Невыносная, незвычайна цяжкая стома падгінае ногі. А ў глыбіні размяклай душы ўзнікае і мацнее пачуццё, якое жыло з Юхам на працягу ўсяго ягонага жыцця: пачуццё гнятлівай безабароннасці. Калі б у сына даўно памерлых Пеньямі і былой служанкі Маі Нікілі быў добра развіты клёк, ён на апошніх кіламетрах свайго жыццёвага шляху адчуў бы своеасаблівае задавальненне ад перажытага за ўсё жыццё. Але цяпер усё вылівалася слязьмі, суцяшаючы стомленую душу.
Па дарозе ўзнікалі ўсё новыя і новыя хаты. На дварах сям-там тоўпіліся салдаты. Назваць іх мяснікамі-лахтарамі Юха не адважыўся нават у думках. Каля канавязяў стаялі дзясяткі коней. У адным двары Юху пасадзілі ў сані і далі новых канваіраў. Усё выразней Юха ўсведамляў, што ён болей не жылец на гэтым свеце. Хай бы ўжо хутчэй прыкончылі, а не катавалі. І з такім жалем успамінаюцца дзеці, карова – і так хочацца плакаць…
У справе Ёхана Тойвалы ўсё было зразумела з самага пачатку. Да апошніх дзён ён разам з другімі такімі ж зладзюгамі тварыў злачынствы і гвалт – апошнім была канфіскацыя футраных запон, – дый можна смела сказаць, што немалую ролю ён адыграў у забойстве гападара Пайтулы, хоць самы варожа настроены абвінаваўца, паглядзеўшы на Юху, не паверыў бы, што той можа страляць. І з усяго прыхода не знайшлося ніводнага чалавека, які пашкадаваў бы яго. Праўда, тым святочным вечарам некаторыя гаспадары, убачыўшы, як Юху некуды вязуць пад канвоем, недзе і шкадавалі яго. Але гэтае пачуццё было непрыемнае для іх, і яны з палёгкаю думалі, што больш ніколі ім не давядзецца мець справы з гэтым Юхам. Вось гэтак пэўныя людзі ідуць прэч з дому, калі забіваюць свінню, а вярнуўшыся, з задавальненнем разглядаюць чыста разабранае мяса.
Юха калаціўся душою і целам, калі яго прывезлі да месца зняволення. Ён пераконваў сябе, што заб’юць яго тым жа вечарам; няспынна ўяўляў сабе, як куля ўцінаецца ў ягонае цела. Здранцвелымі вуснамі Юха шаптаў нешта накшталт малітвы і не звяртаў ніякай увагі на ўвесь свет навокал яго. У пакоі было вельмі цесна, і толькі частка людзей магла размясціцца лежачы. Людзі кашлялі і плявалі. З цягам часу чаканне смерці станавілася ўсё больш напружаным. Шмат хто маліўся, каб Госпад прыбраў іхнія душы раней, чым гэта зробяць людзі. Маладыя бэйбусы мелі даволі дурны выгляд, калі на іхніх зверападобных тварах – па меры ўсведамлення непазбежнага – пачала свяціцца сур’ёзнасць. Адзін з іх паспрабаваў загаварыць з вартавым. «Не бойся, не ўсіх вас пераб’юць», – адказаў той, абыякава ўсміхаючыся.
Праходзіць ноч, але нікога так і не павялі на расстрэл. Пад раніцу то адзін, то другі пачынае вадзіць носам, і хутка ў пакоі чуваць толькі сонныя вохі-войкі, прыдушаны кашаль, часам хтосьці шэпча: «Госпадзі Божа, айцец наш нябесны». Чуецца храпенне: малады хуліган можа спакойна спаць і ў такіх варунках.
Уранні прыводзяць новых зняволеных. Яны спрабуюць праціснуцца да акна, пералазячы праз тых, што ляжаць на падлозе, але ахоўнік забараняе і загадвае размяшчацца проста каля сцяны.
– Дорага ж даводзіцца плаціць за свабоду, чорт пабяры! – кажа адзін з новых палонных.
Сон не прыносіць палёгкі, і ўсе пачуваюць сябе так, быццам зусім і не спалі. Аднак і кароткая ранішняя дрымота можа правесці рэзкую мяжу паміж учора і сёння. Уранні ўсе прадчуваюць, што да вечара нікога не расстраляюць. Наперадзе доўгі дзень допытаў.
А палове дзявятай суддзя палявога трыбунала, камендант і мясцовы начальнік п’юць каву. Яны знерваваныя і вось-вось перагрызуцца між сабою, бо ўсё заблытана, наперадзе цяжкі дзень. Патрэбна ўсё, а няма нічога. Вялікая колькасць арыштаваных і палонных стварае вялікія цяжкасці, і як да іх ставіцца – згоды паміж начальствам таксама няма. Адных выпускаюць пад запаруку гаспадароў, другіх самасудна расстрэльваюць салдаты, а калі сярод палонных трапляюцца шаўцы, іх тут жа прымушаюць шыць боты. За доўгі дзень каго толькі гаспадары ні цягнуць да начальства: нейкіх баб, невядомых людзей і наогул чорт ведае каго; хтосьці патрабуе распіску за тэлефон, які забралі салдаты. Ад таго ўсе так злуюцца, што камендант і суддзя міжволі пераходзяць на шведскую мову, хоць мясцовы начальнік – фін. Што рабіць з палоннымі – вось самая цяжкая праблема.
– Найперш трэба разабрацца з тымі, што заслугоўваюць смерці, – кажа суддзя.
– О allaesikunta-huliganer kan man ge brödkort utan vidare[2]
, – прапануе камендант.– Яно так, але чорт іх ведае, якія хуліганы былі ў тым штабе, – пагаджаецца мясцовы начальнік.
Гэтыя дзве такія розныя паводле псіхалагічнага настрою супольнасці – зняволеных і паноў са штаба – пасля дзевяці гадзін раніцы ўступаюць у самыя шчыльныя дачыненні. Суддзя поўны энергіі, і справы не ідуць, а лятуць адна за адною. Калі надыходзіць вечар, сорак палонных прысуджаныя да высылкі на поўнач, а дзевяць – да расстрэлу.
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги