Читаем Споведзь полностью

Яшчэ ў адной штрафной зоне пазьней паклікаў мяне канваір да вышкі й сказаў, што гэтая малая зона — нашая праверка, каго пусьцяць, каго навечна засадзяць, што ён знае — хто я, і хоча, каб я была хітрай. Гэта быў малады літовец. Калі мяне адвозілі ў Абезь, тое самае казала мне Марыя-беларуска, яна была блізка ля начальства, радзіла хоць крыху пісаць, іначай загубяць… Але доўга мне не давялося там папрацаваць. Рана нейк прыслалі па мяне ў КВЧ (Культурно-воспитательная часть), я не пайшла, па мяне зьявіліся зноў, каб я там працавала. Я ні за што не хацела. Перад гэтым я са злосьці пайшла да начальніка, хоць ведала, што ён быў паганы чалавек, і папыталася яго, чаго ад мяне тая вольная сястра хацела? Няўжо яны забралі мяне стуль за рэшту малака бабцы? Што яны сабе думаюць і чаго хочуць? Я была грубай. Ён сказаў мне толькі, што тут тое малако ні пры чым, другая справа… Ну, мне было ясна й толькі прыкра, што Кэтты стукала, што рабіла гэта пані Ніка — ня дзіва… Было жаль Олі й Штэера. Вось і ўчапіліся да мяне, і я мусяла йсьці туды рабіць нейкія цацкі на ёлку ў пасёлак, рыхтаваць касьцюмы для канцэртаў. Працавалі там ужо пані Ядзя, старэнькая нейкая супрацоўніца Пiлсудскага, мілыя латышкі, украінкі. Было цікава. А доктар пераказваў, каб нейк непрыкметна забегла. Было важна, ён вычытаў у газэце, што ААН нешта пастанавіла пазытыўнае для нас, зьняволеных тут чужынцаў, і што нас, напэўна, пусьцяць, ён спадзяваўся. Другі раз ён мяне клікаў, бо рыхтавалі этап, баяўся, каб мяне гдзе не заперлі на канец сьвету. Радзіў ісьці куды хоць санітаркай, бо з больніц ня будуць браць. Я паслухала яго рады, але мяне ня ўзялі санітаркай, лепш, сказалі, сястрой-гаспадыняй. Так я перайшла ў корпус. Этап ехаў у Караганду, адвозілі Олю Мароз і шмат, шмат дарагіх дзяўчат. Ад мяне не адчапіліся тыя з КВЧ, я ім мусяла пісаць частушкі і іншыя рэчы. Хацелі вершаў, але мне было не да іх. Корпус быў велькі, усе паехалі на этап, толькі засталіся хронікі ў нашым корпусе. Усяго абслугі — я й адна санітарка, а колькі людзей! Лекарка нейкая руская, баптыстка, між іншым. Вельмі нам добра з ею працавалася, але работы было. Адной вады навазіць колькі. Але калі мелася быць нейкая камісія, дык мае хворыя ажывалі, яны спаўзалі з нараў і памагалі мне, хто што мог. I тут было па-сямейнаму й вельмі чыста. Розныя нацыі, розныя людзі й «класы», але адно гора, якое нас аб'яднала. У стацыянары многа хворых са сьледства, то ныркі адбітыя, то бакі, то косьці, то голавы. Ёсьць даволі сымулянтаў, якія маюць пасылкі й так кантуюцца, і мы іх абслугоўваем. У корпусе ўборная, але такія пісяюць у баначку, і сястра-хазяйка, бо санітарка адна, мусяе зьбіраць гэта, выносіць па іх, мыць, тады, калі ляжаць ледзь жывыя манашанькі, у іх васпаленьне лёгкіх найчасьцей, яны паміраюць. Тут іх каля 200 чалавек, у іх свой барак, і жывуць яны па-свояму, моляцца, посьцяць. На раздачы я ім асобна давала ежу, яны нясьлі яе ў свой барак. Мяса, якога яны ня бралі, мне загадалі даваць такім ці іншым брыгадам. Галя-малдаванка вельмі дзівілася, што я ня з імі. Не, я не пайшла да іх, акрамя малітвы трэба ж было яшчэ нешта думаць. Таксама яны білі радыё, як на Інце, зрывалі неймаверныя лозунгі, як: «Доблестный труд — путь к освобождению», так жа старажылі іх, так жа яны мерзьлі па ўборных зімою ў латаных-пералатаных сваіх лахманах з волі. Шэрыя верабейчыкі са стойкасьцю волатаў. Вось цяпер яны ў мяне ляжалі. Прынясуць такі мяшэчак касьцей, і яно ні за што ня ляжа на казённае. Добра, што Маты Марта прыслала падушачку й навалачкі, дык нацягну навалачку сваю й так падману крыху, каб толькі нейк улажыць.

Глядзіць гэта прасьветленымі вачыма ў душу, бачыць мой боль, а можа, і маё махлярства, і маўчыць сьцішана. Не вылечвалі такіх, яны, як сьвечачкі, гасьлі ў мяне на руках. Прыходзілі манашанькі, маліліся над імі, мы выносілі лёганькі трупік у скрынцы, які адсылалі на ўскрыцьце. Усе «па-навучнаму»… Яшчэ ляжала такая старэнькая ў Штэера са мной у адной палаце, быў у яе рак кішок. Кроў давала адна літоўка, у якой былі добрыя пасылкі, але старушка на гэта не згадзілася, бо не хацела сваю праваслаўную кроў мяшаць з літоўскай. Як мы яе ні ўгаворвалі, яна ўсё цьвярдзіла, што хацела б толькі маю кроў. Штэер сьмяяўся, але не згадзіўся, бо надта было ў мяне мала гэмаглабіну.

Перейти на страницу:

Похожие книги

100 великих казаков
100 великих казаков

Книга военного историка и писателя А. В. Шишова повествует о жизни и деяниях ста великих казаков, наиболее выдающихся представителей казачества за всю историю нашего Отечества — от легендарного Ильи Муромца до писателя Михаила Шолохова. Казачество — уникальное военно-служилое сословие, внёсшее огромный вклад в становление Московской Руси и Российской империи. Это сообщество вольных людей, создававшееся столетиями, выдвинуло из своей среды прославленных землепроходцев и военачальников, бунтарей и иерархов православной церкви, исследователей и писателей. Впечатляет даже перечень казачьих войск и формирований: донское и запорожское, яицкое (уральское) и терское, украинское реестровое и кавказское линейное, волжское и астраханское, черноморское и бугское, оренбургское и кубанское, сибирское и якутское, забайкальское и амурское, семиреченское и уссурийское…

Алексей Васильевич Шишов

Биографии и Мемуары / Энциклопедии / Документальное / Словари и Энциклопедии