Читаем Сляды вядуць на Зямлю полностью

— Даліся вам у знакі гэтыя невядомыя касмічныя гангстэры! — Чаўр не пагаджаўся з думкай памочніка: —Хутчэй, гэта нешта сапраўды накшталт варыянта лятучага галандца. Гэта я магу яшчэ дапусціць. Толькі, замест здані, Бадзяй убачыў касмічны карабель. Магчыма, у ім ужо нежывы экіпаж. I блукае гэты карабель у прасторы, як астэроід. Мы, вядома, павінны яго адшукаць, каб гісторыя не паўтарылася.

— На Энцэладзе?

— Напэўна, бліжэй. У прасторы. А можа...— Чаўр быццам хацеў нешта ўдакладніць, але перадумаў: — А можа, і не на Энцэладзе. Там нічога не было, мы ўжо шукалі.

— Я выбраў бы Мімас,— раптам уставіў Шарлан.— Людзі пра яго даўно забыліся. А, дарэчы, тыя караблі накіроўваліся ў раён Сатурна. Дзе, як не на яго забытым спадарожніку, лепш за ўсё хавацца зданям, калі яны існуюць на самай справе? Не разумею толькі — навошта?


VI

Пасажырскі планеталёт «Талнах» мінуў арбіту Юпітэра. Гэта падзея, аднак, прайшла для пасажыраў незаўважна. Яны не кідаліся да ілюмінатараў, не прасілі месца ля тэлескопаў. Усе, нават навічкі, ведалі, што на трасе іх палёту на многія-многія мільёны кіламетраў наўкола — пустынны космас, чорны, маўклівы і аднастайны. Ён ужо не выклікаў цікаўнасці, як у першыя дні, калі ўсё — і на планеталёце, і за бортам — здавалася новым і незвычайным. Пасажыраў больш вабілі спецыяльныя гадзіны бязважкасці, якія давалі магчымасць па-сапраўднаму адчуць сябе ў космасе, фільмы, знятыя астралётчыкамі ля чужых зорак і якія нібы рабілі іх удзельнікамі смелых дэсантаў, і, нарэшце,— прагулкі па шматлікіх карабельных галерэях, ля адсекаў, куды быў забаронены ўваход, што само па сабе было незвычайна і несла ў сабе элемент касмічнай экзотыкі.

3 сямідзесяці пасажыраў толькі адзін меў іншы інтэрас. Гэты адзін быў Юрась Батура. Фільмы ён глядзеў яшчэ на Зямлі і ведаў усё да дробязі, на памяць. У будове планеталёта ён не знаходзіў нічога цікавага — ён ведаў, як зроблены заралёты. Юрась быў адзіным пасажырам, які мог доўгія гадзіны сядзець нерухома ў рубцы побач з дзяжурным пілотам і гэтак жа, як ён, неадрыўна сачыць за прыборамі. Юрась нікому не перашкаджаў, і яму дазвалялі заходзіць і ў ходавую рубку, і ў штурманскую залу, дзе на ўсю сферычную сцяну заўсёды былі адкрыты ілюмінатары, а на вялікай карце Сонечнай сістэмы бліскучай лініяй з караблікам на канцы адзначаўся шлях «Талнаха».

I ў той час, калі перасякалі арбіту Юпітэра, Юрась быў у штурманскай. Убачыўшы, як караблік насунуўся на пункцір, што на карце азначаў нябесны шлях Юпітэра, Юрась саскочыў з крэсла, у якім звычайна ціхенька сядзеў, і запляскаў у далоні.

— Толькі не крычы ўра,— засмяяўся штурман.

Юрась збянтэжыўся і выслізнуў з залы. Яму стала ніякавата, што не стрымаўся. Ён ужо хацеў быў пайсці ў сваю каюту, але падумаў, што пілот не ведае пра гэты яго ўчынак, і падаўся ў рубку. Ён паспеў. Капітан карабля Бадзяй і пілот са здзіўленнем глядзелі на экран лакатара: там узнікалі абрысы карабля. Гэта быў нейкі свой карабель, ён пасылаў звычайныя імпульсы. Невядома толькі, як ён тут апынуўся.

— Зараз даведаемся,— сказаў Бадзяй і выклікаў радыста.

Паслаць запытанне не паспелі. Незнаёмец светлавымі сігналамі паведаміў, што ў іх сапсавалася рацыя і выйшла са строю рэгенерацыйная ўстаноўка.

— Патрэбна дапамога? — гэтак жа светлаграмай запытаў Бадзяй.

— Так,— адказалі з карабля.— Мы падыдзем да вас.

Адлегласць паміж абодвума планеталётамі паменшылася, і Юрась убачыў на экране, як выглядае карабель. Хлопчык здзівіўся і, падбегшы да Бадзяя, закрычаў:

— Старая чарапаха! Старая чарапаха!

Бадзяй зірнуў на экран і ўсміхнуўся. Карабель быў сапраўды старой канструкцыі. Такія будавалі ў мінулым стагоддзі, калі ён, Бадзяй, разам з Рэпсам, Чаўрам і Плыгам адпраўляліся ў свой першы палёт да зорак. Здаецца, пазней гэтыя караблі так і празвалі «чарапахамі». А ўголас пагадзіўся з хлопчыкам:

— Ну і пасудзіна!

— 3 якога музея яе выцягнулі? — спытаўся пілот.

Тым часам сустрэчны карабель падышоў зусім блізка. Яго камандзір перадаў просьбу:

— Дазвольце наведаць вас.

Бадзяй запрасіў і адкрыў ілюмінатары. Карабель вісеў побач, якіх-небудзь дваццаць-трыццаць метраў аддзялялі яго ад «Талнаха». Бадзяй крыху ўстрывожыўся: «Звар'яцелі яны там, ці што? Гэтак і сутыкнуцца можна!»

— Капітан,— падаў голас па ўнутранай сувязі радыст,— эфір зусім маўчыць.

— Не можа быць.— Не паверыў Бадзяй.— Трэба ж паведаміць, што мы сустрэлі карабель.

Юрась, які сядзеў у кутку, незаўважна для астатніх, выцягнуў з кішэні маленькі прыёмнічак. Гэта была яго ўласная канструкцыя, і яму вельмі захацелася зараз паздзекавацца з карабельнага радыста. Прыёмнічак яшчэ ніколі не падводзіў. Праз усё падарожжа прымаў станцыі Зямлі, Марса, Нептуна. Але як Юрась ні круціў верньеры настройкі, ніводны гук не варухнуў мембрану. Эфір, сапраўды, як знямеў.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шаманка (СИ)
Шаманка (СИ)

Как мало человеку нужно для счастья - знать, что твоя семья рядом, что с родными все в порядке, что у тебя есть свой дом, куда можно всегда вернуться. А если в один момент ты всего этого лишаешься, как жить? Как-как, брать себя в руки, стиснуть зубы и идти вперед! Тогда и дом новый приложится, и даже новая любовь. Правда, перед этим придется пережить столько приключений в космосе, что уже и не знаешь, а нужно ли тебе было все это? Но, как говорится, человеку дано ровно столько, сколько он может выдержать. Судя по всему, у меня выдержка должна быть титановой, не меньше. Но если в конце ожидает такая награда, можно и выложиться по полной, чтобы ее получить. Проды 2-3 раза в неделю. #космос и любовь #попаданка в другую часть Вселенной #любовный четырехугольник #неожиданный финал

Виктория Рейнер , Наталья Тихонова , Ольга Райская , Полина Люро

Фантастика / Космическая фантастика / Попаданцы / Любовно-фантастические романы / Романы