– А! Ведаю тое возера, быў некалькі і на той выспе, – сказаў Завальня. – І тады яшчэ бачыў хаціну на пагорку. Вакол хвоі шумелі і хвалі на возеры. І хоць краявід там нейкі змрочны, аднак мне вельмі падабалася.
– Хваляць тыя мясціны, але мяне – сляпога – гэта не цешыць. Шум лясоў і вады наводзяць на мяне журботныя ўспаміны.
Доўга яшчэ мой дзядзька размаўляў з Францішкам. Нарэшце падалі вячэру. Ён падвёў сляпога да стала і, сеўшы ля яго, стараўся, каб госцю ўсяго хапала. Пасля вячэры ён загадаў прынесці ў пакой ложак і паставіць ля сваёй пасцелі. Пасля ўзяў мяне за руку, падвёў да сляпога, расказаў яму, што я скончыў школы ў ксяндзоў езуітаў, пахваліў гісторыі, якія я яму апавядаў, адно што цяжкія імёны паганскіх багоў і іх нельга запомніць. Затым папрасіў Францішка, каб і ён расказаў што-небудзь.
– Не доўгі будзе мой расказ, але цікавы, – сказаў сляпы. – Пра дзіўную кабету, якую бачылі ў розных мясцінах Беларусі. Раскажу, што чуў ад людзей, якія казалі мне, што нібыта бачылі яе зблізку.
АПАВЯДАННЕ ШОСТАЕ.
ПЛАЧКА
Кабета тая незвычайна прыгожая. Вопратка яе – белая, як снег, на галаве – чорны ўбор, і чорная хустка накінута на плечы. Твар хоць і смуглы ад сонца і ветру, але гожы і паглядны, вочы жывыя, і заўсёды блішчаць на іх слёзы. Яна з’яўляецца найчасцей у пакінутых дамах, у пустых касцёлах і на руінах. Бачылі яе таксама пад дрэвамі або пасярод поля. Пасля захаду сонца яна сядае на камені, наракае на лёс жаласным голасам і заліваецца слязьмі. Кажуць, тыя, хто набліжаўся да яе, чулі такія словы: “Няма каму даверыць таямніцу сэрца майго!”
Калі я ехаў з Полацка, на папасе апавядаў мне карчмар, што там блізка ад дарогі, за бярозавым гаем стаіць пустая хата. Ля яе быў адно невялікі вішнёвы садок. Жыў там даўней селянін, якога з усёй радзінаю выслалі паны кудысьці далёка, забраўшы ў яго некалькі кароў і коней.
Ішоў там убогі сляпы, якога вёў маленькі хлопчык. Пачуўшы ў тым доме журботны спеў, яны падумалі. што там ужо нехта жыве. Дык ідуць туды жабраваць. Заходзяць у хату, сляпы заспяваў песню: “О! Спасіцелю, наш Пане”124.
– Дом без дзвярэй і вакон, ніхто тут не жыве, – сказаў хлопчык сляпому. – Дарэмна толькі звярнулі з дарогі.
Але тут пасярод хаты з’явілася кабета ў жалобнай вопратцы і са смутным тварам.
– Маліцеся! – кажа. – Усюды ёсць Бог, які будзе вам дапамагаць.
Яна кінула жменю срэбраных манет сляпому ў шапку і вокамгненна знікла.
Гэты ўбогі, ходзячы ад хаты да хаты, паказваў тыя грошы, на якіх з аднаго боку былі ваявы каралёў, а з другога – Пагоня125.
Непадалёку ад дарогі, калі едзеш на Віцебск, стаіць пустая капліца. Там, пасля захаду сонца, бачылі, што яна плакала, седзячы на парозе, і яе маркотны голас далёка адзываўся.
Рознае думалі людзі пра гэтую Плачку. Адны баяліся, што яна вяшчуе нейкае вялікае няшчасце, вайну, паморак або голад ва ўсім краі.
Па вёсках старыя людзі гаварылі між сабою пра гэтую кабету, заўсёды прадказваючы нешта дрэннае. Некаторыя ж з маладых мелі зусім іншую думку. Яны даводзілі, што там, дзе з’яўляецца Плачка, напэўна, скарб у зямлі. І ўся ваколіца ўпадабала гэтую думку.
На канцы тае вёскі жыў убогі чалавек, які даўней абышоў увесь свет. Вярнуўшыся да свае сям’і, жыў толькі з міласціны. Ён часта паўтараў усім:
– Браты! Слёзы і нараканні гэтае жанчыны абяцаюць вам не золата і срэбра.
Кабета плача на парозе забытае вамі святыні. Вы думаеце толькі пра багацце, а вас чакаюць беднасць і пакуты.
Аднаго дня, пасмяяўшыся са слоў гэтага старога. вырашылі: калі ўсе будуць спаць, ісці туды і выкапаць з зямлі скарб.
Старая капліца была за чатыры вярсты ад вёскі. Дык колькі маладых сялян, узяўшы з сабою струмант, борзда выправіліся туды, каб пачаць свае пошукі раней, чым заспявае першы певень.
Прыйшлі на месца. Змрочны выгляд тае ваколіцы наводзіў на іх неспакой і страх. Непадалёку шумеў густы яловы лес, там маркотна вухала сава, і месяц вельмі рэдка паказваўся з-за чорных хмараў. Капліца, нібы магільны помнік, стаяла на пагорку ў засені бяроз.
Шчыравалі ўсю ноч. Выкапалі глыбокія ямы ў некалькіх мясцінах, але знайшлі толькі спарахнелыя дошкі ды чарапы. Зразумелі, што былі тут калісьці могілкі, хоць і не ацалела на паверхні знакаў, апрача некалькіх ледзь прыкметных абымшэлых камянёў.
Улетку ноч кароткая. Вось ужо на ўсходзе пачынае ружавець ранак. Шукалі дарэмна. Дык засыпалі ямы і вяртаюцца дахаты.
Узыходзіла сонца. Заспяваў у небе жаўрук, і імгла ўжо знікла. Бачаць перад сабою недалёка ад дарогі ля кустоў ляшчыны – стаіць Плачка, тварам на ўсход. У яе руках ветрык матляе яркую стужку, тая трымціць у паветры, як бліскавіца. Толькі адзін з іх сказаў: “Пайшлі смела да яе” – прывід імгненна знік.
На тым месцы, дзе стаяла Плачка, з’явілася на галіне велізарнае асінае гняздо. Жамярыцы, што заляталі і выляталі з гэтага гнязда, снавалі ў ранішніх сонечных прамянях, нібы залатыя іскры.