Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Пакінутая без даху карчма і сёння стаіць пустая. Праксэда, як атрымала волю ад пана, жыла пры дачцэ і, кажуць, зусім перамянілася: зрабілася пабожнаю, кожны дзень слухала святую імшу, адбывала рэкалекцыі, выконвала ўсе рэлігійныя абавязкі; там, у доме Плаксуна і памерла.

А вось цяпер пачула я, што і Варка памерла. Ах! Яе ўсе любілі ў Полацку. Яна была надзвычай ціхая, з добрым сэрцам; аніводзін убогі не пакінуў яе дом без дапамогі і ўцехі. Радзімы знак, які быў у яе на вуснах, зусім знік, і, кажуць, была Варка прыгожая, як анёл.

Але, паночку, гаворачы, і не заўважыла, як звечарэла. Познім часам мушу вяртацца дахаты.

– Цяпер вечар ціхі і ясны. Няма чаго баяцца, – сказаў Завальня. – Ды і дахаты не будзе больш за вярсту.

– Маю я просьбу. Пан людзям дапамагае, дык, мусіць, і мне сёння не адмовіць.

– Блізкім сваім дапамагаць – абавязак хрысціянскі.

– Хутка Каляды, а так здарылася, што не маю цяпер ані каліва жыта. Будзь ласкавы, дай хоць колькі гарцаў117. Прыйдзе вясна – спатрэбяцца гаспадарам лемяхі і іншыя жалезныя прылады: мой мужык зробіць, і заплацім пану. Або ў якой патрэбе адслужым.

– Ахвотна. Твой мужык – чалавек добры і старанны. Пані Мальгрэта, загадай даць Аўгіні чацвярык118 жыта, гарнец ячных круп і гарнец гароху. Гэта вам на куццю.

Каваліха пакланілася дзядзьку і пайшла з паняй Мальгрэтай у спіжарню.


СЛЯПЫ ФРАНЦІШАК


Цёмна на панадворку. Неба высыпана зоркамі. Ціхамірна стаяць аснежаныя дрэвы. Толькі часам мароз стукае за сцяною. Мой дзядзька, нібы чакаючы каго, паглядзеў у вакно і, павярнуўшыся да мяне, сказаў:

– Добрае надвор’е. Мне здаецца, што гасцей у нас сёння не будзе, дык ты, Янка, успомні што-небудзь са сваіх вучоных апавяданняў. Цяпер ноч доўгая, можна выспацца, перш чым засвеціць заранка.

Падалі вячэру. Яшчэ седзячы за сталом я думаў, корпаючыся ў памяці, пра розныя падзеі старажытнае гісторыі: выбіраў тыя дзіўныя здарэнні, якія былі б дзядзьку пад густ.

Пасля вячэры, ходзячы, як звычайна, па пакоі, ён прачытаў вячэрнія малітвы і, кладучыся ў ложак, запытаўся:

– Пра якіх жа багоў і багінь ты раскажаш мне зараз?

– Раскажу, дзядзечка, пра заснаванне горада Рыма.

– Ці не пра той Рым, дзе жыве яго святасць? О! Гэты сказ мусіць быць прыгожы і цікавы.

– Пра той самы.

– Дык кажы, буду ўважліва слухаць.

Я расказаў спачатку, што рымляне паходзяць ад траянцаў. Пасля пачаў ад Прока119, караля албанцаў, расказаў пра Амулія і Нумітора120, пра Рэю Сільвію, што яна, будучы вясталкаю121, мела ад бога вайны Марса двух дзяцей-блізнят Ромула і Рэма; як гэтых блізнятаў паклалі ў кошык і плылі яны па рацэ Тыбр, і калі хваля выкінула іх на бераг, дык, пачуўшы плач немаўлят, прыбегла ваўчыца і карміла іх малаком, нібы сваіх дзяцей.

Дзядзька здзівіўся, што ваўчыца мела літасць і прыхільнасць да дзяцей, і сказаў, перапыняючы апавяданне:

– І даўней мусілі быць ваўкалакі. Пэўна, гэтая ваўчыца спярша была кабетаю і мела чалавечую душу, бо адкуль бы ў яе ўзялася такая любоў і літасць? А можа, і цуд стварыў Бог міласэрны для нявінных дзяцей.

Я расказваў далей, як знайшоў іх Фаустул122, як яны выраслі сярод пастухоў, а пасля збудавалі Рым на тым самым месцы, дзе рака выкінула іх на бераг.

У гэты момант забрахалі сабакі, і нехта пачаў стукаць у браму. Прыбягае парабак і паведамляе, што прыехаў сляпы Францішак.

Дзядзька мой хуценька ўстаў з пасцелі і толькі запаліў святло – заходзіць Францішак, праваю рукою трымаецца за павадыра, а леваю – пастуквае кіем перад сабою, каб за што не зачапіцца.

– Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус, – сказаў сляпы, пераступаючы парог. – А ці дома пан Завальня?

– Дома, дома, – адказаў дзядзька. Ён з вялікай радасцю вітаецца з ім, сам здымае з яго цяжкія зімовыя апранахі, запрашае прысесці. Адразу загадвае выпрагчы каня, даць яму аўса, а чалавека, які вёз сляпога, напаіць гарэлкаю і накарміць. Таксама паслаў да пані Мальгрэты, каб хутка згатавала госцю вячэру.

– У якіх краях ты быў? Здаецца, ужо больш за паўгода не бачыліся. Знаёмыя няраз успаміналі пра цябе, паўтараючы такія словы: “Дзе цяпер наш Францішак? Далёка недзе заехаў. Хай бы ён сустракаў усюды добрых, ласкавых людзей, і каб не давялося зазнаць гора ў далёкім падарожжы!”

– Усю Беларусь і частку Інфлянтаў123 аб’ехаў. Сустракаў і сардэчны прыём, і пагарду людскую, чулыя сэрцы і каменныя.

– Інфлянты – край шчаслівы. Зямля лепш родзіць, чым у нас. Там, кажуць, і паны багацейшыя, маюць пекныя палацы, і тытулы ў іх – бароны ды графы.

– Я – сляпы. Я не бачыў іхніх пышных палацаў. Ведаю толькі, што там багатыя паны не любяць размаўляць з беднымі людзьмі. А ўбогі за сваё жыццё не пачуе іхняга слова.

– Ах, як гэта цяжка, калі чалавек вымушаны прасіць дапамогі ў тых, хто не разумее, што ёсць пакуты на свеце.

– Але я ўжо больш не паеду далёка, – сказаў Францішак. – Дзякуй Богу, маю дабрадзеяў і ў гэтых краях. Вось пан Б. падараваў мне выспу ў сваім маёнтку на возеры Рабло. Там у мяне дамок, сад і маленькая гаспадарка. Мне хопіць. Там і косці мае знойдуць спачын.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Самая страшная книга 2016
Самая страшная книга 2016

ССК. Создай Свой Кошмар.Главная хоррор-антология России. Уникальный проект, в котором захватывающие дух истории отбирают не «всеведущие знатоки», а обычные читатели – разного пола, возраста, с разными вкусами и предпочтениями в жанре.ССК. Страх в Сердце Каждого.Смелый литературный эксперимент, которому рукоплещут видные зарубежные авторы, куда мечтают попасть сотни писателей, а ценители мистики и ужасов выдвигают эти книги на всевозможные жанровые премии («хоррор года» по версии журнала «Мир Фантастики», «лучшая антология» по версии портала Фантлаб, «выбор читателей» по версии портала Лайвлиб).ССК. Серия Страшных Книг.«Самая страшная книга 2016» открывает новый сезон: еще больше, еще лучше, еще страшнее!

Александр Александрович Матюхин , Евгений Абрамович , Илья Объедков , Максим Ахмадович Кабир , Михаил Евгеньевич Павлов

Ужасы