– Я ведаў старога, што памятаў год Лебяды, – сказаў пан Латышэвіч, – і часта апавядаў пра дзівы, якія сам бачыў на небе. Гарэлі тады замкі ў паветры і войскі біліся ў полымі. Страшэннае гора было ўсім. Людзі жывіліся адной травою; аднак жа праз год злітаваўся Бог над галоднымі і паўсюль спіжарні напоўніліся жытам.
– Беднасць у нашым краі – не навіна, – сказаў Сівоха. – Прыйдзе вясна, і рэдкі селянін, сеўшы за стол, пакладзе хлеб перад сабою і будзе мець, чым засеяць поле. А гэтая заўсёдная нядоля да таго запала ўсім у памяць, што ўсё незразумелае ў нас заўсёды – знак няшчасця. Будзьма больш ашчадныя і руплівыя. Хто працуе і просіць Бога, той і сам жыве заможна, і людзям дапамагае.
Сляпы Францішак уздыхнуў:
– Мы сустракаем і праводзім усе гады з адной і той самай песняй. Свет нам – пілігрымка, а неба – напамін. Летам, калі я чую гром, што скаланае ўсю зямлю, думаю пра Ўсемагутнасць Творцы і пра Ягоную міласэрнасць. Няхай будзе Яго воля. Наша будучыня – у Яго руках.
– Я чуў некалі такое апавяданне167
, – сказаў Сівоха. – Летам пасля захаду сонца перад нядзеляю ноч была ціхая і пагодная. Парабкі пагналі коні на начлег. Адны сяляне пасля дзённае працы гаварылі пра сваю гаспадарку, іншыя спявалі, вяртаючыся з паншчыны. Раптам убачылі ўгары дзіўнае відовішча: на ўсю сваю прастору раскрылася неба і быццам бы сярод гэтага святла бачылі анёлаў, адзенне якіх было бялейшае за снег, а вакол галавы – німб, яснейшы за сонца. Усе ўпалі ніцма, і хто маліўся шчыра, таму Бог такія шчодрыя даў дарункі, што ўсё жыццё тыя людзі не ведалі нэндзы.– Чуў і я гэтую гісторыю, – сказаў Завальня. – На маю думку, праўдзівую і шчырую малітву заўсёды неба пачуе. Але дзе ж Базыль? Ён яшчэ не закончыў свайго апавядання.
Агледзеліся ўсе – але Базыля ўжо ў пакоі не было.
– Пэўна, заваліўся спаць, – абазваўся Сівоха, – бо я даўно заўважыў, што ён ледзь сядзеў і ўсё пачынаў драмаць. Але, пане-гаспадару, час бы і нам ужо адпачыць. Заўтра не цэлы дзень спаць: трэба быць на святой імшы.
– Але ж апавяданне пра жабер-траву не закончана.
Сказаўшы гэта, дзядзька выйшаў і загадваў прыгатаваць гасцям ложкі.
Патушаны агонь. Усе моцна спяць.
ТАВАРЫШ У ПАДАРОЖЖЫ
Усюды прырода дзіўная, прыгожая і разнастайная, чаргуюцца навальніцы і пагодныя дні. Здзіўлены пілігрым пазірае на змрочныя, вясёлыя і дзікія малюнкі пагоркаў і лясоў, страчае людзей, якія, разумеючы яго думкі і пачуцці, радыя падзяліцца з ім цяжкай сваёй тугою; усюды ёсць шчасце і нядоля; усюды незразумелая наканаванасць вядзе нас па розных дарогах жыцця. Чаму ж чалавек заўсёды сумуе па сваёй роднай зямлі, як дзіця па маці?
Такія думкі агортвалі мяне, калі на адзіноце падарожнічаў праз палі і цёмныя лясы далёка ад Бацькаўшчыны. Было ўжо каля паўдня – чыстае неба, ціхі дзень, спёка. Знябожаны падарожжам і сонцам, я сеў каля дарогі ў засені бяроз.
Непадалёку звінеў крынічны струмень, лашчылі мяне лёгкія подыхі ветрыку, што плыў з поля. Аддаўшыся марам, я ўспамінаў прыгоды мінулых гадоў і не заўважыў, як нехта падышоў да мяне – высокага росту – клунак на плячах, смуглы ад сонца і ветру твар, худы, змучаны цяжкім падарожжам. Пачаў ён так:
– Прыемна адпачываць тут, у засені бяроз каля крыніцы?
– Цяжка ісці ў такую спякоту, – адказваю. – А да вёскі ці да якой-небудзь аўстэрыі168
, магчыма, яшчэ далёка.– Найлепей ісці, калі сонца схіліцца да захаду і абзавуцца спевамі саловак лясы, а цяпер усюды глуха: і птушкам дакучае спёка.
– Куды ты ідзеш? – запытаўся я ў незнаёмца.
– Туды, далёка, – паказаў ён рукою.
– Будзеш мне спадарожнікам, бо і я таксама іду ў той бок.
– Добра! Але, здаецца, бачыў цябе калісьці. Ці не на берагах Дзвіны? Можа, мы землякі?
– Мо і так. Бо там прамінулі найшчаслівейшыя дні майго жыцця.
– Я – Севярын, – сказаў вандроўнік. – Смутак і час змянілі мой твар, і вясёлыя думкі назаўсёды развіталіся са мною. Сёння я ўжо не той. Такія вось пуцявіны нашыя.
– Успамінаю цяпер: ты вёў некалі рэй у вясёлых забавах.
– Пакуль не глянуў вакол сябе. А як убачыў і ўсё спасціг – вандрую па свеце і нідзе не знаходжу спакою.
– Пуцявіны нашага жыцця, – сказаў я, – як пуцявіны жахлівых сноў.
– І цяжка дачакацца світання, якое б абудзіла ад гэтых страшных крозаў.
– Ці даўно, – пытаюся, – бачыў родныя пагоркі і лясы?
– Нядаўна, – адказвае, – пераведаў той край. Бачыў: пагоркі на сваім месцы, а лясы разрасліся яшчэ болей. Шмат! Шмат перамен! Змрочны час, неўраджайныя гады, зніклі вясёлыя забавы сялян, і ў полі не пачуеш песні аратага ці пастуха. Толькі Плачка на могілках сумным голасам кранае душы тых, хто ідзе блізка таго месца.
– Калісьці былі лепшыя часы. Люба было бачыць строі і забавы людзей на свяце або на вяселлі.
– Ці памятаеш? – спытаўся Севярын. – Вёску на беразе рэчкі Обалі, ці памятаеш? Калісьці там заможны гаспадар Лукаш выдаваў дачку замуж. У той час мы абодва цікавіліся народнымі забавамі і вясельнымі песнямі. Усяго там хапала гасцям: багата было ежы і пітва. Памятаеш гэтую песню: