Рабаўнікі яшчэ шчыравалі ў доме Пайтулы, калі з заледзянелага возера наблізілася даўгая чарада ўцекачоў, і начны змрок адразу набрыняў нягодамі, страхам і роспаччу. Толькі тады Юха сапраўды задумаўся пра тое, што адбываецца, і пачаў бяздумна круціцца на месцы, нібы авечка, якая адбілася ад чарады. Бо гэты статак стаў чужым для яго, заставацца ў ім Юха не мог, таму што такое патрэбнае яму пачуццё бяспекі незваротна знікла. Прыклàд стрэльбы апякаў яму далонь; во адтуль набліжаюцца адны, з дома могуць выйсці другія, во там відаць агні ў доме Рынэ, але я туды не пайду, і пайсці адсюль я баюся. Во бяда, во навала! Юха хаваецца ў вазоўні з санямі, запіхвае стрэльбу ў самы цёмны куток і прыслухоўваецца да нарастання шуму. Ужо выразна чуюцца галасы людзей, раздаецца дзіцячы плач, галосяць бабы, і разам з тым гучыць зусім немясцовая, чужая гаворка. Юха прыслухоўваецца да свайго няроўнага дыхання, тут жа, проста пад бокам, стаіць вінтоўка – такі ненадзейны хаўруснік, які можа з галавой выдаць яго.
А тут з дома выходзіць тая парачка, яны адразу ж заўважылі, што Юха знік, і пачынаюць лаяцца: «Няўжо той прыдурак быў лахтар? Каб яго чэрці, трэ’ было адразу адаслаць яго да Абрама на піва!»
Што ж цяпер будзе?! Божачка, айцец нябесны! Што гэта я кажу, я ж гэтым летам ані разу не хадзіў да прычасця. Я не памру, не загіну! Калі толькі выберуся жывым, адразу пайду да прычасця. Шум і шолахі за сценамі вазоўні не сціхаюць. Ужо нельга адрозніць галасы тых, што выйшлі з дома. Няўжо яны шукаюць мяне! Божа, Божа! Толькі б неяк дайсці да прычасця, і тады ўсё будзе добра. Ногі раптам праняло холадам, у жываце забурчэла. Яшчэ доўга пасля таго, як шум сціх, Юха стаяў у кутку. Яму здавалася, што па гасподзе нехта ходзіць, што чуецца энергічны голас гаспадыні Пайтулы, што яна быццам нешта сярдзіта тлумачыць тым панам, якія ўсё разумеюць навыварат, што б ім ні казалі. Юха падкраўся да дзвярэй і ціхенька выглянуў, прыслухаўся: нічога, цішыня, цёмная ноч – і толькі тады ён адважыўся выйсці на двор. А ноч усё яшчэ дыхала апошнімі падзеямі, у паветры вісела чаканне чагосьці новага. Вокны ў доме Рынэ згаслі, але сяло каля Куўскоскі свяцілася агнямі, нібы абвяшчаючы, што святочная ноч Звеставання яшчэ не скончылася.
Намер ісці да прычасця знік. Вінтоўка засталася стаяць у куце, і толькі тут сваім здранцвелым розумам Юха дапяў, што па доўгай дарозе дамоў яму могуць учыніць што-небудзь кепскае. Каб толькі неяк выбрацца адсюль! Ён асцярожна спускаецца з берага на лёд, пільна прыслухоўваючыся да наваколля, гатовы ў любы момант кінуцца назад па стрэльбу. За ўсё сваё жыццё ён ніколі не страляў з вінтоўкі, дый цяпер не стаў бы страляць, але інстынкт падказвае яму, што ў такі час лепей мець зброю – гэта больш бяспечна, чым без яе.
Ужо амаль спусціўшыся на лёд са стромкага берага, ён раптам успамінае, што сюды ж павялі пана Пайтулу. Не, ён не пакіне тут сваю стрэльбу! Ён на злом галавы кідаецца назад у вазоўню, забірае вінтоўку і ўжо больш смела выходзіць на край берагавой стромы.
Штосьці чарнеецца на снезе каля дарогі, якраз там, дзе схіл берага сутыкаецца з ільдом. Юха, са стрэльбаю ў руках, падыходзіць бліжэй, а ноч нібы спакушае яго, абяцаючы паказаць гэтае штосьці. Пачуццё жаху змешваецца з нейкай дзіўнаю ўрачыстасцю і цікаўнасцю. Вось ужо выразна відаць, што чалавек ляжыць на спіне, галава задраная, высока ўздымаюцца жывот і грудзі. Правая рука, нібы ўва сне, узнятая да галавы, левая выцягнутая па снезе. Гэта гаспадар Пайтулы: ён толькі нядаўна прыходзіў да Рынэ і размаўляў вельмі фанабэрыста. Юху не цікавіць гэтае збойства, ён не думае пра тое, хто яго забіў, ён проста баіцца гэтага забітага чалавека. Юху здаецца, што ён наяве бачыць на снезе матэрыялізаваны велічны розум гэтага нябожчыка, ён раздражняе і прыгнечвае старога Тойвалу.
Юха напалоханы да жудасці, ягоны розум спрабуе знайсці хоць якую-небудзь абарону: «Я гляджу на труп, можна ж мне паглядзець на труп. Любы, хто сюды прыйдзе, найперш убачыць гэтае мёртвае цела». Юха спалохана азірнуўся навокал, нібы побач з ім з’явіліся іншыя людзі. Цела гаспадара Пайтулы і ягоны розум – усё гэта зрабілася неістотным. А цёмная ноч нібы пыталася: «Ну, ці асмелішся ты пайсці прэч? Доўга табе давядзецца ісці, перш чым ты трапіш у сваю пушчу… Там ты, вядома, будзеш у бяспецы… А во куды ты цяпер схаваеш стрэльбу?»
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги