Пакуль зменьваўся экіпаж, Бадзяй паспеў адшпіліць ад пояса корцік. Аддаючы яго Юрасю, сказаў:
— Падарунак майго лепшага сябра.
— Чаўра? — успыхнуў Юрась.
— Яго. Ён будзе шукаць нас. Аддасі яму,— і Бадзяй усміхнуўся Юрасю, як роўнаму.
Юрась не заплакаў, калі яго забіралі на чужы карабель. Ён трымаўся, бо хацеў быць такім жа мужным, як капітан Бадзяй.
Яшчэ раз Юрась убачыў «Талнах» на нейкай планеце. Яна была зусім блізка ад Сатурна. Юрась пазнаў славутае колца. Іх вывелі з карабля, і яны стаялі на волі, здавалася, бездапаможныя перад магутным Сатурнам, які пагражаў прыціснуць іх да голай, няветлай паверхні. Людзі захваляваліся, заварушыліся. Але яны не маглі нават паскардзіцца адзін аднаму — іх рацыі былі знятыя. Чужынцы ўзнялі пісталеты і павялі іх некуды далей.
Ісці было лёгка, як на планеталёце ў час бязважкасці, толькі ногі раз-пораз чапляліся за каменні і абломкі скал. Іх прывялі ў нейкую глыбокую пячору. Яны сядзелі маўклівыя, разгубленыя. Юрась шукау вачыма капітана і не знаходзіў. Яго, напэўна, з імі не было. Начальнік гэтых піратаў не дазволіў капітану быць разам са сваімі.
Моцны штуршок скалануў пячору, са столі паляцелі каменні. Але шкоды не прычынілі. На гэтай малой планеце была невялікая сіла цяжару.
Зямлян не выпускалі з пячоры некалькі гадзін. Юрась стаміўся, захацеў есці. Назад іх вялі іншай дарогай. I вось, ідучы міма якойсьці катлавіны, яны ўбачылі груду абломкаў. Зямляне пазналі свой «Талнах», усхваляваныя, уражаныя, спыніліся над высокім абрывам. I тады Юрась падумаў, што Чаўр абавязкова знойдзе гэтыя рэшткі. Ён падбег да канваіра і пачаў жэстамі паказваць, што яму трэба ўніз. Канваір, відаць, не зразумеўшы, махнуў рукой, і Юрась пабег. Азірнуўшыся, ці не сочыць хто за ім, ён адшпіліў Бадзяеў корцік і кінуў яго ў груду абломкаў.
Канваір ні аб чым не здагадаўся. Перад пасадкай у карабель ён пералічыў зямлян. I хутка яны зноў, напэўна, узняліся ў космас (ілюмінатары ў іх памяшканні былі задраеныя), бо Юрась адчуў перагрузку, якая ўзнікае пры ўзлёце. А можа, яму гэта толькі здалося? Калі іх неўзабаве вывелі з карабля зноў, вакол была быццам бы тая ж самая прырода, толькі не вісеў у небе Сатурн.
Аднак пячора, куды зямлян прывялі на гэты раз, мела іншы выгляд. Як толькі яны зайшлі, з бакоў высунуліся тоўстыя пліты і ўваход зачыніўся. Потым успыхнула святло: пад нізкімі скляпеннямі віселі цьмяныя электрычныя лямпачкі.
Зняможаныя, палоннікі апусціліся на цвёрдую каменную падлогу.
VII
Пошукі зайшлі ў тупік. Ні на Энцэладзе, ні на Мімасе не было знойдзена ніякіх прыкмет, што там былі людзі.
Асабліва даўся Чаўру ў знакі Мімас. Невялікі, як астэроід,— усяго 650 кіламетраў у дыяметры,— ён быў пад самым бокам Сатурна, ад якога яго аддзяляла меней двухсот тысяч кіламетраў. Калі Чаўр глядзеў на Сатурн, яму часам здавалася, што славутае кольца — гэта не проста каменьчыкі, часцінкі лёду і пылінкі, прыцягнутыя вялізнай масай планеты-гіганта, а нейкая піла, што ў любы момант можа разануць па Мімасу, і тады ён распадзецца на дзве палавінкі, і бяздонны космас паглыне іх, як пясчынкі. А потым густую атмасферу Сатурна пачыналі калмаціць хвалевыя цыклоны. Іх доўгія зялёныя языкі пульсавалі ў прасторы, і то адзін, то другі паглынаў Мімас. Усё наўкола патанала ў рухомай, як навальнічная хмара, імгле, і ўжо не было ні Мімаса, ні Сатурна, а нешта адно цэлае, вечнае, бясконцае, з якога, здавалася, ніколі не выбрацца.
У такія хвіліны Чаўр і Шарлан сядзелі ў ракетаплане. На Мімасе, дзе ўся паверхня была ўсеяна кратэрамі і расколінамі, мог выручыць толькі ён. Пазіраючы ў ілюмінатары, яны зноў і зноў вярталіся да знаходкі ў Андах і сваіх меркаванняў аб магчымым палёце тых зямных караблёў на Мімас.
На Зямлі ўсё здавалася відавочным, неаспрэчным. А зараз думалася, што ці маглі людзі памяняць Зямлю на гэты вечна цёмны і страшны спадарожнік Сатурна. Чым яны кіраваліся, зрабіўшы так? Ні Чаўр, ні Шарлан не маглі нават уявіць сабе прычыну, вартую гэтай ахвяры. У Сонечнай сістэме ёсць больш прывабныя месцы, напрыклад, спадарожнікі Юпітэра або астэроіды.
А час ішоў. Чаўр пачаў нервавацца:
— Каб хаця ведаць, што тыя даўнія ўцекачы не маюць ніякага дачынення да «Талнаха»...
— Уся справа ў тым, якую яны ставілі сабе мэту.— Шарлан, у адрозненне ад Чаўра, быў упэўнены, што тут ёсць сувязь.— Не хацелі ж яны, пакідаючы Зямлю, загубіць сябе? Мы павінны дакапацца да ісціны.
— Словы Рэпса,— уздыхнуў Чаўр.— Я толькі баюся, што ў нашых пошуках, можа здарыцца, «Талнах» адыдзе на другі план.
Атмасфера Сатурна ўсё яшчэ бунтавалася. Здавалася, цемры не будзе канца. I не было на Сатурне службы надвор’я, якая магла б прадказаць, калі тутэйшая непагадзь скончыцца. Чаўр зірнуў на гадзіннік і падумаў, што, напэўна, некалі такую службу створаць. Бо ўсё, што робіцца на гэтым гіганце, пэўным чынам уплывае на Сонечную сістэму і, у прыватнасці, на Зямлю. I ў галаве адразу пачала складвацца схема, якую ён абавязкова прапанаваў бы для ўстаноўкі аўтаматычных назіральных станцый на Мімасе.