Юха пакідае дом Рынэ і не ведае, што робіць гэта апошні раз у жыцці. Ягонае амаль шасцідзесяцігадовае жыццё паспешліва імнецца да канца, а пачатак гэтага жыцця схаваны ў далёкім мінулым і не мае ніякай сувязі ні з сённяшнім днём, ні наогул з цяперашнім ваенным часам. Там, у далёкім мінулым, свяціла лучыніна; стары Пеньямі Нікіля ў зрэбнай кашулі кожны дзень праводзіў у самагонным ачмурэнні, лупцаваў сваю трэцюю жонку, валадарыў у сваёй гасподзе, а зямля і неба дыхалі спрадвечным сялянскім спакоем. Усе насельнікі той гасподы даўно спачылі з мірам, а хлопчык, які тады нарадзіўся ў ноч Міхайлавага дня, – гэты хлопчык і ёсць той сацыяліст, што цяпер ідзе ў Пайтулу. Ён бедна надзелены розумам, свядомасць ягоная дазвання прымітыўная, але ён усё ж пражыў шэсцьдзясят гадоў – самых насычаных зменамі і падзеямі гадоў у гісторыі нашага народа.
Закінуўшы стрэльбу за спіну, ён цягнецца па зімняй дарозе; яго твар зарос ускалмачанай барадою, у яго дзіўна блішчаць вочы, і здаецца, што нейкі нячысты дух гістарычнага развіцця ўсеўся яму на карак і што ёсць моцы бязлітасна паганяе Юху насустрач будучыні. З такога гледзішча Юха ўжо не абуджае мярзотнага пачуцця, хутчэй наадварот – выклікае спагаду. А ўсё таму, што гэты самы нячысцік здзекліва грымаснічаў, седзячы на плячах у людзей, якія ішлі сваёю дарогай з надзвычай мудрым выглядам і не ведалі, што іх паганяе сам д’ябал гістарычнага развіцця.
З пачуццём нейкай бездапаможнай самоты ў душы тупае Юсі Тойвала да Пайтулы. Важныя справы творацца сённяшняй ноччу Звеставання, хоць Юсі не мае ніякага ўяўлення, што гэта за справы і да чаго яны прывядуць. Аднак ён адчувае, што яго пхнулі туды, куды ніхто другі не захацеў лезці; душу поўніць усведамленне таго, што яму кепска аддзячылі за ўсе прынесеныя ім дровы, за ўвесь ягоны клопат. Такая ўжо доля выпала небараку: усё жыццё з ім ніхто не лічыўся. Што б ён ні распачынаў, тое было не да часу, не да месца, і ні сам Юсі, ні хто-кольвечы іншы не мог нічога змяніць. У іншых людзей узлёты і падзенні ідуць сваім звычайным парадкам, нават няшчасці ў іх, так бы мовіць, прыстойныя. Што ж да Юсі, дык ён адчувае, што ўсе ягоныя ўдачы і няшчасці выходзяць нейкія крывабокія і недарэчныя. Гэтак жа атрымліваецца і з цяперашнімі ягонымі прыбыткамі ў шэсцьсот марак: невядома, чым гэта скончыцца. Тады, адразу пасля смерці жонкі, Янэ Тойвала нібы ўзляцеў на хвалі дабрыні і сугучнасці душы з усім светам. Ён адчуваў, які ён добры для дзяцей, ягоную душу поўніла ўпэўненасць, што пасля такой падзеі жыццё наладзіцца. Уяўленне ўжо малявала, як лёгка пойдзе жыццё пасля смерці жонкі. І сапраўды спачатку быццам усё пайшло добра; добрай прыкметаю стала тое, што дачку ўдалося ўладкаваць да насамрэч прыстойных гаспадароў. Тады Юха адчуваў сябе такім моцным, што мог спакойна займець дзесяць марак без аніякай спакусы тут жа патраціць іх. Ад той пары ў яго збярогся адзіны ўспамін: незвычайна яркае месячнае святло. Гэта была самая светлая пара ў Юсевым жыцці. А калі дачка загінула, усё абрынулася ў старое існаванне – калі ад рання да вечара магло быць усё што хочаш, толькі не было ніякай радасці ад жыцця. У такіх умовах Юху заставалася толькі шукаць, чым напоўніць сваё жыццё, але і тыя пошукі выглядалі поўнай дурасцю: ён спрабаваў насіць каўнерык, гэта было для Юхі жыццёваю неабходнасцю, каб не палічылі яго занадта просценькім. А адчуванне таго, што ён не такі ўжо і просты, а куды больш хітры за шмат каго, прыемна казытала ягонае самалюбства… Напаўненнем жыцця стала і «сацыялістычная ідэя», якую на ўсе лады абгаворвалі ў парабкавых хатах зусім так, як некалі няспынна абмяркоўвалі ідэю «вечнага шчасця».
Вось Юха выбраўся з ільду на бераг і падыходзіць да варотаў сялібы Пайтулы. Дом перад ім стаіць ціхі і цёмны. На тым беразе пратокі свецяцца агні ў вокнах штаба Рынэ, далей у сяле гараць два вялікія вулічныя ліхтары. З боку Куўскоскі даносяцца прыглушаныя стрэлы, а з пратокі па лёдзе да Пайтулы набліжаецца санная запрэжка. Нават на ўзгорак яе гоняць рыссю. Яна ўжо зусім блізка, і Юсі бачыць вінтовачныя рулі і два футравыя каўняры.
– Хто там? – рэзка пытаецца Юсі.
Каўняры маўчаць і толькі паганяюць каня. Потым цэлую гадзіну нікога не відаць, толькі таямніча мігцяць агеньчыкі да чуюцца рэдкія стрэлы – гэты суровы голас святочнай ночы. Юха Тойвала мае магчымасць спакойна разгледзець усю гасподу і ўявіць панскае жыццё, неспасцігальнае для яго. Розум гаспадара Пайтулы, ягонае багацце, ягоны лад жыцця – усё гэта паўстае перад вачыма Юхі, і яго амаль раздражняюць недарэчнасці таго ўяўнага жыцця. Ён успамінае шматлікія выпадкі, калі даводзілася мець справу з Палмукрээні. І што гэта за імя такое – Палмукрээні, – Пальмавая галінка? Што можа атрымацца з такога імя?
Беднякі і гаспадар Пайтулы – які ж бездапаможны гэты Пайтула перад беднякамі! Розум і планы гэтага пана, які таксама разлічвае дасягнуць поспехаў у жыцці, – з аднаго боку, а з другога – розум беднякоў. Гаспадарскі розум замкнёны ў сценах свайго дому, а розум беднякоў сягае на ўвесь свет!
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги