РАДА
Быў змрочны дзень у палове сакавіка, на панадворку падаў мокры снег. У хаце дзядзька размаўляў з рыбаком Родзькам пра рыбацкую ўдачу, пра гаспадарку ды пра клопаты бедных сялян, якім не будзе чым сёлета сеяць, калі палеткі вызваляцца з-пад снегу. Я падчас тае гаворкі думаў пра падарожжа і марыў, што ў чужых краях зусім іншы свет, пякнейшыя краявіды, прыгажэй цвітуць лугі, больш багатыя ўраджаі на палетках і людзі стакроць шчаслівейшыя. Дзядзька парушыў мой одум, кажучы:
– Янка доўга гасцяваў у пана Марагоўскага, бываў і ў іншых дамах заможных нашых суседзяў, палюбіў іх ветлівасць, пасябраваў з сім-тым з маладзёнаў і нібыта назаўсёды з імі развітаўся; заўсёды маркотны, задуманы і гэтай вясною хоча нас пакінуць, мяркуючы, што дзесьці там, у далёкіх краях, багацце плыве ракою.
– Я не шукаю багацця, – адказваю, – а хачу пазнаёміцца з думкамі і жыццём людзей у тых далёкіх краях; у маладосці трэба вучыцца, трэба пабачыць свет.
– Убачыш, зазнаеш і спасцігнеш, што і там, дзе зямля шчодра адорвае земляроба, дзе лясы цвітуць накшталт зямнога раю, – людзі ўсюды такія самыя, там толькі шчасце, дзе чалавек жыве так, як Бог загадаў: працуе рупліва і без хцівасці, не забывае бліжніх і спадзяецца на лепшае. У нашым краі доўгая і зменлівая зіма, часам мокрая, часам марозная і завейная, у лагчынах вада, а на пагорках паўночны вецер нішчыць пшаніцу і жыта, аднак жа дбайнасць і праца можа перамагчы ўсё. Калі я набыў гэты фальварак, зямля тут нагадвала дзікую пустэчу, аднак я не паддаваўся роспачы, імкнуўся ўсё палепшыць, засыпаў ямы, асушыў балацявіны, і на тым месцы вырас у мяне прыгожы бярозавы гай, маю добрыя сенажаці, завёў жывёлу, цяпер, дзякуй Богу, і палеткі родзяць. Паны, што маюць прыгонных, марнуюць багацце на карэты, уборы і карты; няраз вясною, калі ім бракуе грошай, ідуць да шляхціца Завальні. Хто працуе і спадзяецца на Бога – можа і тут быць шчаслівы і спакойны.
– Я гэта добра ведаю, дзядзечка, але, жывучы ў гэтым краі, не чую і не бачу, што дзеецца на свеце, быццам вочы мае заслоненыя. Сумнае такое жыццё.
– Вось што такое навука! Ужо неспакойны, хочаш яшчэ больш даведацца і лятаеш думкамі недзе там, далёка, хочаш бачыць вялікі свет, і таму цесна табе тут з намі, хочаш, як птах, вырвацца з клеткі.
Родзька маўчаў і ўважліва слухаў гэтую размову. Нарэшце, глянуўшы на мяне, сказаў:
– Нашы продкі не зайздросцілі багатырам, што жылі недзе там, у далёкіх краях, яны мелі ежу і вопратку са свае працы, а цяпер хцівасць прывяла злых духаў, каб здабывалі грошы з-пад зямлі, а таму смутныя гады і смутнае жыццё.
– Родзьку, – сказаў я, – нязменна мрояцца злыя духі, а ўсё ж такі сам іх не бачыў.
– Ці ж людзям не верыць? – сказаў рыбак. – Паніч, пэўна, не чуў, што здарылася на Сітнянскім возеры, а пра тое шмат хто апавядаў.
– Не ведаю, што там было.
– То я раскажу. Каля таго возера з аднаго боку вёска Сітна і дарога з Полацка на Невель, а з другога – густы і цёмны яловы лес. Летам у ціхае надвор’е схавалася сонца і зоркі паказаліся на небе; сяляне, вярнуўшыся з поля, завіхаліся ля хат і чуюць раптам, як нехта за возерам, каля самага берага, за цёмным лясным гушчаром, спявае. І так моцна ды вусцішна, што чароды перапалоханых качак падняліся ў паветра, звяры, выгнаныя з лесу, беглі па палях і пагорках, а сабакі скуголілі, нібыта перад вялікім няшчасцем. Жыхароў гэтае вёскі апанавала трывога, і дрыготка працінала іх целы, бо выразна пачулі словы тае песні: