— Наўрад. Аднак пойдзем. Нам усё роўна трэба падняцца на плато. Пойдзем пеша. Не часта бывае...
Яны пайшлі нацянькі праз лес, выбіраючы радзейшы зараснік — відаць, некалі тут былі або прасекі, або дарогі. Неўзабаве выбраліся на паляну. У свой час, напэўна, тут знаходзілася паселішча: калі Шарлан разварушыў адзін з курганчыкаў, якіх навокал было нямала, ён знайшоў чарапкі глінянага посуду, нейкія іншыя не вядомыя яму рэчы.
— I гэта побач з касмічнымі караблямі! — абурыўся Чаўр.
Шарлан, для якога ўсё гэта было няновае, толькі паціснуў плячыма: маўляў, чаго можна было чакаць яшчэ ад уладароў Цэнтральнай рэспублікі.
— Не разумею,— не супакойваўся Чаўр,— як людзі ўсёй Зямлі маглі дапусціць, каб побач з іх светлым жыццём існавала такая няроўнасць і несправядлівасць.
— Старое ў Цэнтральнай рэспубліцы трымалася даўжэй. На тое былі свае прычыны,— растлумачыў Шарлан.— У іх, увогуле, быў досыць высокі ўзровень жыцця, магутная прапагандысцкая машына і не менш магутны паліцэйскі апарат, які жорстка караў незадаволеных.
Вышэй ад паселішча ў абрывістай гары віднеліся пячоры.
— Засталіся з даўніх часоў. Калісьці служылі жытлом,— сказаў Шарлан, убачыўшы, што Чаўр паглядае на іх з цікавасцю.
— Можа — паглядзім? — падыходзячы да пячораў, папрасіў Чаўр.
Гэта былі своеасаблівыя музеі мясцовых жыхароў. Аб гэтым Чаўр з Шарланам падумалі адразу, зайшоўшы ў першую з іх. На сценах было шмат малюнкаў — і вельмі старажытных, калі з каменнай сякерай чалавек паляваў на рагатага быка, і больш навейшых, калі невядомы мастак, упершыню ўбачыўшы самалёт, перанёс свае ўражанні на закамянелую гліну. Малюнкі ў кожнай пячоры адрозніваліся сюжэтамі, манерай выканання: яны належалі розным людзям.
— Пойдзем. Забавіліся...— прапанаваў Шарлан, калі яны выйшлі з дзевятай ці дзесятай пячоры.— Усюды — адно і тое.
— Ай-яй-яй, таварыш даследчык,— пажартаваў Чаўр,— а яшчэ гісторык! Не, давай ужо да канца агледзім. Тым болей — іх засталося тры...
У адной з іх у цемнаватым кутку Чаўр убачыў невыразны малюнак. Быццам нехта спачатку намаляваў, потым вырашыў, што сюжэт не варты ўвагі. Чаўр запаліў ліхтар. На сцяне, падсвечанай знізу, былі відаць абрысы трох... касмічных караблёў. Нацэленыя ўвышыню, яны ўжо адарваліся ад Зямлі. Яшчэ імгненне, і яны пакінуць за сабою толькі вогненны след...
Чаўр і Шарлан выйшлі з пячоры, уражаныя знаходкай. Малюнак быў невыпадковы. Аўтар недзе бачыў тры касмічныя караблі, інакш ён не нанёс бы іх на сцяну.
— На якім касмадроме ён пабываў? — Чаўр сказаў уголас тое, пра што думаў і Шарлан.
— Можа, па тэлебачанні? Іх жа з рэзервацыі не выпускалі.
— А калі на плато? — Чаўр паказаў на горы.
— Задачка...— адказаў Шарлан.— Згодна з усімі дадзенымі, тут ніколі не было касмадрома.
На плато яны паспелі да захаду сонца. Чаўр даў па радыё загад аўтапілоту прывесці туды глайдар: абысці ўсю гэту вялікую плошчу было немагчыма. Са стометровай вышыні плато выглядала ідэальнай пляцоўкай для любога касмадрома — роўнае, як выбрукаванае агромністымі каменнымі плітамі. У чаўравай памяці зноў ажылі легенды аб зорных прышэльцах, якія быццам бы будавалі тут сабе стартавую пляцоўку. Ён пашукаў вачыма. Недзе павінен быў быць славуты храм, высечаны ў чырвоных скалах. Ага, ёсць! Час пакінуў толькі руіны. Але не наведаць хоць бы іх, маючы выпадак, будзе недаравальна.
Замігцеў індыкатар на прыборнай дошцы глайдара. Фіялетавы агеньчык успыхнуў, заярчэў і пачаў гаснуць. Чаўр павярнуў глайдар назад. Зноў агеньчык стаў яркі, як маланка.
— Рэшткі бетараспаду...— гэта Чаўр ведаў.— А над якім палівам працаваў твой дзед? — звярнуўся ён да Шарлана.
— Даліся табе ў знакі малюнкі,— засмяяўся Шарлан.— Выпраменьванне ў такіх нязначных дозах можа быць натуральнае.
— Ты не адказаў на пытанне.
— Ён навучыўся расшчапляць любое рэчыва, калі гэта цябе цікавіць.
— Між іншым, крыніц выпраменьвання тры,— забыўшыся ўжо на сваё пытанне, сказаў Чаўр.— Я не здзіўлюся, калі неўзабаве ўбачу элінгі.— Сустрэўшы недаверлівы позірк таварыша, усміхнуўся: — Калі памыляюся, згодзен больш ніколі не пакідаць Зямлю.
Наведанне храма і пошукі прыдуманых Чаўрам элінгаў прыйшлося, аднак, адкласці. Сонца ўжо схавалася ў моры, і змрок, які даўно панаваў у даліне, разам з туманам прыпоўз на плато. Чаўр і Шарлан вярнуліся дадому.
Іх чакалі ўжо матэрыялы статыстычнага архіва. Звесткі, каб не было ранейшых знаходак у пячоры і на плато, вельмі здзівілі б Чаўра. Паводле самых мінімальных дадзеных, у той час у Цэнтральнай рэспубліцы адначасова будаваліся чатыры караблі — столькі выдаткавалася каштоўных матэрыялаў і сродкаў немаведама на якія мэты.
— Ты і зараз не хочаш паверыць мне? — Чаўр паказаў разлікі Шарлану.
— Быць табе да скону касмічным бадзягам,— засмяяўся Шарлан.— Але як ты дадумаўся?
— А што было рабіць? Твае любімыя дэтэктывы сцвярджалі: калі няма прамых доказаў, шукай ускосныя. Баюся толькі, што, нават знайшоўшы прамыя доказы, мы не наблізіліся б да свае асноўнае мэты. А час ідзе.