Злавіўшы сябе на гэтым, Чаўр усміхнуўся. Вось заўсёды так: калі трэба вырашыць нешта вельмі сур’ёзнае, думка збягае на нешта іншае, дробнае, нязначнае. А па празрыстым пластыку ілюмінатара ўсё паўзло і паўзло зменлівае зеленаватае месіва.
Прагучаў сігнал. Чаўр уключыўся ў канал агульнай сувязі.
— Як справы, начальнік Чаўр?
— Ты да нас? — здзівіўся Чаўр, бо аказалася, што яго выклікаў Рэпс.
— Будзем разам думаць,— адзначыў Рэпс.— Што вы робіце?
— Правяраем усе выяўленыя тут крыніцы выпраменьвання, а таксама залежы металаў. На паверхні мы нічога не знайшлі. А на Зямлі яны зарываліся ў горы.
— Дарэчы,— перабіў Рэпс,— за гэтыя дні знойдзены яшчэ тры элінгі з недабудаванымі караблямі.
— Пра нешта падобнае я падумаў, калі знаёміўся са статыстычнымі справаздачамі. Для трох караблёў матэрыялаў трэба менш, чым было выдаткавана,— сказаў Чаўр.— Яны, што, паўрэспублікі хацелі вывезці?
— Баюся, была іншая задума,— адзначыў Рэпс.— Недабудаваныя караблі належаць да класа грузавых. Сярод прызначанага, напэўна, для вывазкі мы знайшлі некалькі магутных выпраменьвальнікаў...
— Гэта ж зброя! — усклікнуў Шарлан.
— Так,— кіўнуў Рэпс.— Спецыялісты ўчора прыкідвалі... Якраз адсюль можна да Зямлі дастаць.
— Навошта? — Чаўр не разумеў нічога.
— Вось і я думаю. А можа,— Рэпс спахмурнеў,— каб удалося іх вывезці, мы пра гэта даведаліся б раней.
— Слухай, Эсквайр, гэта неверагодна! Няпраўда! Нічога не адбылося ж!
— Не паспелі. А сведак няма.
Чаўр пабляднеў.
— Але гэта...— пачаў ён.
— Не думаю,— сказаў сурова Рэпс.— За гэты час шмат што змянілася. Наўрад ці зробяць яны што кепскае палоннікам. Баяцца за сябе. Хіба пазней, калі пераканаюцца, што мы паверылі ў няшчасны выпадак.
— Я падпісаў акт. Хаця, калі яны на Мімасе, то заўважылі нас...
— Некалькі дзён мы выйгралі,— усміхнуўся Рэпс.— Не верыш? Я толькі што з Энцэлада. Аўтаматы праз суткі пасля вас нешта падазронае заўважылі недалёка ад таго месца, дзе загінуў «Талнах». На здымках можна разгледзець фігуры ў скафандрах вельмі даўняй канструкцыі. А потым быў зарэгістраваны выбух цеплавой энергіі. Відаць, упэўніўшыся, што мы там пабывалі і знайшлі прыёмнік з перадатчыкам, іх разведчыкі пакінулі Энцэлад. Як бачыш, упэўненасць падвяла і яны нарабілі памылак.
Чаўр пачаў апранацца для выхаду на паверхню. Ужо надзеўшы касмічны касцюм, ён папрасіў карту Мімаса. Гэта была не зусім звычайная карта. На ёй значыліся толькі месцы канцэнтрацыі металаў і выпраменьванняў, якія выявілі апараты штучных спадарожнікаў. Гэтыя спадарожнікі, запушчаныя Шарланам адразу, як толькі ён прыбыў сюды, усё яшчэ снавалі вакол Мімаса, адзначаючы самыя дробязныя змяненні ў нетрах планеты. I Чаўру з таварышамі заставалася толькі высветліць, якія адносіны яны маюць да іх справы. Але менавіта гэта з’яўлялася самым складаным, бо ніводнае,— а месцаў такіх было на карце некалькі дзесяткаў,— не паказвала, што іменна яно з’яўляецца падземным сховішчам.
На першы раз Чаўр намеціў для агляду пункты, якія знаходзіліся там, дзе былі ўтварэнні лававага паходжання. Яны лепш за іншыя пароды паддаваліся апрацоўцы і, галоўнае, мелі меншую цеплаправоднасць. А гэта мела вялікае значэнне ў асяроддзі, дзе знешняя тэмпература ніжэйшая за мінус сто пяцьдзесят градусаў па Цэльсію.
— Ну, я пайшоў,— сказаў Чаўр. Для падарожжа па Мімасе яго і Шарлана чакала невялікая ракета.
— Я буду сачыць за прыборамі,— адказаў Рэпс.— Але ты не маўчы, трымай мяне ў курсе.
Чаўр вёў ракету, а з галавы ў яго не выходзіла, што ўсё гэта сон — зацяжны, які не можа скончыцца з таго самага дня, калі прапаў «Талнах». Раней, пачынаючы пошукі, ён быў упэўнены, што гэта здарэнне — выпадак, ад якога ніхто не гарантаваны. Але тое, што паведаміў Рэпс, прымусіла яго, нарэшце, зірнуць праўдзе ў вочы. Гэта аказалася самым цяжкім. Людзі на Зямлі даўно забыліся пра слова «злачынства», аб ім ведалі хіба толькі зацятыя аматары гістарычнай літаратуры, накшталт Шарлана. Аднак і для іх яно было толькі словам, пазбаўленым канкрэтнага сэнсу. А для самога Чаўра яно наогул не існавала. Ён не ведаў, як гэта можна зрабіць крыўду іншаму чалавеку. Гэта ж дзеля людзей ён і яго таварышы-касманаўты хадзілі ў паходы да зорак. I кожны з іх лічыў сваё жыццё раз і назаўсёды адданым людзям. I вось нехта, таксама зямлянін, пасягнуў на чалавека! Чаўр адчуў, што зараз яму куды больш цяжка, чым тады, калі забаранілі пакідаць межы Сонечнай сістэмы і калі яму здалося, што яго жыццё ўжо скончана. I, разам з тым, ён са здзіўленнем заўважыў у сабе не знаёмую дагэтуль суровасць. Да тых, хто стаў насуперак людзям. Ён адчуў, што прымае выклік і знойдзе злачынцаў, якіх бы сіл гэта ні каштавала.
VIII
— Я патрабую, каб мяне трымалі разам з экіпажам і пасажырамі!
— Давайце знаёміцца,— чалавек не звярнуў ніякай увагі на бадзяевы словы.— Мяне завуць Хуан — камандор першай пазаземнай калоніі.
— Быццам ёсць другая,— усміхнуўся Бадзяй.
— Не трэба іроніі, капітан. Я не дзеля гэтага прыйшоў.— Ён урачыста ўзняў руку.— Я прапаную вам супрацоўніцтва.