– Паслухайце мае рады, – сказаў адзін з іх. – Мы абвяжам асінае гняздо хусткаю. Прыйдзем да старога, разбудзім і скажам, што ля капліцы выкапалі скарб і частку ахвяруем яму. А калі ўстане з пасцелі, укінем яму ў вакно асінае гняздо. Няхай ашалее стары.
Усе пагадзіліся. Разбудзілі старога, укінулі ў хату асінае гняздо, а самі, смеючыся, уцяклі.
Дзіва нечуванае! Стары бачыць перад сабою рассыпанае на зямлі золата. І калі ён здзіўлена глядзеў на гэта, кажуць, з’явілася перад ім кабета, тая самая, што плакала на парозе старое капліцы, і сказала:
– Бяры палову гэтага скарбу сабе, а другую – раздай убогім. Бог дапамагае маім пакутным дзецям.
Сказаўшы гэта, яна ўмомант знікла.
У Інфлянтах жа было такое здарэнне. У маёнтку пана М. узвышаліся руіны нейкага старажытнага замка. Кажуць, што ў пракаветныя часы быў там горад, бо цяпер паводка размывае часам пясок і дастае да падмуркаў старажытных камяніц. Там часта знаходзяць шкляныя або ржавыя жалезныя рэчы, што даўней рабілі дзеля аздобы, абломкі зброі, а зрэдчас медныя або срэбныя грошы, што вякамі ляжалі ў зямлі.
Сюды штовечар, пасля захаду сонца, прыходзіла Плачка. Яна вешала на руіны вянкі польных красак, садзілася на камень і, заломваючы рукі, залівалася слязьмі. Не адзін прахожы, чуючы здалёк яе нараканні, смутны вяртаўся дадому і апавядаў пра гэта іншым.
Былі і такія цікаўныя, што, чуючы лямант дзіўнае кабеты, падышлі ў вечаровым змроку да яе і са слоў, якія пачулі, зразумелі, што нейкая нешчаслівая маці плача па сваіх дзецях. Але толькі надумалі ісці да яе і запытацца, хто яна і якая напаткала яе нядоля, ужо больш не бачылі яе і голас не адзываўся да наступнага вечара.
Не зразумеў ніхто, што гэта такое. Цьмяныя здагадкі хадзілі па наваколлі. Усюды гаварылі пра яе толькі як пра дзіўную камету, што з’яўляецца на небе ў выглядзе вогненнае мятлы. Хацелі даведацца, дзе яна жыве і адкуль прыходзіць, але ўсё марна. Нібы які дух, апускалася яна на зямлю і знікала ў паветры.
Кажуць, што і сам пан М. не пярэчыў гэтым дзіўным апавяданням, бо і ён таксама сустрэў яе аднаго разу, вяртаючыся позняй парою дахаты, і чуў, як плакала яна на руінах замка. Не разумеў пан гэтае праявы, аднак, разважаючы, паверыў тым людзям, якія думаюць усё жыццё пра выгоду, хочуць, каб таямнічы дух спяваў ім толькі пра золата і срэбра і паказваў скарбы, схаваныя ў зямлі. Дык паклікаў пан аканома і такі даў яму загад:
– Збірай людзей, і заўтра пачынайце капаць на замкавых руінах. Там у зямлі мусіць быць золата, бо як іначай растлумачыш тую праяву? Пэўна, Плачка хоча паказаць нам нейкія скарбы, якія ўзнагародзяць нас за гэтую працу.
– Я чуў словы тае Плачкі. Яна аплаквала смерць нейкіх нешчаслівых дзяцей, а пра скарбы, схаваныя ў зямлі, і не ўспамінала. Гэтая таямніца нам недаступная.
Мне здаецца, тут нейкае папярэджанне і перасцярога.
– Ты падобны да няясыці ці то да савы, якая страшыць людзей жахлівымі прароцтвамі. Я ні ў што такое не веру і не хачу спрачацца пра гэтую таямніцу. Даўно быў у мяне намер раскапаць руіны. Можа, знойдзем там памяткі старажытнасці, дзеля гэтага не шкада і працы. А калі хто думае, што гэты скарб будзе ў абліччы Плачкі, дык і гэта нядрэнна; што б там ні было, заўтра пачнём раскопкі.
– А калі гэты скарб закляты і вартуюць яго злыя духі, ды немагчыма яго дастаць, бо ён будзе ўсё глыбей і глыбей апускацца ў зямлю, – тады толькі час страцім, а калі і здабудзем што, дык больш будзе бяды, як чаго добрага. Бо я чуў, што недзе дасталі з зямлі зачараваныя скарбы, і калі нехта ўзяў з іх толькі пенязь126, таму нейкая хвароба скруціла абедзве рукі.
– Брыдка слухаць. Пляцеш лухту, як дурны мужык. Мне аніякі пенязь не шкодзіць.
– А чаму ж разумныя і багатыя паны пакутуюць ад нуды і хвароб?
– Годзе. Збярэш заўтра людзей і вядзі на руіны. Я сам прыеду і пакажу, дзе пачынаць
Аканом быў з засцянковае шляхты, заможны гаспадар, але верыў у тое самае, што і просты люд; паціснуў ён плячыма і пайшоў выконваць панскі загад.
Яшчэ толькі паказалася сонца, а гурт сялян ужо стаяў на руінах і чакаў каманды. Калі прыехаў пан М., дык загадаў капаць глыбока на тым самым месцы, дзе заўсёды бачылі на камені Плачку.
Дол быў не глыбейшы, чым на паўтара локця127. Знайшлі мураваны склеп, дык раскапалі і вакол, каб адкрыць з усіх бакоў засыпаныя зямлёю сцены. Людзі працавалі не адзін дзень. Адпачынак іх быў кароткі: апоўдні, у самую спякоту. Нарэшце знайшлі жалезныя дзверы. З абодвух бакоў гэтага склепа былі маленькія вакенцы, на якіх яшчэ моцна трымаліся жалезныя праржавелыя краты.
Выламалі дзверы і адчынілі гэты склеп, куды стагоддзяў колькі не заглядваў сонечны прамень, – глуха там, бы ў магіле. Заходзяць з агнём. Усіх апанаваў страх: паўсюль – пасярод і ля сцен – у розных паставах ляжаць шкілеты; косці рук і ног яшчэ ў цяжкіх кайданах. Здранцвелі людзі, гледзячы на такі жах.
– Здыміце кайданы з гэтых шкілетаў, – сказаў пан М., – і прывязіце мне. Варта захаваць гэтыя памяткі мінуўшчыны.