Гэтыя зухаватыя дзецюкі сваімі паводзінамі напамінаюць сапраўдных паноў. Адзін з іх вельмі прыгожы, з кучаравымі валасамі, якія ўпарта выбіваюцца з-пад шапкі. Ён нічога не кажа і моўчкі ідзе следам за астатнімі. Адзін грукае ў дзверы, двое стаяць крыху воддаль. У адказ на стук – цішыня. Тады ўжо проста грукаюць, і дзверы адразу рэзка расчыняюцца на ўсю пяту, і ёсць у тым лёгкае адценне фанабэрыстага нахабства. Двое заходзяць у дом, а доўгавалосы прыгажун застаецца ў двары каля дзвярэй. Юху нясцерпна хочацца падысці да яго і сказаць што-небудзь добрае, як таварыш таварышу, але ён не асмельваецца. Лепей тады застацца каля варотаў – ён жа нікому не прычыніў нічога благога. Вядома, ён сумленна стаіць і трымае каня, а тыя, напэўна, хутка выйдуць і забяруць з сабой гаспадара. А Юха тут ні пры чым – ён жа нікому не прычыніў нічога благога.
З грукатам адчыняюцца дзеры, і першым з’яўляецца гаспадар, а тыя двое ідуць следам. Гаспадар ідзе рашуча, нібыта ведаючы, куды яго вядуць. Ён праходзіць паўз Юху, нібы каля пустога месца. Адзін чалавек падштурхоўвае яго руляю вінтоўкі на месца фурмана. Калі гаспадар узяў лейцы, а двое селі ў сані, прыгажун становіцца ззаду на палоззе і сані ад’язджаюць па лёдзе той жа дарогаю, што і прыехалі.
Невымоўнае пачуццё вялікай палёгкі напаўняе Юхаву душу, ногі не трымаюць яго, так і хочацца сесці. З ім нічога не здарылася, ды ўжо і не здарыцца. Гаспадара Пайтулы забралі, а Юху пакінулі ў спакоі. Праўда, яго аблаялі за тое, што ён не ведаў пароля, дык гэта яшчэ і лепей: не ведаў – значыць, застанецца ўбаку ад усёй гэтай мітусні. А ён цяпер нібыта стаў гаспадаром усяго хутара, калі гаспадара болей тут няма. І ад таго на душы спакойна і прыемна. Ён тут яшчэ і пабудзе як мага даўжэй, пакуль не разбярэцца, што і як; во толькі чаму ад Куўскоскі болей нічога не чуваць?
А што гэта яны вытвараюць там, на беразе? Конь стаіць, людзі гучна спрачаюцца, лаюцца між сабой, і раптам грукае стрэл. Потым другі, і чуецца нейкае неразборлівае мармытанне. Спалоханага каня стрымліваюць. У Юхі падгінаюцца калені, у галаве ніводнай думкі, толькі звонкая пустата, і яму падалося, што там, у доме, зноў пануе жорсткая галава, галава пана Пайтулы, і яна зноў валодае ім, Юхам Тойвалам. А побач варушыцца яшчэ і другая галава, галава гаспадыні Пайтулы. І раптам бадзёрая думка «Я ж нікому не прычыніў нічога благога», якая толькі што падтрымлівала яго, знікае, усё глухне ў душы старога Тойвалы.
А тым часам конь галопам падымаецца ўгору. У санях сядзяць трое. Яны моўчкі праносяцца каля гасподы Пайтулы. Разгублены да знямення Юха хоча кінуцца следам і закрычаць: «Стой!», як тут за спінай у яго чуецца цокат капытоў, і нехта іншы крычыць: «Стой!» З саней выскокваюць мужчына і жанчына, мужчына падбягае да Юхі:
– Ты хто такі?
– Я Ёхан Тойвала… Мне… тут… загадаў быць… Рынэ… Я нікому не прычыніў нічога благога…
– Заткні ляпу! Стой тут і трымай каня! А хто падыдзе – страляй.
Яны паспешліва ўваходзяць у дом праз тыя самыя дзверы, з якіх толькі што вывелі гаспадара. Юха ахвотна пайшоў бы з імі, яму страшна заставацца аднаму, хоць і загадана стаяць з канём. Міжволі ён пачынае гладзіць каня, папраўляе збрую, але і гэта не дапамагае: пачуццё гнятлівага начнога цяжару не пакідае яго. Усё, што ён перажыў і пабачыў гэтай ноччу, выпала з прытомнасці, і ўсе рэчы раптам паўсталі перад ім ясна і выразна, нібы іх асвятліла блізкая маланка.
Гэта была ноч, калі прарвалі фронт каля Куўскоскі і калі войска пераможцаў пачало займаць увесь прыход. Каля гадзіны ночы зноў пачулася страляніна – гэта пераможцы пачалі расстрэльваць паўстанцаў, якія засталіся ў Куўскоскі. Гэтыя, што там засталіся, былі надзіва легкадумнымі людзьмі: яны нібыта нічога і не ведалі ні пра бязлітасную варожасць, ні пра нейкія там ваенныя дзеянні і былі ўпэўненыя, што ў гэтай бязладнай мітусні іх ніхто і не заўважыць. Але дорага абышлася ім такая бесклапотнасць: у баях пры Куўскоскі ў палон нікога не бралі. Расстрэльвалі ўсіх, хто не ведаў пароля, і таму шмат ні ў чым не вінаватых людзей загінула ў гэтай начной сумятні. А Юха Тойвала ў гэты час ужо тупаў па вузкай сцежцы, заглыбляючыся ў лес. Старыя дрэвы і малады падлесак абапал сцяжынкі супакойвалі Юху, глушылі страх і паступова здымалі напружанне ад усяго перажытага за ноч каля вёскі на раўніне. Прынамсі, гэты шлях з высокімі ялінамі абапал застаўся нязменным, і калі б цяпер хто зазірнуў у вочы старога Юхі, дык не адзін раз усміхнуўся б, убачыўшы іх выраз.
Цяпер стары Юха Тойвала канчаткова пазбавіўся ад бунтарскіх поглядаў. Юха больш не звяртае ніякай увагі на прыглушаныя адлегласцю стрэлы, у лесе ён адчувае поўную бяспеку, а там, у самай глухой пушчы, стаіць ягоная хай сабе і ўбогая, але такая дарагая яму хацінка. І ён выразна адчувае толькі адно жаданне: спакойна пражыць у гэтай лясной хатцы астатнія дні свайго жыцця. Як добра, што ён нікому не прычыніў нічога благога!
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги