Плаксун, атрымаўшы згоду, едзе ў маёнтак, абвяшчае пра свой намер пану, аддае за Варку выкуп. Пан ахвотна згаджаецца, а чэлядзь, здзекліва паглядаючы на яго, так размаўляла між сабою: “Якое адпаведнае мае прозвішча. Ажэніцца – заплача горка і будзе тады сапраўдны Плаксун. Дзіўны чалавек: жэніцца з дачкою злое кабеты, а дзяўчына яшчэ з радзімым знакам на вуснах, які нічым не змыеш; ён і цяпер вельмі псуе яе”.
Хутка гэтая вестка ўжо грымела па ўсёй ваколіцы. Дзівячыся, апавядаў сусед суседу пра гэтую неспадзяванку; пайшлі розныя абгаворы і прыдумкі; але найчасцей меркавалі людзі так: Праксэда чарамі наважыла дачку ашчаслівіць, напэўна, паднесла мешчаніну зелля ў напоі ды запаліла ў ім такую прыхільнасць да гэтае дзяўчыны. Некаторыя, што зайздросцілі Варчынаму шчасцю, дрэнна гаварылі пра яе нарачонаму, прадказваючы вялікую бяду. Але ён так кахаў Варку, што нікому не хацеў даваць веры.
Прыехаў Плаксун у Полацак і, не адкладваючы свайго намеру, ідзе ў кляштар да езуітаў. Яго спавядаў ксёндз Буда, якога Плаксун найбольш шанаваў і з якім заўсёды раіўся.
– Як маешся, Якубе? – спытаўся ксёндз. – Даўно цябе не бачыў, пэўна, па гандлёвых клопатах ездзіў некуды?
– Узімку рыхтуемся да вясны, каб было чым нагружаць стругі, як Дзвіна вызваліцца ад лёду.
– То праўда, – прамовіў ксёндз Буда. – Дык, значыцца, закупіў ільну, бо ведаю, што найчасцей яго возіш у Рыгу. Не думаю, каб высокая была цана на гэты тавар. Чуў я ад ксяндза-пракуратара116, што ў Альбрыхтове і ў іншых нашых маёнтках у Полацкім павеце лён вырас вельмі добры.
– Дзякуй Богу. Мяркую, што ў гэтым годзе за такі тавар і плаціць будуць добра. Але от! Яшчэ мушу, ойча, паведаміць: шукаючы тавару, знайшоў і жонку.
Купіў і тое і другое.
– Віншую! Дык ты ўжо жанаты?
– Не, дабрадзею. Толькі заручаны. Яна прыгонная, і я заплаціў грошы, каб выкупіць яе. Вельмі падабаецца мне гэтая дзяўчына, спакойны і лагодны характар мае.
– Віншую, – кажа ксёндз. – Спакойны і лагодны характар – гэта добрая якасць. А што была прыгонная, дык гэта ні ёй, ні табе аніякае ганьбы не робіць. Не высокае нараджэнне павялічвае дабрачыннасць чалавечую, а сумленнае і цнатлівае жыццё.
– Мушу прызнацца, ойча, – сказаў Плаксун, – турбуюся я, што шмат у яе непрыяцеляў. Бог ведае чаму кажуць, нібыта яе маці – чараўніца, і дачка таксама – штораз болей – са злым духам знаецца. Ці можна, ойча, верыць гэтай лухце? Я ў карчме ў яе маці, Праксэды, жыў цэлы тыдзень і нічога такога не заўважыў.
– То праўда, – сказаў ксёндз, – што людзі грэшнікаў раяць забіваць камянямі, забываючы, што сказаў Хрыстос: “Няхай кіне камень той, хто без граху”. Але нельга і людзям пярэчыць, што няма чараў на свеце. Аднак таму, хто просіць Бога, няма чаго баяцца. Памаліцеся з нарачонаю перад шлюбам і паспавядайцеся. Я цябе бласлаўляю і аддаю пад Божую апеку. Вось два абразкі Божае Маці; яны пасвянцоныя і маюць здольнасць адпускаць грахі. Адзін табе, другі тваёй будучай жонцы. Жывіце з Богам, і Бог вас не пакіне.
Плаксун, атрымаўшы блаславенне ад свайго спаведніка, загадаў пашыць ядвабную сукенку нарачонай, накупляў ёй дарагіх хустак і каснікоў, наняў гарадскіх музыкаў, запрасіў шмат сваіх знаёмых і сяброў і вось з багатымі дарункамі і дружынаю прыязджае да Варкі.
Бацькі, якіх пан вызваліў ад работы на дзень вяселля, і дачка сустрэлі яго з невыказнаю радасцю. Плаксун паднёс Варцы шыкоўныя падарункі і абразок, якім блаславіў яго ксёндз Буда. Прыняла дзяўчына ўсё гэта з удзячнасцю, бо шчыра ацаніла яго прыхільнасць.
Назаўтра маладыя перад шлюбам выканалі старанна ўсё, што ксёндз радзіў. Пачынаецца шумнае вяселле. Прыйшло колькі гаспадароў з суседніх вёсак, чэлядзь вызвалілі ад працы, і іншыя цікаўныя з блізкае ваколіцы сабраліся на бяседу. Усе задумліва пазіралі на Варку; багата ўбраная, прыгожы твар, а радзімы знак на вуснах зрабіўся такі маленькі, што ледзь яго ўбачыць можна.
Зайграла музыка, моладзь скача, п’юць віно за здароўе маладых, зычачы ім багацця, шчасця і доўгага веку.
Не спынялася вясёлая забава да позняе пары. Ноч была спакойная, і на чыстым небе свяціліся ўсе зоркі. Апоўначы чуюць госці, як ляснуў моцна бізун. Глянулі ў вакно: спынілася каля карчмы карэта – шэсць чорных коней, на козлах – фурман, ззаду – лёкаі ў багатых ліўрэях. Выбягаюць Плаксун і Праксэда з мужыком. Імгненна на вачах ва ўсяе грамады коні, карэта і лёкаі зніклі. Уражаныя вяртаюцца ў карчму Плаксун з цесцем, Праксэда ж – неспакойная, бледная, як нябожчыца. І тут бачаць людзі, што ў вакно пазірае нейкая пачвара. Усіх гасцей агортвае жах. Дрыжыць бедная Варка, збялела, ледзь прытомная.
– Супакойся, – суцяшае яе мужык, – Бог апякуецца намі. – І просіць гасцей, каб весяліліся, не зважаючы на гэтыя цуды і страхі.
Лютая бура завыла за сцяною, задрыжала ўся будова. Віхор сарваў дах з карчмы. І не пра весялосць думалі ў той час, а шапталі, стоячы, малітвы. Госці з суседніх вёсак, як толькі пачало світаць, вярнуліся дамоў, а Плаксун з жонкаю, цешчай і ўсім сваім почтам выехаў у Полацак.