Юха наблізіўся да цела, паклаў стрэльбу побач з ім, нібы атрымаў неабвержны загад зрабіць менавіта так. А затым з усяе моцы пабег прэч. Каля Куўскоскі прагучаў стрэл. Стары Юха, не разбіраючы дарогі, нясецца па лёдзе туды, дзе пачынаецца пад’ём на бераг. Невядомая безыменная пагроза імчыцца следам, і ён супакойвае сябе тым, што пакінуў стрэльбу каля трупа. Ён не разумее і не мае ніякага ўяўлення, што адбываецца, ён імкнецца толькі туды, у сваю старую хату. У думках мільгаюць дзеці, нябожчыца-жонка, прыемнае сугучча нядзельнага рання… Усё будзе добра… Усё наладзіцца. І тут ён спатыкаецца, падае на рукі, старая грыжа выпадае, на вочы набягаюць слёзы. Каля Куўскоскі чуюцца два стрэлы. «Людзі, што я вам зрабіў!? Завошта вы мяне так ганяеце? Я ж сацыял-дэмакрат…» Нейкі час Юха адпачывае на снезе.
Удалечыні, на пратаптанай дарозе, зноў паказваецца доўгая чарада ўцекачоў. Гэта надае Юху новыя сілы, ён устае і сутаргавымі рухамі прасоўваецца да таго месца, дзе пачынаецца ягоная лясная дарога. Вінтоўка засталася там, далёка ззаду, а калі яе і знойдуць, дык нізавошта не здагадаюцца, хто яе там пакінуў.
Каля дзвюх гадзін ночы стомлены да знямогі Юха нарэшце дабіраецца да сваёй хаткі. Цэлы тыдзень ён не быў дома, і калі дачка запусціла яго ў хату, застаялае за ноч затхлае паветра там падалося яму надзвычай прыемным. Ён запаліў лямпу і агледзеў хаціну. У вочы адразу кінуліся бядотныя вынікі няўмелага гаспадарання дзяцей. Яны спрабавалі згатаваць сабе хоць што-небудзь. Масла, якое ён тыдзень таму прынёс ад Рынэ загорнутым у паперу, дзеці не паклалі ў дзежку, яго рэшткі валяліся сярод бульбянога лушпіння і рыбных аб’едкаў. Дзеці ляжалі ў ложку з саламяным подсцілам, накрыўшыся латанаю-пералатанаю коўдрай у настылай хаце. Зразумела, што па дровы ў лес яны хадзілі неахвотна.
Усё гэта, такое сваё, такое знаёмае, – і гэтая адвечная галеча, і апусцелая хата – падалося Юху ў тую ноч Звеставання вельмі ўтульным і мілым. Усёй сваёй змучанай істотаю Юха адчуваў вялікае задавальненне ад таго, што гэтай мітусні, ягоным бязладным клопатам прыйшоў канец, і не было болей патрэбы турбавацца пра тое, што засталося ў мінулым. Ён застаўся такім, якім быў, і болей няма аб чым і думаць. Трэба прыдумляць штосьці другое.
Перакусіўшы, Юха заснуў з наіўнаю надзеяй, што назаўтра пачнецца новае жыццё.
І новае жыццё сапраўды пачалося на досвітку наступнага дня. Усе бурныя падзеі мінулых тыдняў адразу неяк забыліся, нібы выветрыліся з памяці. Адразу ж пачалі вяртацца гаспадары, апранутыя ў свае самыя шыкоўныя футры; яны тоўпіліся каля валасной управы, тапталіся каля народнай школы, гуртаваліся каля Дома моладзі. Калі сваё стаўленне да былых парадкаў яны хавалі і не выказвалі, дык іх погляд на нанова ўсталяваны лад быў больш чым зразумелы. Па ўсім прыходзе пачаліся арышты людзей усіх узростаў і абліччаў, а пад вечар, у прыцемках, некаторыя ўжо атрымалі па заслугах. Спачатку шмат якіх занадта чуллівых сялян гэтыя хуткія расправы палохалі: людзі скаланаліся, пачуўшы аб расстрэле таго ці іншага свайго знаёмага. Але неўзабаве нават самыя баязлівыя звыкліся з такою штодзённасцю і толькі што не выхваляліся адзін перад адным сваёй абыякавасцю да гэтых непрадказальных смерцяў. Проста мімаходзь адзін чалавек шапне пра тое другому – і адно толькі ўсміхнецца…
Цікава было паглядзець на паводзіны шмат якіх працаўнікоў, якія не падтрымалі паўстанне і не ўдзельнічалі ў ім, – а такіх было шмат у лясных хацінах ва ўсім прыходзе. Вядома, яны вельмі асцярожнічалі ў размовах, аднак людзям з такім развіццём занадта цяжка стрымліваць свае думкі і словы, а таму часам яны не маглі ўстрымацца ад неасцярожных выказванняў, і цяпер ім даводзілася сядзець прыкусіўшы язык, як мышкам пад венікам. Што ж да заможных сялян, дык тыя ў час паўстання выказваліся і больш рэзка, чым беднякі-торпары, але каму ж прыйдзе ў галаву западозрыць паважанага гаспадара ў спачуванні бунтаўнікам? А распусціць язык і неасцярожна ляпнуць што-небудзь непатрэбнае мог толькі здурнелы бядняк – за такое даводзілася плаціць непамерную цану. Мужчыны пакорліва спяшаліся па выкліках, жанчыны ж таіліся і лічылі за лепшае не высоўвацца. Але шмат каго з жанчын павысылалі на поўнач, і таму яшчэ больш палохаліся іншыя, калі байцы шуцкора праходзілі каля вокнаў.
Забойства гаспадара Пайтулы расследавалі імгненна. Каля забітага знайшлі вінтоўку, а ў хаце Рынэ, які з надзвычайнай паспешлівасцю ўцёк адтуль, – пайменны спіс усіх, хто атрымліваў зброю, калі і якую. З гэтага рэестра вынікала, што каля трупа была знойдзена вінтоўка Юхі Тойвалы. «Няўжо гэты гарбаты стары чорт мог учыніць такое?!» А тут яшчэ і пані Пайтула падцвердзіла, што бачыла яго ноччу каля варотаў сядзібы.
Клёк Юхі Тойвалы заўсёды ўранні працаваў значна лепш, чым увечары. Таму ён, як толькі прачнуўся, адразу скеміў, што справы складваюцца далёка не так добра, як ён спадзяваўся. У любы момант маглі заявіцца небяспечныя госці.
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги