Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

– Як неразумна, – сказаў пан Сівоха, – прывозіць з Рыгі аракі і замежнае віно, у якое, як я чуў, дзеля смаку немцы дадаюць не вельмі добрыя для здароўя прыправы, і яшчэ дорага за яго плаціць. Лепей выкарыстаць грошы на што іншае. У нас ёсць свае, выдатныя на смак і не шкодныя для здароўя, напоі. Напрыклад, гэтая палёнка! Хвораму чалавеку можна выпіць шкляначку – не пашкодзіць, а дапаможа; ад ліхаманкі, ад прастуды – адзіныя лекі!

– Праўда, дабрадзею, – сказаў Базыль, трымаючы ў руках напалову выпітую шклянку і пазіраючы ў місу. – Беднае наша жыццё цыганскае! Калі марознаю зімою шукаем прытулку ў пустой будове, дзе няма ні печы, ні столі, а толькі сцены, і ў тых вецер свішча праз шчыліны, калі пры вогнішчы курчыцца жонка і дзеці пішчаць, круцячыся з боку на бок, абы толькі бліжэй да цяпла… О, каб даць тады жонцы і дзецям па шклянцы такое палёнкі – забылі б на холад, ім бы салоўкі заспявалі ўзімку, нібы цёплай вясною.

– Гэта праўда, – сказаў пан Латышэвіч. – А што ж казаць пра нашае сакавіцкае піва, пра мёд-трайняк!162 Летась перад Калядамі паехаў я ў горад купіць сёе-тое на розныя хатнія патрэбы. У дарозе заспела мяне лютая бура: у Полацку начаваў у жыда ў халодным пакоі, відаць таму і застудзіўся. Наступнага дня балела галава і трасла мяне ліхаманка. Аднак, не маючы часу сядзець спакойна, цягаўся па горадзе і купіў усё, што хацеў. Меў яшчэ інтэрас быць у кляштары езуітаў: там на калідоры спаткаў мяне айцец Попэ, якому быў даручаны нагляд за піўніцаю163, дзе ў велізарных дзежках быў выдатны стары мёд. Ён, глянуўшы на мяне, сказаў:

– Чаму ты змяніўся з твару і такі неспакойны? Відаць, нездаровы?

– Нездаровы, – адказваю. – Ехаў у непагадзь, а цяпер маю халодны пакой у жыда, дык і прастудзіўся.

– Я вылечу, – сказаў ён.

Завёў мяне ў піўніцу, наліў велізарны кухаль трайняку. Калі я выпіў, адчуў, што па ўсім целе разлілося цяпло, выступіў пот і прастуда прайшла.

– Прыемныя лекі! – сказаў Завальня. – Але нядаўна Базыль успамінаў пра нейкую дзіўную жабер-траву, якую прыкладаюць да скроні: тут нешта цікавае, зрабі ласку, раскажы нам. Будзем слухаць, не марнуючы часу. Што такое піва і мёд, ужо даўно ўсе ведаюць.

– О! Жабер-трава шмат паказвае цудаў, і дзіўныя ад яе дзівосы. Перад ёю траціць сілу агонь, чалавечае вока іначай глядзіць на свет і бачыць будучыню.

Сказаўшы гэта, цыган пачаў сваё апавяданне.



АПАВЯДАННЕ АДЗІНАЦЦАТАЕ.

ЖАБЕР-ТРАВА


– Жыў некалі ў гэтым краі абазнаны цыган Шылка, які ведаў сілу духаў, што маюць уплыў на людское здароўе, лекаваў хворых, выведваў таямніцы лесу, прадказваў будучыню. Варожачы, ніколі не памыляўся, а таму адусюль сыходзіліся да яго параіцца старыя і маладыя.

Увечары, пакуль яго сям’я, што разышлася па наваколлі, збіралася ў шацёр, ён раскладваў розныя сухія зёлкі, што дапамагаюць жывёле і людзям, і калі ўрупіўся ў сваю працу, малады чалавек, якога звалі Адольф, ціха падышоў і перапыніў яго маўчанне:

– Як маешся, Шылка! Прыйшоў да цябе даведацца, які мяне лёс чакае, якая будучыня ў Альмы і што яна пра мяне думае?

Шылка ўзяў Адольфаву руку, нахмурыў лоб і, моўчкі гледзячы колькі хвілін на далонь, ківаў галавою і паціскаў плячыма: нарэшце глянуў яму ў вочы і сказаў:

– Не пытайце, пане, ні пра лёс Альмы, ні пра сваю будучыню.

– Чаму? Хачу ведаць, хачу як найхутчэй сарваць заслону з вачэй.

– Прыкладзі да скроні жабер-траву164. У такія маладыя гады спадзе з вачэй сатканая з пекных колераў заслона, што закрывае ад цябе будучыню.

– Хачу мець гэтую траву.

– Маеш шмат цікавасці, але ці столькі ж у цябе адвагі? – спытаўся Шылка.

– Скажы, дзе расце – дайду і апоўначы, і сярод дзікіх звяроў.

– Ідзі туды, дзе бачыш з левага боку дзве пясчаныя гары, а ўнізе, на імшарыне, растуць дробныя бярозы і вербы. Бераг возера парос густым трысцём, а на тым месцы, адкуль пачынаецца галявіна, убачыш палю: вытыркаецца з-пад вады, нібы шчогла, рыбакі зрабілі гэты знак на возеры, каб ніхто блізка гэтага месца не лавіў рыбу, бо заўсёды пасля нерат парэзаны, нібыта нажом.

Там з глыбіні вытыркаюцца велізарныя вострыя камяні, а сярод іх – ясная, як зорка, свеціцца пад вадою жабер-трава. Дух Фарон165 зладзіў там сабе жытло, упадабаў ён гэтыя зёлкі. Калі ціхае надвор’е і яснае паўдзённае сонца свеціць на небе, ён, самотны, сядзіць у глыбіні, абапёршыся правай рукою на дзікі камень і пазіраючы на ясную жабер-траву, засынае ў чароўных малюнках будучыні.

Калі сядае сонца, гэты дух пакрывае жабер-траву моцнаю сеткаю з раслін, якія там, накшталт хмелю, спляліся вакол дзікіх камянёў так, каб рыбы і вірлівая вада не маглі калыхнуць яе лістоты. Сам жа выходзіць з возера, на вадзяных туманах выплывае ў поле, наведвае лагі і ўзлескі.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Самая страшная книга 2016
Самая страшная книга 2016

ССК. Создай Свой Кошмар.Главная хоррор-антология России. Уникальный проект, в котором захватывающие дух истории отбирают не «всеведущие знатоки», а обычные читатели – разного пола, возраста, с разными вкусами и предпочтениями в жанре.ССК. Страх в Сердце Каждого.Смелый литературный эксперимент, которому рукоплещут видные зарубежные авторы, куда мечтают попасть сотни писателей, а ценители мистики и ужасов выдвигают эти книги на всевозможные жанровые премии («хоррор года» по версии журнала «Мир Фантастики», «лучшая антология» по версии портала Фантлаб, «выбор читателей» по версии портала Лайвлиб).ССК. Серия Страшных Книг.«Самая страшная книга 2016» открывает новый сезон: еще больше, еще лучше, еще страшнее!

Александр Александрович Матюхин , Евгений Абрамович , Илья Объедков , Максим Ахмадович Кабир , Михаил Евгеньевич Павлов

Ужасы