Аднойчы прысьніліся мне зноў усе свае. Мама выцягнула па мяне рукі, але да яе бегла чорнае жарабя з тварыкам мае наймалодшай сястронкі Люсі, і Люсеньку мама прытуліла й забрала з сабою… Я атрымала праз Маты Марту ліста з Польшчы ад сястры Ніны, гдзе яна пісала аб сьмерці Люсі. 22 мая 1952 года яе знайшлі нежывую са сьлядамі крыві, атручаную газам. Ніхто ня ведае, як гэта сталася, але кожны ведае, што гэта была збродня[128]
. Я мучылася, як жывёла, на гэты раз голасна ня плакала, выношвала плян. Люся была прыгожай і здольнай, працавала. Нарадзілася яна, калі мы ўжо пападрасталі, мне было 15 год. Мы крыху злаваліся, што ў мамы малое дзецятко, нейк устыдаліся, тупыя, неразумныя стварэньні… А дзецятко расло, былі вельмі пышныя хрысьціны, зьехаўся ў Жлобаўцы ўвесь наш род. Было гэта на Вялікдзень. Калі я прыехала на канікулы са школы, дык дзіцятка ляжала ціхенька, яно ніколі ня плакала. Мама ўсе ў гаспадарчых справах, а дзіця глядзелі, як сабе хацелі, служанкі. Раз нейк завалілі яе падушкамі й ледзь не задушылася малое. Я вельмі палюбіла тады яе. Перад яе нараджэньнем памёр мой маленькі брацік Юрачка, меў цудоўныя сінія вочы. Пэніцыліну тады не было, а ў яго было васпаленьне лёгкіх, і я сама апранала яго, убірала ў кветкі. Не магла мама. Я яго й да доктара вазіла, сама дзіця яшчэ, бо я ўсё магла. I вось Люсенька, Пуца, як мы яе называлі, такая яна незвычайна добрая, ласкавая й цікавая для мяне, як сама наша зямля, як паэма. Мне несказана цяжка было ў школе без яе й бяз мамы, наагул бяз Жлобаўцаў. Там кожны кусьцік размаўляў са мною. А дзіця расло, разумнела, ад мяне яно не адыходзіла. Паставілі новы дом і нам з ёю далі асобны пакойчык — найстарэйшай і наймалодшай. Мы не разлучаліся. Я ўсё шыла для яе, усё ёй маленькай аддавала. А калі ёй было шэсьць гадоў, дык абняла яна мяне за шыю аднойчы й прашаптала: «Ларачка, а я буду цябе называць мамаю, толькі паціху, бо мамачцы балела б сэрца, каб гэта ведала». Але мама ведала гэта, канаючы ў Казахстане, яна сказала аб гэтым Люсеньцы й аддала яе мне пад апеку. Я бачыла Люсю на гары Сьнежцы, што між Польшчай і Чэхамі. Мы там сустрэліся як турысты, гаварыць не маглі. Мы яе хацелі забраць у Чэхаславаччыну, гэта было ў 1947 годзе, але другая сястра Ніна не дала мне яе, баялася, што палякі яе пасадзяць, а чэхі так хацелі мне памагчы. Яны дазволілі мне пасылку ў Польшчу, і я гэтых абарваных з высылкі няшчасных хораша адзела. Мае знаёмыя ў Польшчы далі ім кватэру, працу, дапамогу, і вось нас арыштавалі, вывезьлі ў лагеры на канец сьвету, дурных сёстраў маіх спаілі, купілі, здаецца, тыя, якія спойваюць і купляюць дурных. Яны забыліся аб маёй дапамозе, аб сваім цярпеньні, аб сьмерці бацькоў і братоў, аб нашых мучэньнях і думалі толькі й толькі аб сабе самых і аб тым, аб чым ім загадалі. Яны ведаюць, што было з Люсею, заціраюць сьляды. I вось маё дзіця ў вязьніцы, мая сястронка ў зямлі — колькі ж можна й гдзе мне падзецца з такім горам нечалавечым? Я й так ледзь перажыла сьмерць бацькоў і братоў, аб чым даведалася ў адзін дзень, а пасьля разьбілі, зьняволілі нашую сям'ю, а цяпер яшчэ гэта… Божа мой, калі ж канец…А мяне зноў цягаюць. На гэты раз зноў нейкі яўрэй, нейкі важны начальнік, відно. Угаворвае падобраму напісаць памілаваньне ці жалабу, каб нарэшце пусьцілі мяне. «Сколько можно порядочным людям сидеть?» — крычыць мне, што пусьцяць нас у Чэхаславакію ці сюды, толькі каб я напісала, ён хоча ведаць, што ўгаварыў мяне. Не, не і яшчэ раз не! Я ні за што сядзела, і няхай у мяне просяць, каб даравала! Плачу і ўцякаю. Праз увесь лагер няма ў мяне просьбаў да іх! Мяне ня мелі права судзіць, і яны гэта ведаюць і няхай дадуць мяне туды, скуль узялі! Што тут робіцца, чаго яны хочуць? Шкадаваць яны нікога не шкадуюць, і гэта я ведаю, яны хочуць мяне абмануць, знача, хочуць мяне тут пакінуць, выпусьціць на маю просьбу, ага, так яно выглядае… Трэба рабіць так, каб адвезьлі ў Эўропу, там сын, людзі болей чалавечыя й няма Комі. Ах, якія ж шчасьлівыя немкі і ўсе, каму ўдалося вырвацца згэтуль. Сталіна няма, але яны тут родзяцца, як грыбы, і хто ведае, ці зноў з якога духоўнага семінарыста ня вылупіцца падобны чорт? Не, не, толькі ўпарта старацца, каб як далей згэтуль! Мы, беларусы, сэнтымэнтальныя скрыпкі, раскісаем без Радзімы й ляцімо да яе на загубу. Нас можна так вылушчыць да апошняга, ап'яненых любоўю да сёлаў! Трэба жыць розумам, а сьвятасьць пачуцьцяў захаваць аж на дно душы. Тут галоўнае быць і застацца чалавекам, пасьля ўжо быць сацыялістам, пралетарам ці кім хто хоча, але чалавекам трэба быць перад усім, а тут нельга!