вось прынесці Найда — славутая на ўвесь пасёлак лайка, якою валодаў начальнік недалёкай адсюль чыгуначнай станцыі.