Тым часам да нас прывезьлі немак з Варкуты. Мелі яны ўжо свае пасылкі, лісты з дому, адзеньне. Іх пасялілі ў асобных бараках, было іх шмат. Леглі яны цяжарам на наш ОЛП. Як іх ні прасілі, яны не' хацелі нам нічым памагчы, былі няветлівыя, такая «пануючая нацыя». Яны разумелі, што бабкам цяжка цягаць усё на іх, мыць, варыць, карміць і чысьціць, але што ім да зьнясіленых старэнькіх украінак? Яны адчувалі сябе нечым вышэйшым за нас, і на гэта было прыкра глядзець. Сытуацыя была такая, што трэба было нам ратавацца ўзаемна. Дабраты ў гэтых фрау не было, як і ў нашага начальства. Толькі нейкае дзяўчо прыходзіла часам падзяжурыць ноччу ля нашых хворых. Казала, што на Варкуце выпальвала ў печах цэглу. Тым часам прыйшоў раз ліст ад мужа, і там была картка ад мае сястры, гдзе яна пісала, што Юра ў той жа школе, што й Ларыса… Ясьней яснага, я так і абмякла, але мой муж гэтага не прыкмеціў і думаў, што Юра сапраўды вучыцца… Я абмярцьвела, але ня плакала, а толькі думала: як жа, як ратаваць маё дзіця… Ад'яжджалі немкі, прыйшоў разьвітацца Штэер, ён быў узрушаны, і відно было, што харошы ён чалавек. Я яго прасіла нейк даведацца, што з маім сынам, весткі, аднак, ад яго не было. Часта ў гутарцы ён успамінаў мінулае й казаў, што немцы мусяюць рэабілітавацца перад людзкасьцю за тое, што натварылі вайною, што цьвёрда цяпер мусяюць стаць на дарогу гуманнасьці.
А з КВЧ мне не давалі спакою, усё ім трэба было нешта напісаць. У Інце на нейкае пушкінскае сьвята прасілі мяне аб гэтым таксама, але ў насьценнай газэце надрукавалі мой верш бяз прозьвішча. Усё ж прыходзілі жанчыны й дзякавалі за яго, пяро мае пазнавалі. Тут друкавалі мяне й нават давалі тэмы, але яны ў мяне ніколі не атрымоўваліся.
I тут стварылася ў нас свая сямейка. Былі Оля Стаўбцова, добрая вельмі дзяўчына з Капыля, Люся Краснадубская, мілае дзяўчо, Лёдзя Кавальчык, якая закончвала срок, і трэба было аб ёй думаць, і інш. Ладзілі мы разам куцьцю нашу й зноў мой дзень нарадзінаў. У мяне было з Інты крыху грошай, хоць на цукеркі для іх. Ледзю я завочна пазнаёміла з Кастусём Шышэям, ён і ажаніўся з бю. А пакуль да гэтага дайшло, яна працавала электрыкам у Абезі, як вольная. Была маладзенькай, прыгожай, сядзела за арганізацыю «Чайка», пасадзілі малую ў 16 год. I так дзяжурачы ў Абезі як электрык, апаясвала сваю канурку дротам з высокім напружаньнем, каб ніхто ня сьмеў да яе прыблізіцца, бо аматараў танных пачуцьцяў хапала. Так дачакалася яна сваяго Кастуся, якога яшчэ перавыхоўвала на свой лад, як казалі. Людзкае дзяўчо! Наймілейшай была сустрэча й дружба там з Маты Іосіфай Вітэр, супрацоўніцай мітрапаліта Шаптыцкага, — таксама як Маты Марта — ігуменьняй. Была гэта такая цікавая жанчына, такая шматгранная ў сваіх зацікаўленьнях, што мне стала лягчэй жыць. Іх прывезьлі з Нарыльску, гэта былі катаржанкі. Маты Іосіфа мела тубэркулёз — у час сьледства яна сядзела тры месяцы па калені ў вадзе. Яна, напэўна, ужо сама аб сабе не пісала, а было што. Мой муж казаў, што такой прыгожай і разумнай жанчыны ў жыцьці ня бачыў, не сустракаў. Але я тут крыху памылілася, Маты Іосіфу я сустрэла не ў Абезі, а ў Мардоўскай АССР, годам пазьней, тут былі іншыя сёстры-ўкраінкі — прачысты ідэйны народ.