Зноў набліжаюцца санныя запрэжкі. Мяркуючы па рыпенні палоззя, іх там цэлы абоз. Што за вазкі з таго боку, ды яшчэ так шмат?
Калі пярэднія сані параўняліся з Юхам, хтосьці рэзка спытаў:
– Гэй, дзед, тут не праязджалі двое малойчыкаў?
– Недзе з гадзіну назад праязджалі двое нейкіх…
– Чортавы шпягі! Чаму ты іх не затрымаў?
Неўзабаве прыехалі яшчэ некалькі саней. І зноў тое ж пытанне.
– Дзед, ты часам не бачыў: двое буржуяў не праязджалі?
– Ну бачыў.
– Даўно?
– З гадзіну таму.
А міма праязджаюць усё новыя вазы. І ў кожных санях месціцца па пяць, па шэсць, а тое і па восем чалавек. Жанчыны сядзяць, прытуліўшыся да мужчын. З адных саней нехта крычыць Юху: «Уцякай, дзед, фронт прарвалі!» Але гэта ніяк не ўздзейнічае на Юху, бо ён зачараваны вялікаю масай людзей. А такія ж пытанні і парады градам сыплюцца на старога Тойвалу.
– Ты чаго, дзед, тут тырчыш? Можа, лахтараў чакаеш?
Юха павінен бы ўцяміць, што бясконцая чарада саней – гэта сапраўдныя ўцёкі, не больш за тое. Магчыма, недзе ў глыбіні душы ён і разумее гэта. Але там жа адначасова пануе і ўрачысты настрой. Калі бачыш такія гурмы людзей, дык якая розніца, адступаюць яны ці наступаюць? Святочны ўздым апаноўвае старога Юху, ягоная суровая змрочная натура становіцца больш лагоднаю, вусны міжволі шэпчуць: «Армія беднаты… Армія дэмакратыі… Блізіцца наша перамога…»
Але як толькі апошнія сані зніклі за горкаю, Юха пачынае ўсведамляць няпэўнасць свайго становішча. І найперш ён пачынае адчуваць страх. Цёмныя пабудовы хутара Пайтула і верасовы ўскраек лесу раптам насунуліся на яго – усе яны яднаюцца з гаспадаром Пайтулы супраць самотнага старога на цёмным бальшаку. Агні ў Рынэ мігцяць так, нібы і ведаць нічога не хочуць пра Юху Тойвалу. А недзе там, у цёмным доме, цяпер сядзіць гаспадар Пайтулы. І калі ён, нават без зброі, выскачыў бы з дома, Юха не змог бы яго затрымаць. Уяўным позіркам Юха нібы пранікае ў дом і ўпотай падслухоўвае думкі гаспадара. Такім чынам ён быццам становіцца тварам у твар з панам Пайтулам. Юха ажно скаланаецца ад раздражнення, уявіўшы тую нячутную, але падслуханую ім разумовую працу, якая ідзе ў доме гаспадара. Але такая ўжо яна, панская галава гаспадара Пайтулы, і нічога з ёй не паробіш, хоць бы ты нават забіў яго, а галава ўсё адно застанецца на нежывым целе, і забойца ўсё роўна адчуў бы сябе пераможаным. І гэта не толькі адна галава пана Пайтулы, гэта шмат панскіх галоў: Юху здаецца, што іх вялікае мноства на нейкім узвышаным памосце – і яны вельмі моцна раздражняюць усю сусветную галоту. І тут Юха раптам заўважае, што страляніна каля Куўскоскі сціхла. Толькі што адтуль прайшла такая вялікая колькасць народу, а цяпер пуста, ніхто болей не едзе, і Юха нават уявіць сабе не можа, што там цяпер уладкоўваюцца белыя мяснікі-лахтары – не, гэта немагчыма, там проста пустата, жахлівая і ціхая, яна навальваецца і душыць яго. А тут за некалькі сажняў ад яго – галава пана Пайтулы. Юха цяпер адзін, а хутар Пайтула і гэтая маўклівая пустата аб’ядналіся, знянацку напалі на Юху ды з’едліва смяюцца. І агні ў штабе Рынэ быццам павыміралі.
Юха павольна ідзе да берага, хоць добра ведае, што не наважыцца пайсці адсюль адзін. Ён не наважыцца паказацца на вочы Рынэ, ён павінен быць тут нават да самага рання. Ды яно не так страшна тут, каля хутара, што б там ні здарылася.
З возера зноў даносіцца рыпенне палазоў. Адтуль набліжаюцца адны сані. Раптам Юху апаноўвае жудасны страх. Усе толькі што перажытыя і перадуманыя акалічнасці быццам бягуць следам і гучна гавораць, што гэтая конная запрэжка – вялікая для яго небяспека, што во яна, ужо набліжаецца! Тыя, што раней праехалі міма, ужо далёка. А ён, Юха, у поўнай уладзе гэтых, што пад’язджаюць бліжэй і бліжэй. Відаць, што яны ўзброены вінтоўкамі.
Сані паварочваюць да варотаў. «Тутака ён жыве, чорт паганы», – чуецца шэпт. Сані спыняюцца. Сэрца ў Юхі шалёна калоціцца, а думка частымі ўдарамі запэўнівае: ён жа, Юха Тойвала, нікому не зрабіў нічога дрэннага. Мужчына з вазка адрывіста прамаўляе гучным шэптам: «Таемнае забойства». Юха чуе і не разумее, пры чым тут ён, аднак калені пачынаюць падгінацца і дрыжаць. Тады мужчына ўжо голасна паўтарае:
– Таемнае забойства!
– А… а… а… якое забойства? – дрыготкім голасам пытаецца Юха.
– Ты што, прыдурак, пароля не ведаеш?
Мужчына гаворыць так хутка, што Юха нічога не разумее, ён толькі падыходзіць бліжэй і пакорліва выдыхае:
– Га?
– Хто цябе сюды прыслаў? – пытаецца другі мужчына.
– Рынэ загадаў, тут… – адказвае Юха так, нібы ён у тым вінаваты.
– Тады стой тут і пільнуй каня.
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги