– Можа, і дзіўны, але справядлівы, – сказаў я. – Не хачу, каб ты ганарылася цудоўнаю касою, якая чарадзейскаю сілаю прыцягвае да сябе ўсе вочы; дык будзь ласкавая – калі хочаш, каб я быў спакойны – загадай абрэзаць сабе валасы.
– Разумею цяпер, – сказала Амелія, – усё дзеля твайго спакою.
Паклікала прыслугу, загадала, каб тая адрэзала ёй касу, і, заліўшыся слязьмі, выйшла ў другі пакой.
Каля поўначы, маючы з сабою касу Амеліі, я пайшоў да самотнае хаціны старца. Ён не спаў: я бачыў, што ў вакне свяціўся агонь. Заходжу ў дом: ён сядзеў у одуме каля стала, абапёршыся на руку, быццам паглыбіўся ў нейкія думкі; у кутах варушыліся чорныя трусы, вочы якіх гарэлі рубінавым агнём. Ён падняўся з месца і кажа:
– А што, зрабіў пан так, як я раіў?
– Зрабіў усё як належыць, вось жончыны валасы.
Дастаю з кішэні касу і кладу перад ім на стале.
– Хутка, пане, – кажа ён, – пабачыш цуды.
Узяў вялікую драўляную міску, наліў вады, частку валасоў з касы паклаў у тую пасудзіну; стаяў, утаропіўшыся на валасы; агонь на стале гарэў цьмяна, нібы дагараў, месяц выглянуў з-за чорных воблакаў, засвяціў бледным святлом у вакно, нечакана ўсхадзіўся вецер, лес парушыў сваё глухое маўчанне шумам. Глянуў я на старца: здавалася, што яго вусны, бледныя, як у нябожчыка, варушыліся, быццам ён штосьці шаптаў; трывога агарнула мяне, дрыжыкі прабеглі па целе; нарэшце ён сказаў:
– Падыдзі і глянь, што дзеецца.
Глянуў у міску – цуда! Жывыя валасы, уючыся ў розныя бакі, нібы п’яўкі, бегалі ў вадзе. Доўга я глядзеў задумана на гэта. Нарэшце ён вынес з хаты намочаныя валасы і частку касы і ўсё гэта кінуў у рэчку. І здалося мне, быццам бачыў я ў месяцавым святле, што ўсе яны плавалі, звіваючыся, наверсе.
Пасля гэтае страшнае пробы ён сказаў мне:
– Будзь, пане, спакойны, ужо валасы не будуць таемнаю сілаю прыцягваць да сябе вочы гасцей.
Пасля гэтага майго ўчынку Амелія доўга ўпотай плакала, і здароўе яе з кожным днём горшала, уначы не магла заснуць: як толькі прыплюшчвала вочы, адразу мроіліся ёй нейкія прывіды, што ўставалі з магіл.
Перад захадам сонца здарыўся страшны выпадак. Амелія сядзела адна ў садзе, але калі пачаў насоўвацца вячэрні змрок, упала раса на травы, паветра стала халоднае і вільготнае, – вярнулася ў свой пакой. Ледзь ступіла на парог – нема закрычала і ўпала, нібы мёртвая; збегліся ўсе, паднялі яе, на твары і кроплі крыві не было; паклалі на ложак і з цяжкасцю змаглі вярнуць ёй дыханне.
Як апрытомнела, расказала, што ўбачыла тады перад сабою таго чорнага старца ў жахлівым абліччы: крывавым агнём свяціліся ягоныя вочы, у руках трымаў велізарны нож і пагражаў ёй смерцю.
Калі я ўбачыў стан яе здароўя і што ў яе зусім хворыя нервы, у маім сэрцы з’явілася нарэшце літасць. Паслаў хутчэй па доктара.
Штодня лёталі пасланцы да горада з медыцынскімі рэцэптамі; усё, што можна, рабілі, каб падмацаваць яе. Прайшло некалькі дзён; лячэнне было безвыніковае, не прынесла ніякае палёгкі, і Амелія яшчэ больш пакутавала і слабела.
Бацькі, даведаўшыся пра небяспечную доччыну хваробу, прыехалі пераведаць. Яна хацела, і доктар гэта раіў, каб лячыцца ў бацькоўскім доме. Можа, там хутчэй супакояцца яе думкі і лекі будуць лепей уздзейнічаць.
Пагадзіўся я з гэтым, і Амелія з бацькамі выехала з майго дома, абяцаючы вярнуцца, як толькі дазволіць здароўе.
Праз тры дні атрымаў ліст з чорнаю пячаткаю і ўбачыў там такія словы: “Амелія самотнае сваё жыццё закончыла ўчора а пятай гадзіне пасля паўдня”.
Калі гэта прачытаў, знячэўку ўсе валасы на маёй галаве заварушыліся і пачалі страшна крычаць. Люты страх апанаваў мяне, я нарэшце ўбачыў, да якога няшчасця давёў мяне той жахлівы старац. Хапаю набіты пісталет, бягу з намерам забіць яго на месцы… ледзь адчыніў дзверы – з пустое хаты вылецела велізарная чарада кажаноў і са страшным піскам пачала кружляць над гэтаю хацінаю і вакол дрэў, а старца і яго трусоў ужо і звання не было.
Пакінуў я свой дом. Страшна ў ім жыць, страшна выйсці ў поле і бачыць лугі, пагоркі і лясы, бо там усюды з’яўляецца перад маімі вачыма чорная, як у д’ябла, постаць жахлівага старца.
Вось, доктар, споведзь майго жыцця.
Крыху памаўчаўшы, ён паклаў руку на галаву і, гледзячы ў люстэрка, сказаў:
– І цяпер валасы варушацца і крычаць. Ну, ці ведаеш, як дапамагчы мне ў няшчасці?
Доктар, стараючыся яго суцешыць, запрасіў да сябе, даў адрас, і мы з ім неўзабаве выйшлі з карчмы, а Генрык застаўся там. Праз два дні я выехаў з Віцебска і больш яго не бачыў.
– Жахлівы старац! – сказаў Завальня. – Ці не той гэта шатан, якому Твардоўскі загадаў ажывіць цела Гугона? З’яўляецца цяпер у розных канцах свету, каб шкодзіць роду людскому.
– Страшны выпадак расказаў пан Сівоха! У мяне няма такой добрай памяці, – сказаў Латышэвіч. – Шмат чуў розных аповядаў, але што сёння пачую, тое заўтра забуду.
ЦЫГАН БАЗЫЛЬ
Калі мы так гаманілі і кожны выказваў пра апавяданні гэтага вечара сваю думку, вецер нечакана пачаў шумець за сцяною ў дрэвах, якія акружалі дом; дзядзька глянуў на свечку, што дагарала на падваконні, і сказаў: